Грамадства2727

Вядомы дызайнерскі брэнд перапрадаваў рэчы з H&M? Скандал у беларускай модзе

У беларускай модзе разгарэўся скандал. Адзін з саўладальнікаў брэнда 10 motifs, вядомага чырвонымі сэрцамі на адзенні, заявіў, што брэнд выдаваў рэчы з мас-маркета за свае. Дадаваў вышыўку і свой лагатып і выстаўляў па цэнах, большых у некалькі разоў. Але гісторыя аказалася складанейшай.

Рэчы брэнда 10 motifs, адны з тых, якія абвінавачваюцца ў «запазычанасці» з мас-маркета. Фота: інстаграм брэнда

Што здарылася? У канцы лютага саўладальнік брэнда Павел Філіповіч выклаў пост, у якім абвінаваціў Аляксандру Жук, заснавальніцу маркі і другога саўладальніка, у падмане. А менавіта ў тым, што яна купляла рэчы ў H&M, Reserved ды іншых вядомых марках і пасля невялікага апдэйту прадавала як дызайнерскія. 

Мы пагаварылі з абодвума бакамі канфлікту, каб атрымаць поўную карціну таго, што адбываецца.

Гэты артыкул планаваўся іншым — першапачаткова мы хацелі абгаварыць з саўладальнікамі брэнда адрозненні паміж «дызайнерскімі» і «запазычанымі» рэчамі. Аднак падчас гутаркі стала відавочна, што абмежавацца толькі гэтай тэмай не ўдасца. Канфлікт, які, здавалася, быў звязаны толькі з бізнэсам, аказаўся больш глыбокім і заблытаным. Так, падчас нашай гутаркі, былі ўзнятыя пытанні псіхалагічнага гвалту, грошай і ўзаемнай крыўды.

Аляксандра: «Я доўга не наважвалася паставіць кропку ў аб'юзіўных адносінах і заплаціла за гэта рэпутацыяй брэнда»

«Наша Ніва»: Да нашага інтэрв'ю вы неаднаразова адмаўляліся размаўляць з прэсай на тэму канфлікту, які адбываецца ў 10 motifs. Чаму цяпер вы пагадзіліся на размову?

Аляксандра Жук: Ведаеце, мне здаецца, што чытаць артыкулы пра аб'юз і хатні гвалт і самой стаць галоўнай гераіняй такога артыкула — вельмі розныя рэчы. Мне спатрэбілася шмат часу, каб набрацца смеласці і расказаць пра нашы з Паўлам адносіны. Зараз я адчуваю сорам і страх. Нас жа так вучылі: што выносіць смецце з хаты дрэнна, што, калі ты была ў адносінах з агрэсарам, то ў любым выпадку сама вінаватая — сама ў гэта ўліпла, сама не магла пайсці.

Але я зразумела, што мая гісторыя можа быць карыснай: можа, дзякуючы ёй, нехта выйдзе з аб'юзіўных адносін з меншымі стратамі. Я, напрыклад, доўга не наважвалася паставіць кропку і заплаціла за гэта рэпутацыяй свайго брэнда.

«НН»: Калі ў гісторыі 10 motifs з’явіўся Павел?

АЖ: Мы пазнаёміліся на хвалі тых падзей [у 2020-м] — Павел быў валанцёрам. Неяк пад сценамі турмы я чакала сябра, якога павінны былі выпусціць, і Павел выпадкова апынуўся побач. Мы пачалі размаўляць.

У снежні мяне затрымліваюць, ён сустракае пасля сутак і проста ахінае ўсім сваім клопатам і ўвагай. Завязваюцца адносіны, але першапачаткова я не разглядала іх як нешта сур'ёзнае, бо яшчэ да арышту стала зразумела, што ў хуткім часе мне давядзецца пакiнуць краiну. Мусіць, таму мы так хутка з'ехаліся: ад знаёмства да яго пераезду да мяне мінула 2—3 тыдні.

У выніку я адлятаю на Новы год з думкамі аб далейшай эміграцыі. Ён застаецца ў маёй мінскай кватэры. На той момант ён быў без працы, а мне была патрэбна дапамога па брэндзе — уся вышыўка зроблена мной уручную, таму чыста фізічна было складана займацца гэтым і яшчэ паралельна весці інстаграм. Я кажу: «Слухай, было б крута, калі б ты змог адказваць у дырэкце». Так ён пачаў дапамагаць афармляць замовы. Неўзабаве я ўбачыла, што Паша выдатна з гэтым спраўляецца і прапанавала працаваць разам.

