З'явіўся першы ў свеце «разумны» пісталет, які ніколі не стрэліць у чужых руках
І ён не прызначаны для вайскоўцаў.
Амерыканская кампанія Biofire вынайшла і выпусціла ў камерцыйнае карыстанне першы ў свеце «разумны» пісталет, які не спрацуе ў руках чужога чалавека. Аб гэтым кампанія 14 красавіка паведаміла на сваім афіцыйным сайце.
Пісталет пад назвай Biofire Smart Gun валодае падвойнай сістэмай абароны доступу: сканер адбіткаў пальцаў і 3-D інфрачырвоны датчык распазнання твару. Калі карыстальнік не пройдзе верыфікацыю (якая адбываецца імгненна), то зброя не будзе страляць.
У той жа час пісталет будзе імгненна апазнаваць свайго ўладальніка, нават калі ён будзе ў пальчатках, масцы ці ў цемры (ці ўсё адразу).
«Рэвалюцыйная біяметрычная сістэма Guardian ад Biofire разблакуе ваш Smart Gun у любой сітуацыі. Нашы сістэмы ідэнтыфікацыі па адбітках пальцаў і 3D-інфрачырвонае распазнаванне твараў незалежна правяраюць вашы біяметрычныя даныя, каб ваша агнястрэльная зброя заўсёды магла вас пазнаць, нават калі вы надзелі пальчаткі, або маску, або ўвогуле знаходзіцеся ў поўнай цемры», — заяўляе кампанія Biofire.
І як згадвалася раней, гэтым пісталетам не зможа скарыстацца старонні, бо зброя пры страце фізічнага кантакту з уладальнікам адразу ж блакуецца. Гэта, як адзначае кампанія, дазволіць пазбегнуць няшчасных выпадкаў, калі вашы сябры ці дзеці захочуць таемна пагуляць з пісталетам, альбо калі, напрыклад, злачынец пры нападзе адбярэ яго ў вас.
Пры гэтым зброяй можна дазволіць карыстацца іншым давераным людзям, калі ўнесці іх у спіс карыстальнікаў.
«Мы распрацавалі Biofire Smart Gun, каб вам ніколі не прыходзілася выбіраць паміж бяспечным захоўваннем і імгненным доступам. Зарэгіструйце некалькіх карыстальнікаў, персаналізуйце свае налады і захоўвайце іх пад рукой. Ваш разумны пісталет будзе страляць толькі ў руках выбраных вамі людзей, таму зброя ніколі не стане прычынай трагічнага выпадку ў руках дзіцяці, злачынца ці каго-небудзь яшчэ», — адзначае Biofire.
Biofire Smart Gun выкарыстоўвае патроны 9 мм і даступны ў версіях для левай і правай рукі. Пісталет не прызначаны для кастамізацыі і дадавання навесаў, але ў ім ужо ёсць убудаваныя лазерны прыцэл і падсветка (падрабязныя характарыстыкі «разумнай» зброі можна даведацца тут).
Акрамя таго, ён ідзе ў камплекце са спецыяльным кампактным футаралам, які з'яўляецца адначасова і станцыяй для падзарадкі (сама батарэя трымае зарад месяцамі) і сістэмай уводу наладак (там можна ўключыць у спіс карыстальнікаў сябе і, па жаданні, іншых людзей).
Пісталет ад Biofire не прызначаны для вайскоўцаў, ён ствараўся выключна для патрэб звычайных грамадзян і іх самаабароны. Распрацоўваецца і прадаецца гэтая зброя толькі ў ЗША. Яе кошт складае 1499 даляраў (ці амаль 3,8 тысячы рублёў).
Каментары