«Прызнання мала. Павінна быць пакаранне». Два былыя вагнераўцы расказалі на камеру пра свае злачынствы
Праект Gulagu.net апублікаваў паказанні двух былых расійскіх зняволеных Азамата Улдарава і Аляксея Савічава, якія ваявалі ва Украіне ў складзе групоўкі «Вагнер». І Улдараў, і Савічаў былі памілаваныя ўказам прэзідэнта Расіі. У «Вагнеры» яны займалі камандныя пасады.
Савічаў, які, паводле яго слоў, правёў у месцах пазбаўлення волі 30 гадоў, у прыватнасці, расказаў, што пры ім былі расстраляныя каля 70 былых зняволеных, якія адмаўляліся выконваць загады. Акрамя таго, ён
прызнаўся, што ў студзені 2023 года на тэрыторыі Бахмута на загад вышэйстаячых камандзіраў кінуў 30 гранат Ф-1 у яму, запоўненую забітымі і параненымі ўкраінцамі і расіянамі, а затым заліў парэшткі прыкладна 60 чалавек бензінам і падпаліў, каб знішчыць целы.
Савічаў таксама падрабязна расказаў на камеру пра забойства 10 падлеткаў і больш чым 20 бяззбройных украінцаў па распараджэнні камандзіраў, а таксама загадзе «зачысціць жылы дом» і забіць усіх, хто знаходзіўся ў ім.
Улдараў, у сваю чаргу, заявіў, што па загадзе забіваў дзяцей у Салядары і Бахмуце. Па словах былога зняволенага, а пасля вагнераўца, «давалі каманду зачысціць і знішчыць усіх» — мужчын, жанчын, пажылых людзей і дзяцей.
Ён расказаў, як забіў дзяўчынку ў Салядары. «Ёй пяць—шэсць гадоў, а я стрэліў, ты разумееш, кантрольны», — расказаў ён.
Абодва найміты паведамілі пра шматлікія страты групоўкі Вагнера, а Улдараў заявіў, што быў сведкам таго, як сваякам загінулых вагнераўцаў выдаюць пустыя цынкавыя труны для пахавання, у тым ліку ў Растоўскай вобласці. І Улдараў, і Савічаў сцвярджаюць, што камандаванне «Вагнера» пагражае наймітам «абнуленнем», гэта значыць, забойствам, за размовы з журналістамі і раскрыццё якой-небудзь інфармацыі аб тым, што адбывалася ў зоне баявых дзеянняў.
Адказваючы на навадныя пытанні журналіста, абодва таксама заявілі, што ўпэўненыя ў тым, што заснавальнік ПВК Яўген Прыгожын выконвае распараджэнні Уладзіміра Пуціна, і расследаваць злачынствы, учыненыя ў зоне баявых дзеянняў, у Расіі не будуць.
Цалкам відэасведчанні Азамата Улдарова і Аляксея Савічава можна паглядзець тут. Праўда, пацвярджэння іх словам з іншых крыніц пакуль што няма.
Офіс генпракурора Украіны распачаў праверку інфармацыі, распаўсюджанай у відэа. Публікацыю таксама пракаментаваў кіраўнік офіса прэзідэнта Украіны Андрэй Ярмак. «Аднаго прызнання мала. Павінна быць пакаранне. Жорсткае і справядлівае. І яно абавязкова будзе», — заявіў ён.
Каментары