«НН»: Як складалася ваша супрацоўніцтва ў Літве?

АЖ: Пасля пераезду ён падзарабляў на будоўлі, а я шукала магчымасці, каб запусціць брэнд тут: глядзела, дзе можна развесіцца, сустракалася з кліентамі. Справа пайшла. Я сказала: «Трэба, напэўна, адчыняць кампанію. Тым больш, мая сяброўка можа дапамагчы з афармленнем». Так у брэнда з'явілася юрасоба, цалкам аформленая на мяне.

У першыя часы продаж ішоў праз іншыя крамы, але Паша — дасведчаны прадавец. Ён палічыў, што гэта нявыгадна і лепш адкрываць свой шоўрум.

Я згаджаюся і запускаемся ўжо тут (у Вільні. — «НН»). Яго ўдзелу становіцца больш: на ім — продаж, фармаванне цаны і іншыя камерцыйныя пытанні, на мне — адзенне і здымкі.

«НН»: Збоку здаецца, што ў вас склаўся паспяховы тандэм. Што насамрэч адбывалася ў вашых асабістых адносінах?

АЖ: З моманту, калі мы вырашылі адкрываць шоўрум, рэгулярна пачынаюць адбывацца дзіўныя рэчы. «Першыя званочкі», праўда, пачаліся яшчэ ў Мінску. Ён мог раззлавацца, мог проста сарвацца, накрычаць па нейкай дробязі. Першая сварка здарылася ў мяне дома: ён нешта гатаваў на кухні, і я папрасіла памыць пасля сябе пліту. Ён жорстка накрычаў. Я ў той момант толькі выйшла з турмы і дрэнна разумела, што ўвогуле адбываецца. 

Паступова ён пачаў абмяжоўваць мае кантакты з сябрамі. Прыдумваў усялякія небыліцы: казаў, што яны распускаюць плёткі за маёй спінай. Калі я хацела ісці гуляць, а ён застацца дома, то, каб пазбегнуць чарговага скандалу, мне таксама даводзілася заставацца. Я не заўважыла, як аказалася ў ізаляцыі. З блізкімі сябрамі ў той момант ужо не размаўляла — многія не вытрымлівалі яго прэсінгу і маіх пытанняў кшталту «А ты праўда такое пра мяне казала?». Канфлікты ўзнікалі ўвесь час.

Два гады спатрэбілася, каб да мяне дайшло, навошта ён усё гэта рабіў.

«Чытанне маіх асабістых паведамленняў для яго было нормай»

«НН»: У сваіх сторыз, звязаных з вашым канфліктам, Павел перыядычна згадвае сваю жонку. Якую ролю яна грае ва ўсім гэтым?

АЖ: Гэта выдатная гісторыя. Неяк да мяне на дзень нараджэння прыходзіць жанчына і кажа: «Вітаю, Саша. Мы з дзецьмі даўно чакаем Пашу. Скажы, калі наш тата прыедзе дадому». Я была ў шоку. Калі ён пераехаў да мяне ў Мінск, то казаў, што жанаты, але плануе разводзіцца, і я была ўпэўнена, што да моманту пераезду ў Вільню ён быў ужо разведзены. Больш за тое, ён казаў, што ў яго адно дзіця — мы нават навагодні падарунак яму разам куплялі.

Аказалася, што дзяцей двое, а разводам і не пахне. Тая заява з ЗАГСа, якую ён мне паказваў, была проста запампаваная з інтэрнэту.

Да апошняга ён спрабаваў адхлусiцца. У той момант я не сышла, хоць і разумела, што гэта жахлівая і дурная сітуацыя, але дзякуючы гэтай гісторыі я зразумела, што мне патрэбна дапамога, і звярнулася да псіхолага.

Ведаю, што зараз яны з жонкай маюць зносіны, але не ў курсе нюансаў іх адносін.

«НН»: Як развіваліся падзеі далей?

