Гэты перакус багаты на бялок, клятчатку і карысныя тлушчы, а гатуецца літаральна з трох інгрэдыентаў.
Насенне чыа — досыць экзатычны прадукт для беларусаў, які стаў у нас папулярным не так даўно. Перад яго набыццём варта звяртаць увагу на якасць насення: пажадана, каб яно было свежым і прывезеным з Амерыкі, а не з Азіі.
Інтарэс да чыа заслужаны, бо яно ўтрымоўвае ўражлівую колькасць клятчаткі і бялкоў і лічыцца суперфудам. Пудынг з чыа, бадай, самая папулярная страва з гэтым суперпрадуктам, бо гатуецца даволі проста, а колькасць насення ў ім якраз адпавядае сутачнай норме (дзвюх сталовых лыжак дастаткова).
Пудынг можна згатаваць на сняданак, у якасці закускі ці падаць гасцям як дэсерт. Таксама ён спадабаецца дзецям — асабліва калі вы дадасце штосьці з іх улюбёных рэчаў, напрыклад, какава-парашок або нутэлу.
Галоўны сакрэт прыгатавання ў тым, каб пакінуць насенне ў малацэ настойвацца на ноч, бо толькі так пудынг набудзе крэмавую тэкстуру.
Вам спатрэбіцца:
- малако — з ім страва атрымаецца больш сметанковай (можна выкарыстоўваць і расліннае малако — міндальнае ці аўсянае),
- насенне чыа,
- салодкі дадатак (мёд, джэм або свежыя ягады, напрыклад, буякі і клубніцы),
- мята ці што іншае для аздаблення.
Разлічвайце прапорцыі з разлікам прыкладна 2 сталовыя лыжкі насення на паўшклянкі малака. Але вы можаце падабраць і іншую прапорцыю — з той тэкстурай, якая вам спадабаецца.
Майце на ўвазе, што калі насенне набрыняе ў вадкасці, яно ператворыцца ў жэлепадобную масу і павялічыцца ў некалькі разоў.
Гатаванне
- Заліце насенне малаком і добра перамяшайце (інакш яно можа збіцца ў камякі). Пакіньце ў халадзільніку на ноч.
- Дадайце джэм і ягады.
Смачна есці!
Чытайце яшчэ:
Што здарыцца з вашым целам, калі штодзень есці грушы
Салата з радыскі і зеляніны — папаўняем запас вітамінаў
Інжыр — сапраўдны суперфуд і прыродная крыніца вітамінаў. Сем прычын яго есці
Каментары