Мінкульт не дазволіў пракат чарговага беларускага фільма. На гэты раз чыноўнікам не дагадзіў псіхалагічны трылер «Дзіўны дом», паведамляе «Еўрарадыё». Яго аўтары — прадзюсар Аляксей Ліпаў (уладальнік кампаніі Filmwagen) і кліпмэйкер і рэжысёр Максім Максімаў.
Карціна мусіла выйсці 13 красавіка, але прэм'еру адмянілі. Па словах рэжысёра, фільм адправілі на дадатковую праверку, з чым яна звязаная — невядома. 6 красавіка «Дзіўны дом» выйшаў у расійскі пракат.
Стужка распавядае пра сямейную пару, якая адпраўляецца на адпачынак пасля лячэння жонкі ад псіхічнай хваробы. Кожную раніцу маладая жанчына, прачынаючыся, разумее, што дом перамясціўся ў іншае месца. Муж спрабуе супакоіць жонку, але яе «вар'яцтва» абвастраецца, пакуль яна не выяўляе сапраўдныя прычыны таго, што адбываецца.
Аляксей Ліпаў і Максім Максімаў вядомыя праектам «Забароненая зона» рэжысёра Мітрыя Сямёнава-Алейнікава.
Каментары