АЖ: Павел хутка сцяміў, што я і брэнд — адзіныя яго рэсурсы і пачаў пазбаўляць мяне кіслароду. Ён зрываўся, я сыходзіла з дому да сябровак. Пасля гэтага ён вельмі пераканаўча прасіў прабачэння, я вярталася — і ўсё пачыналася зноўку.

Нашы адносіны адбіваліся на працы. Павел папросту мог сказаць «Я адыходжу» і не з'яўляцца ў шоўруме тыдзень. 

Пасля паўгода сесій з псіхолагам я зразумела, што гэтыя адносіны патрэбна заканчваць, але ўсе прыбыткі брэнда да таго моманту ўжо цалкам кантраляваліся ім. Нам абаім прыходзіў заробак, але зняць нейкую вялікую суму, каб пераехаць у адзін дзень, я не магла.

Спачатку я знайшла невялікую студыю. У кватэры, у якой мы на той момант жылі разам, было 90% маіх рэчаў і 10% — яго. Таму я прапанавала пераехаць яму. Павел адмовіўся, спаслаўшыся на тое, што хутка ён сустрэне жанчыну і ім там будзе цесна.

Я працягнула таемна збіраць на свой пераезд. Тым часам градус скандалаў рос: ён мог запусціць у мяне вазай ці са злосці прыціснуць мяне да сцяны за горла. У такі момант вельмі моцна палохаешся. Чытанне маіх асабістых паведамленняў для яго было нормай. Часам у дні, калі мы сварыліся, ён не даваў мне спаць да 5—6 раніцы. 

Цяпер, пракручваючы ўсё назад, я разумею, што трэба было бегчы. Але агрэсары могуць быць вельмі пераканаўчымі, калі ім гэта патрэбна. Ён казаў, што кахае, прасіў прабачэння і нават знайшоў нам сямейнага псіхолага. Праўда, Паўла хапіла толькі на адзін сеанс.

Пасля ён пачаў пагражаць, што заблакуе доступ да рахунку. Раніцай павінна быць здымка, а ён гаворыць, што яе не будзе — я проста не змагу зняць грошы, каб яе аплаціць. Усё, што было завязана на яго нумар, цяпер заблакавана: працоўная пошта і нават гугл-пункт. Ён паставіў, што шоўрум зачынены, і я нічога не магу з гэтым зрабіць. Таксама заблакаваны сайт — хостынг прывязаны да яго тэлефона.

«НН»: Чаму вы не выклікалі паліцыю?

АЖ: Пра гэта цяжка казаць. Ён мяне не біў і ніякіх калецтваў не наносіў. Я баялася, што выклічу іх, яны Паўла не забяруць, а мне давядзецца застацца з ім у адной кватэры. Цяпер адбываецца падобная рэч: паліцыя не бачыць пагрозы ў ягоных пераследах, таму нічога не робіць.

Ды і на той момант мы яшчэ вялі супольную справу. Я спрабавала ўсё вырашыць «па-добраму».

«НН»: Вернемся да бізнэсу. Як Павел стаў акцыянерам 10 motifs?

АЖ: У сакавіку пасля таго, як я ўпершыню пайшла з дому і ўжо сур'ёзна думала аб канчатковым разрыве, сваркі, звязаныя з бізнэсам, сталі адбывацца ўсё часцей. Пасля чарговага скандалу ён заявіў, што яму патрэбныя гарантыі і ён хоча 50% акцый. Што зрабіў рамонт у шоўруме і, выкарыстоўваючы свой навык продажу, змог развіць бізнэс.

Паша, праўда, уклаў у гэты праект шмат працы, і я не стала пярэчыць. Адзінае, так як брэнд не быў створаны ўдваіх з нуля — яго калісьці заснавала я, усе фінансавыя ўкладанні былі маімі, а першапачатковы інстаграм і кліенцкая база таксама былі развітыя мной, я знізіла яго долю да 45%.

Пры гэтым ад матэрыяльна адказнай пасады дырэктара ён адмовіўся.

«НН»: Калі ўсё выйшла з-пад кантролю?

АЖ: Калі я сышла, ён доўгі час спрабаваў са мной памірыцца. Я працягвала настойваць, што адносіны ў нас чыста працоўныя. Так мы вырашылі максімальна дзяліць абавязкі, каб недзе менш дачыняцца альбо працаваць у шоўруме па чарзе ў розныя дні. Адначасова я пачала ўнікаць у бухгалтарскія працэсы, якімі раней займаўся выключна Павел і задаваць яму нязручныя пытанні. У выніку ён псіхаваў: «Я ў такой атмасферы больш працаваць не магу. Я адыходжу».

