Некаторым палітвязням да палітычных артыкулаў дадаюць крымінальную справу за парнаграфію
Некаторым палітвязням адначасова з пратэснымі артыкуламі дадаюць і крыміналку па парнаграфічных артыкулах — за выраб і распаўсюджванне такога кантэнту. Наколькі гэта частая практыка, складана сказаць, таму што падобная статыстыка дзяржорганамі не публікуецца. Reform.by знайшоў як мінімум 11 падобных кейсаў.
Рэсурс піша, што па некаторых справах па пратэсных артыкулах паралельна заводзілі крыміналку па такіх крымінальных артыкулах, як 343 (выраб ці распаўсюджванне парнаграфіі) і 166-171 (прысвечаны палавой недатыкальнасці і свабодзе).
Напрыклад, палітвязень Фелікс Жылінскі, які нарадзіўся ў 1964 годзе, асуджаны на чатыры гады паводле некалькіх палітычных артыкулаў, уключаючы абразу Лукашэнкі. «Акрамя таго, ён па сумніўных падставах абвінавачаны па ч. 1 арт. 343 КК за выраб і захоўванне з мэтай распаўсюджвання малюнка парнаграфічнага характару», — пісаў праваабарончы цэнтр «Вясна».
Сярод кейсаў прыводзіцца і сітуацыя палітвязеня Мікалая Даніша, асуджанага ў лютым 2023 года на 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. У спісе яго артыкулаў, паводле звестак «Вясны», ёсць 343 КК, звязаны з парнаграфіяй. Мікалай Даніш унесены КДБ у спіс тэрарыстаў, але там не пазначаны 343-ы артыкул.
Ці ўсе справы выдуманыя? Адвакат Антон Гашынскі лічыць, што, верагодна, не, але калі чалавекам першапачаткова зацікавіліся ў сувязі з палітычным артыкулам, то справа ў любым выпадку звязаная з ім.
Каментары