На пачатку года Кітай адмовіў ПВК «Вагнер» у пастаўках зброі для вайны ва Украіне, піша Financial Times са спасылкай на злітыя ў інтэрнэт дакументы Пентагона. А вось звароты ў Беларусь і Сірыю былі нібыта больш паспяховыя.
Выданне мяркуе, што непасрэдны запыт ПВК «Вагнер» да Кітая сведчыць пра тое, што ў кіраўніка групоўкі Яўгена Прыгожына была ўпэўненасць у гатоўнасці Пекіна дапамагаць Расіі зброяй. Аднак, паводле справаздачы, па стане на пачатак студзеня Кітай не перадаваў вагнераўцам ніякай зброі і ў цэлым не абмяркоўваў з гэтай вайсковай групоўкай такія пытанні.
У той жа справаздачы, на якую спасылаецца Financial Times, гаворыцца пра больш паспяховыя запыты зброі ў Сірыі і Беларусі.
У прыватнасці, сцвярджаецца, што да пачатку студзеня Беларусь ужо паставіла палову ад раней абяцаных аб'ёмаў непазначаных відаў зброі і нават прапанавала «вагнераўцам» пастаўку яшчэ 300 тысяч стрэлаў для гранатамёта ВОГ-17.
Па Сірыі ж вядомыя маштабы паставак зусім неістотныя — шэсць гранатамётаў СПГ— 9 і 180 гранат, якія былі адпраўленыя ў нявызначаны час.
Акрамя таго, дакумент сцвярджае, што структуры Прыгожына спрабавалі закупіць зброю ў Турцыі. У прыватнасці, іх цікавілі беспілотнікі, сістэмы радыёэлектроннай барацьбы, контрбатарэйныя сістэмы і гаўбічная артылерыя. Вядома, што як мінімум па гаўбіцах, контрбатарэйных сістэмах і сродках барацьбы з дронамі «вагнераўцы» атрымалі адмову.
У іншай справаздачы гаворыцца, што прэзідэнт афрыканскай краіны Малі нібыта пацвердзіў, што яго краіна можа купляць у Турцыі зброю для падраздзяленняў «Вагнера», якія там дзейнічаюць.
У лютым Яўген Прыгожын вынес на публіку праблему вострага недахопу снарадаў у расійскім войску. Ён скардзіўся на тое, што Мінабароны РФ выдае «вагнераўцам» занадта мала боепрыпасаў, аднак там адказалі, што наймітам даюць столькі, колькі і ўсім астатнім.
Каментары