Пазней я даведалася, што ён запусціў «свой» брэнд.

Стала пытанне аб тым, што рабіць з акцыямі. Павел захацеў, каб я іх выкупіла плюс заплаціла дывідэнды. Прычым назваў нейкую астранамічную цану — 15 000 еўра, потым, праўда, скінуў яе да 10 000.

Яны столькі не каштуюць. Я папрасіла звярнуцца да бухгалтара, каб той разлічыў іх рэальны кошт.

У выніку ён напісаў СМС, што заблакуе рахунак. Я звярнулася да адваката і разам мы склалі дасудовую прэтэнзію, якая яго не задаволіла. Далей пачалася гісторыя пра яго сачэнне, паліцыю і ўвесь гэты скандал, які адбываецца цяпер.

«У магазінах мас-маркета былі набыты адзінкавыя рэчы»

«НН»: Што адбываецца цяпер?

АЖ: Зразумеўшы, што не даб'ецца свайго, ён працягнуў ператвараць маё жыццё ў кашмар. Ён сочыць за мной, заходзіць у шоўрум і спрабуе вывесці мяне на істэрыку, абрывае тэлефон, расклейвае каля маёй хаты і шоўрума аб'явы.

Фота: асабiсты архiў Аляксандры

Па яго наводцы ў мінскую краму неаднаразова прыходзілі сілавікі. Следчы, з якім мне прыйшлося мець зносіны, распавёў, што Павел і яго жонка напісалі заяву, быццам я прадаю БЧБ-сімволіку. Так што ў нас у Мінску ўжо паспелі пабываць ГУБАЗіК, АМАП і следчыя Цэнтральнага РУУС. Канечне, гэта адбіваецца і на продажы, і на стане супрацоўнікаў.

Я блакавала яго нумары пяць разоў, але ён купляе новыя сім-карты. Паліцыя нічога зрабіць не можа — кажуць, што, пакуль ён не стаіць пад маімі дзвярыма з нажом, гэта не сур'ёзна. Заява, якую я напісала, нічога не дала: ён паказвае паліцыянтам перапіску, дзе я спрабую быць прыязнай і распавядае пра Новы год з маёй сям'ёй. Я некалькі разоў звярталася ў «Лабірынт» і «Алівію» (арганізацыі, якія дапамагаюць ахвярам хатняга гвалту. — «НН»), іх парады аднолькавыя: выклікайце паліцыю, хадзіце да псіхолага. Атрымліваецца замкнёнае кола, якое я не магу разарваць.

«НН»: Асноўная афіцыйная прэтэнзія Паўла да вас — продаж вамі рэчаў з мас-маркета. Як вы можаце гэта пракаментаваць?

Калажы, якія публікаваў Павел

АЖ: У снежні Павел зразумеў, што адзінае, чым ён можа нашкодзіць брэнду — гэта гісторыя з кастамізаванымі рэчамі, і пачаў шантажаваць гэтым. Безумоўна, мне вельмі шкада, што нашы кліенты сталі сведкамі гэтай сітуацыі. Але, калі я ігнаравала яго пагрозы, то не верыла, што Павел зможа раздуць з гэтага цэлую эпапею.

Растлумачу: кастамізацыя — звычайная з'ява для беларускіх брэндаў. Толькі адзінкі вырабляюць свой трыкатаж, бо гэта вельмі дорага.

У 10 motifs ёсць швэдры, звязаныя ўручную, ёсць тыя, што замаўляліся на вытворчасці, і тыя, што набыты на фабрыках. Сапраўды, у магазінах мас-маркета былі набыты адзінкавыя рэчы — яны адпраўляліся на вытворчасць у якасці ўзораў, на аснове якiх потым адшывалі падобныя рэчы.

На ўсе вырабы нанесена ручная вышыўка — на кожную такую ​​мадэль сыходзіць некалькі гадзін маёй працы і я ўкладваю ў іх не менш сіл і любовi, чым у іншыя вырабы. Для мяне заўсёды было важна прыдумляць цікавае адзенне, і мне здаецца, што ўся наша прадукцыя ўнікальная.

