Мяркуючы па ўсім, выканаўца тэракта прывёў выбуховую прыладу ў дзеянне ў момант, калі машыну каля вёскі Піянерскае, што каля Ніжняга Ноўгарада, на нейкі час пакінула дачка Прылепіна, якая ехала з ім усю дарогу.
Узарвалі аўтамабіль з расійскім прапагандыстам і дэпутатам Дзяржаўнай думы Захарам Прылепіным.
Раскошны Audi Q7 нямецкай вытворчасці выбухнуў па дарозе з Масквы ў Ніжні Ноўгарад. Мяркуецца, што спрацавала выбуховае прыстасаванне пад днішчам машыны.
Прылепін вяртаўся з тэрыторыі акупаванай Данецкай вобласці Украіны, сцвярджае крыніца расійскага выдання РБК. Сёння ён перасек прапускны пункт на мяжы Расіі і акупаваных тэрыторый.
Мяркуючы па ўсім, выканаўца тэракта прывёў выбуховую прыладу ў дзеянне ў момант, калі машыну каля вёскі Піянерскае на нейкі час пакінула дачка Прылепіна, што ехала з ім усю дарогу.
Праўда, пасля з'явілася і іншая версія, паводле якой машына Прылепіна падарвалася на супрацьтанкавай міне, закладзенай у грунт. Паводле следчых, арганізатары заклалі дзве міны, адна з якіх спрацавала пад машынай, калі яна праязджала ў тым месцы.
Прылепін цяжка паранены, паведамляюць расійскія СМІ. Яго ахоўнік, які таксама актыўнічаў у прапагандысцкіх рэсурсах пад псеўданімам «Злы», загінуў.
Захар Прылепін — адна з самых адыёзных фігур расійскай прапаганды. Ëн меў доступ да расійскіх тэлеканалаў — знак асаблівага даверу Крамля, выступаў з радыкальных пазіцый, падтрымліваў ідэю ліквідацыі ўкраінскай і беларускай нацый, захоп краін Балтыі і апяваў імперыялістычную вайну.
У 2014—2018 гадах Прылепін ваяваў у складзе расійскіх сіл ва ўтворанай імі марыянетачнай «ДНР», з 2017 па 2018 гады выконваў абавязкі намесніка камандзіра батальёна спецназа па працы з асабовым складам.
У канцы студзеня 2023 года ён публічна падпісаў кантракт з Расгвардыяй і з'ехаў ваяваць ва Украіну, з якой, аднак, часта вяртаўся. На яго працягваў працаваць агромны штат абслугі: ад ахоўніка да прэс-сакратаркі.
«Прапагандыст Захар Прылепін доўга распальваў полымя гэтай вайны. Цяпер полымя кранула і самога Прылепіна ў самым нечаканым для яго месцы», — так адкаментаваў падрыў аўто былы расійскі палітвязень Раман Папкоў.
Адказнасць за замах на Захара Прылепіна ўзяў на сябе партызанскі рух «Атэш», створаны ўкраінцамі і крымскімі татарамі і які дзейнічаў пераважна на акупаваных тэрыторыях Украіны. «Атэш» па-крымскататарску азначае «агонь».
Раней у выніку тэрактаў былі ліквідаваныя два іншыя прапагандысты, якія былі падпальшчыкамі вайны: Уладлен Татарскі і Дар'я Дугіна.
«Права на экспансію — гэта наша гістарычная традыцыя. Таму Данбас — гэта частка рускага свету», — заявіў Прылепін у апошнім выпуску сваёй праграмы «Уроки русского» на пуцінскім тэлеканале НТВ.
Раней Прылепін заяўляў:
«Уся Украіна павінна ўвайсці ў склад Расіі».
«Я кіраваў баявым падраздзяленнем, якое забівала людзей. У вялікай колькасці. Усё, што мы рабілі, — гэта галімае беззаконне, што мы вытваралі».
«Я не адчуваю ніякіх згрызот сумлення з нагоды ўсяго таго, што адбываецца. Так склалася, і трэба разграбаць гэта зараз да канца».
«Я назваў Пуціна імператарам з крымскай гісторыі і называю яго так па гэты дзень».
Каментары