17 красавіка на 76-м годзе жыцця памёр былы рэктар Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны Міхаіл Селькін, паведаміла прэс-служба ВНУ.
Міхаіл Селькін нарадзіўся 30 жніўня 1947 года ў горадзе Ветка Гомельскай вобласці. У 1965 годзе скончыў школу з залатым медалём і паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Гомельскага дзяржаўнага педінстытута імя Чкалава (цяпер ГДУ імя Францыска Скарыны).
Працаваў старшым выкладчыкам і дацэнтам кафедры алгебры і геаметрыі, намеснікам дэкана і дэканам матэматычнага факультэта, першым прарэктарам, прарэктарам па вучэбнай рабоце. Абараніў доктарскую дысертацыю па фізіка-матэматычных навуках.
У 1999—2004 годзе быў рэктарам універсітэта, пасля — прафесарам кафедры вышэйшай матэматыкі (цяпер кафедра фундаментальнай і прыкладной матэматыкі).
Каментары