«НН»: Які працэнт кастамізаванага адзення ад агульнага аб'ёму рэчаў прадстаўлены ў шоўруме?

АЖ: Мне здаецца не больш за 10% ці 5%. Цяпер мы пачалі весці рубрыку па нядзелях, дзе паказваем вытворчасць і працэс адшыву.

Наперадзе доўгі і пакутлівы працэс судовых спраў, але я спадзяюся захаваць бізнэс, у які так шмат уклала.

Павел: «Мяне канкрэтна тыцнулі носам у гэтыя рэчы»

«НН»: Можаце расказаць гісторыю вашага ўдзелу ў брэндзе 10 motifs?

Павел Філіповіч: Мая спецыфіка працы — продаж. Я займаўся гэтым 15 год. Працаваў заўсёды ў міжнародных кампаніях, як Johnson & Johnson, Heineken і іншых.

З Сашай мы пазнаёміліся восенню 2020 года, але бачыліся вельмі рэдка: я валанцёрыў і быў вельмі заняты тады. 16 снежня яна выйшла з турмы і, па-мойму, 25 снежня адразу ж вылецела ў Парыж. Перад ад'ездам яна кажа: «Ці можаш ты заняцца [брэндам]? У мяне нічога не атрымліваецца».

Я пачаў вывучаць, што адбываецца, і заўважыў вялікую колькасць памылак. Пачаў выбудоўваць сістэму. Зразумеў, што брэнд — гэта эмоцыі ў дэталях. Што гэта не гісторыя пра адзенне — гэта гісторыя пра эмоцыі. Так я прапанаваў увесці прыгожае пакаванне, каб чалавек атрымаў поўны комплекс станоўчых эмоцый.

Я выступіў ініцыятарам таго, што продаж трэба рабіць з уласнай крамы.

Таму тады я адрэзаў усіх партнёраў і мы пачалі весці толькі ўласны продаж.

Дзякуючы маім намаганням, я сабраў перадаплачаныя замовы, і Саша была вымушана вярнуцца з Парыжа, каб іх выканаць. Не паднімаючы галавы, яна вышывала гэтыя вось сэрцы — цалкам уручную, машынкай не атрымлівалася. З гэтага моманту і пайшло нейкае развіццё.

Акрамя маек, былі кардыганы, і я не ведаў, што яны былі куплены. Мы прыязджалі на фабрыку «Алеся» — там знаходзіцца швейная вытворчасць, з якой мы супрацоўнічаем. Я забіраў адтуль футболкі ці сукенкі, а Саша ішла ў іншы ўваход і вярталася ўжо з кардыганамi.

«НН»: Збоку здавалася, што ў вас вельмі паспяховы тандэм. Што здарылася?

ПФ: Я даведаўся, што мы выкарыстоўваем набыты ў крамах тавар. 19 снежня я сказаў ёй, што ўсё ведаю, паказаў дакументы, паказаў фактуры і сказаў, што больш не хачу ў гэтым удзельнічаць.

(Павел паказаў фактуры, якія паказваюць, што закупы ў крамах мас-маркета сапраўды былі. — «НН»)

«НН»: Вы сцвярджаеце, быццам не ведалі, што брэнд рэалізоўваў кастамізаваныя рэчы. Пры гэтым у пасце кажаце, што былі ўключаны ва ўсе фінансавыя працэсы, у тым ліку змаглі павялічыць цану вырабаў у 4 разы. Скажыце, як вы фармавалі цану, калі не ведалі вартасць іх «базы»?

ПФ: Швейка для мяне — новая гісторыя. Спектр пытанняў вельмі вялікі. Сашынай зонай адказнасці было: вытворчасць адзення, фотасесіі, кантроль працы СММ-менеджара, планаванне пастоў, напаўненне стужкі. Усе астатнія пытанні, як камунікацыя ў Instagram, лагістыка паштовай адпраўкі, падрыхтоўка фактур, рахунак — на мне. Гэта ўсё трэба рабіць.

Саша казала, што трэба аплаціць — я аплачваў.

«НН»: Давайце яшчэ раз: як вам атрымоўвалася разлічваць цану тавара, калі вы не ведалі, адкуль ён бярэцца і колькі каштуе?

ПФ: (…..) Нейкія рэчы Саша аплачвала беларускай картай.

«НН»: У адным са сваіх пастоў Instagram, які цяпер адсутнічае, вы сядзіце ў швэдры брэнда і расказваеце пра працэс падгонак. Чытаецца, быццам выраб вяжацца ўручную, хоць у гэты момант на вас надзеты кастамізаваны мас-маркет.

ПФ: Мы з Сашай некалькі разоў разам ездзілі ў краму. Нi для кога не сакрэт, як працуюць дызайнеры і адкуль бярэцца база.

Саша мне патлумачыла, што гэты швэдар патрэбны як узор і далей мы запусцім па ім сваю вытворчасць. Мы нават партнёраў знайшлі і ездзілі абмяркоўваць кошт партыі.

«НН»: Што здарылася далей?

ПФ: 19 снежня мяне канкрэтна тыцнулі носам і паказалі на гэтыя рэчы. Я сабраў інфармацыю, і 22 снежня ў мяне адбылася размова з Аляксандрай. 24 лютага я выклаў першы пост.

Тут у мяне адбылася такая дылема: альбо я заплюшчваю вочы на ​​гэтую сітуацыю і атрымліваю добры прыбытак, альбо дзейнічаю сумленна.

Мы ўсе тут у адной лодцы і можам падтрымліваць адно аднаго, дапамагаць. Гэтая гісторыя мне падаецца непрымальнай. Калі гэта выявілася, я сказаў, што ў нас ёсць некалькі шляхоў: першы шлях — усё гэта ліквідуецца і я вяртаюся да працы, і другі — Аляксандра пачынае працаваць самастойна і выкупляе маю долю ў кампаніі.

«Запісваў нашы сваркі на дыктафон»

«НН»: Тое, што адбывалася ў вашым асабістым жыцці, уплывала на агульную працу?

ПФ: У нашых асабістых адносінах была пастаўленая кропка значна раней за гэта пытанне. Так, я разумею, што для Сашы і для мяне гэта было непрыемна. Але мы імкнуліся даць другі шанец адносінам.

Не хаваю, што ў гэтай сітуацыі ёсць вялікая роля майго характару. Калі мы пачыналі разам працаваць, тады першае, што я сказаў: «Саш, гэта загубіць нашы адносіны». Таму што ў мяне няма такога, што бізнэс — гэта цацкі.

Пры гэтым я не магу сказаць, што Саша — дрэнны чалавек. Яна крыху такая творчая. Легкадумна ставіцца да шматлікіх момантаў. Напрыклад, яна не бачыць глыбіню праблемы, пакуль яе не накрые. Так адбылося і цяпер. Я кажу: «Саш, ну, гэта будзе сорамна. Разумееш, гэта ў любым выпадку рана ці позна выявіцца. Я цябе кахаю і даю час на выпраўленне сітуацыі. Калі ласка, папраў гэта».

Але яна пайшла іншым шляхам (праз юрыста. — «НН»).

«НН»: З-за чаго паглыбіўся канфлікт?

ПФ: У нас было чатыры сустрэчы наконт аднаўлення супрацоўніцтва. У лютым адбылася фінальная размова на гэтую тэму. І я тады кажу, што даю ёй яшчэ крыху часу на разважанні. У той момант мы знаходзіліся ў шоўруме і яна мне кажа: «Пайшоў прэч адсюль».

Што значыць пайшоў прэч? Саша выклікае паліцыю. Кажа: «Вось мой былы малады чалавек адмаўляецца выйсці з памяшкання». Паліцыя пачынае разбірацца. Расказваю, што знаходжуся тут як саўладальнік магазіна і кампаніі, на што маю поўнае права. Яны з'ехалі.

Потым у нас здарылася буйная сварка. Тады Саша падрапала мне твар і парвала швэдар. Я не пісаў ніякіх заяваў, але паехаў зафіксаваць сляды.

«НН»: Як даўно вы пачалі весці аўдыя— і відэазапісы Аляксандры?

ПФ: Я пачаў рабіць запісы ў жніўні 2022 года, за паўтара месяца да нашага расставання. Гэта быў той месяц, калі яна псіханула — «сыходжу да сяброўкі жыць». Я ўвесь час прасіў супакоіцца.

Потым яна мне пачынае расказваць гісторыю, што знайшла кватэру, у якую я павінен пераехаць. Я проста кажу: «Калі ты вырашыла, што не хочаш разам жыць, то сама пераязджай».

«НН»: Яна ведала, што вы яе запісваеце?

ПФ: Спачатку — не ведаю. Пасля я сам паказваў ёй частку гэтых запісаў.

Неяк яна напісала мне: «Я папрасіла дапамогі ў цэнтры абароны жанчын. Мне вылучылі асобнага юрыста. І калі ты не перастанеш пісаць, тады ад мяне будзе заява ў суд наконт хатняга гвалту».

Я казаў, што гэтага не баюся. Падчас сварак, каб пазбегнуць правакацый, я проста ўключаў дыктафон. Вось гэта ўсё, відэа і аўдыя, трэба мне, каб засцерагчы сябе з юрыдычнага боку. Цяпер гэтыя запісы дапамаглі мне пазбегнуць крымінальнай адказнасці.

«НН»: Вернемся да брэнда.

ПФ: Пасля таго, як я атрымаў гэты ліст з паліцыі, то падумаў, чаму я павінен яе шкадаваць, і, не чакаючы 1 сакавіка (гэта крайняя дата тэрміну, які Павел даў Аляксандры на роздум. — «НН»), апублікаваў пост.

«НН»: Вы сказалі, што не хацелі яе шкадаваць, але потым самі прапанавалі ёй забраць 45% вашых акцый. Чаму?

ПФ: Я сапраўды ўжо перагарэў. Я вельмі стаміўся. Я зразумеў, што цалкам занураны ў гэты канфлікт і ўсе мае размовы толькі пра гэта. Гэтая сітуацыя мяне разбурае.

Я напісаў яе адвакату ў тэлеграм, маўляў, давай я прыеду, падпішу. Колькі разоў я прапаноўваў падарыць ёй усё.

Калі шчыра сказаць, на гэты момант я ненавіджу 10 motifs і хацеў паставіць кропку. Але Саша цягне з юрыдычнымі пытаннямі.

«Гэта не кастамізацыя, а падман пакупнікоў»

«НН»: Вы сказалі, што хочаце паставіць кропку, але чаму атрымліваецца шматкроп'е?

ПФ: Я гатовы адпусціць сітуацыю ўзаемаадносін з Сашай. Але я не гатовы адпусціць сітуацыю падману пакупнікоў.

«НН»: Наколькі мне вядома, вы паспрабавалі запусціць свой брэнд Coloborat, дзе прадавалі такія ж рэчы, як у 10 motifs.

ПФ: Не такія ж. Падобныя.

Злева — цяльняшка брэнда Coloborat, справа — цяльняшка 10 motifs. Фота: інтаграм брэндаў 

«НН»: У мяне ёсць магчымасць параўнаць прадукцыю вашага брэнда і прадукцыю 10 motifs. Якія адрозненні я павінна знайсці?

ПФ: У нас этыкетка ўнутры, у 10 motifs — звонку. (…) Сашына цяльняшка каштуе 95 еўра, а мая — 60 еўра.

«НН»: Але ж вы самі прызначалі цэны рэчаў 10 motifs.

ПФ: Так, і яны апраўданыя.

«НН»: Чаму, калі Аляксандра прадае рэчы іншых брэндаў — гэта дрэнна, але калі вы прадаяце рэчы, да болю падобныя да вырабаў 10 motifs, — гэта нармальна?

ПФ: Па-першае, калі казаць пра цяльняшкі, ідэя іх запуску належыць мне. Неяк мы закуплялі тканіну і хутка якраз павінен быў быць дзень ПДВ. Вось я і прапанаваў зрабіць партыю «да свята».

Па-другое, як я тлумачыў, для мяне важная гэтая тэма з мас-маркетам. Бо гэта не кастамізацыя, а падман пакупнікоў. Кастамізацыя — гэта калі мы перарабляем рэч, не выдаляючы чужога брэнда, а размяшчаем сваю бірку побач. Усё — ты не парушаеш нічыіх правоў. Ты не падманваеш пакупніка — чалавек разумее, што купляе кастамізаваную рэч.

(Пры падрыхтоўцы гэтага інтэрв'ю мы заўважылі, што брэнд Паўла прадаваў тыя самыя сумкі і швэдры, якія належаць да мас-маркета. Бірак «родных брэндаў» на гэтых рэчах не бачна. Цяпер гэтыя фатаграфіі ў інстаграме Паўла адсутнічаюць. — «НН»)

Фота з інтаграма брэнда. Цяпер пасты выдалены

«НН»: Які вынік гэтай гісторыі бачыце прымальным для сябе?

ПФ: Аляксандры трэба спыніць падман і прыбраць гэтыя рэчы з продажу, каб гэтага не паўтаралася. Я шмат разоў заклікаў яе да гэтага.

«НН»: Вы хочаце паставіць кропку ў гэтай сітуацыі і гатовы перадаць Аляксандры сваю долю акцый. Ці правільна я разумею, што ў вас няма маёмасных прэтэнзій да Аляксандры, а, хутчэй, толькі «этычныя»?

ПФ: Не зусім. Акцыі ацэнены ў пэўную суму, плюс я хачу атрымаць дывідэнды — гэта каля 10 000 еўра.

Я ўклаў у брэнд шмат працы: зрабіў рамонт у памяшканні, развіў інстаграм. (…) Гэта пляцоўка — асноўны рэсурс кампаніі і каштуе шмат грошай. Цяпер Аляксандра пераключыла яго на свой нумар, але з юрыдычнага пункту гледжання мне не складзе цяжкасці вярнуць яго сабе. (…) Зрэшты, я не збіраюся гэтага рабіць.

***

Мы прагаварылі з кожным удзельнікам канфлікту больш за тры гадзіны. У гэтым матэрыяле мы падаём размову з некаторымі скарачэннямі, апускаем інфармацыю, якая можа нашкодзіць трэцім асобам, адступленні герояў, не звязаныя непасрэдна з тэмай. У распараджэнні рэдакцыі ёсць поўны аўдыязапіс размоў, а таксама скрыншоты перапісак, якія пацвярджаюць асобныя моманты гісторыі.

Кацярына Гардзеева

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары27

  • Мне — папкорн!
    12.04.2023
    Ура, срач!
  • Омг
    12.04.2023
    Хто ўсе гэтыя шчырыя русскіе люді? 
  • 17days
    12.04.2023
    Увесці хлопца ад жонкі з двумя дзецьмі і ўцюхваць змагарам хлам па 100 эўра, маючы дагэтуль краму ў Менску, а потым зваліць усё на аб'юзерства - верх цынізму.
    А хлапец, відаць, халявы захацеў на крыві беларусаў.
    Хто толькі не павылазіў у гэтыя змрочныя часы на свет Божы!

Жыхарцы Магілёва пагражаюць крыміналкай за тое, што зняла ранішнюю чаргу ў рэгістратуру3

Жыхарцы Магілёва пагражаюць крыміналкай за тое, што зняла ранішнюю чаргу ў рэгістратуру

Усе навіны →
Усе навіны

Хто прыдумаў ютуб-праграму «Гадзіннічак цікае»?3

Прапуцінскі папуліст перамог у першым туры выбараў у Румыніі, але прэзідэнтам мае стаць жанчына-ліберал1

Сярэдні заробак у кастрычніку вырас амаль на 50 рублёў

Папярэдняя прычына падзення самалёта ў Вільні — тэхнічнае пытанне3

У Пінску закрылі буйны махлярскі кол-цэнтр. Пацярпелых — амаль 50 тысяч чалавек4

Перад прыездам Лукашэнкі ў Пакістан там забаранілі агульнанацыянальны марш апазіцыі. Тысячы затрыманых5

Пачынаецца суд над святаром Генрыхам Акалатовічам. Яму пагражае да 15 гадоў

Матацыкліст зачапіў тварам дрот, нацягнуты паміж дрэў у лесе пад Гродна6

Фізічныя практыкаванні дапамагаюць аднавіць нервовыя клеткі. Вось як гэта ўдалося даказаць1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Жыхарцы Магілёва пагражаюць крыміналкай за тое, што зняла ранішнюю чаргу ў рэгістратуру3

Жыхарцы Магілёва пагражаюць крыміналкай за тое, што зняла ранішнюю чаргу ў рэгістратуру

Галоўнае
Усе навіны →