Мозг можа састарэць на адзін-два гады за адну бяссонную ноч — даследаванне
Але пры гэтым ёсць магчымасць адкруціць змены назад.
Навукоўцы выявілі, што чалавечы мозг можа састарэць на 1—2 гады ўсяго толькі за адну бяссонную ноч. Гэтая выснова выцякае з даследавання, якое 20 лютага было апублікавана ў навуковым часопісе JNeurosci (The Journal of Neuroscience).
Даследчыкі правялі назіранні над 134 людзьмі, пазбавіўшы большую частку з іх сну і падзяліўшы іх на некалькі груп па розных узроўнях недасыпання:
- поўнае недасыпанне (адсутнасць сну на працягу адной ночы),
- частковае недасыпанне (тры гадзіны сну за адну ноч),
- хранічнае недасыпанне (5 гадзін сну на працягу 5 начэй),
- нармальны стан (8 гадзін сну кожную ноч).
Пры гэтым для ўсіх груп эксперымент пачынаўся з адной ночы здаровага сну (мінімум 8 гадзін), а для трох першых груп ён заканчваўся яшчэ адным аднаўленчым сном.
«Навукоўцы кожную ноч эксперымента правяралі стан мозга ў людзей пры дапамозе апарата МРТ і машыннага алгарытму brainageR, які ўмее вызначаць узрост чалавечага мозга з невялікай хібнасцю».
«Падчас назіранняў высветлілася, што ў групы, якая не спала адну ноч, brainageR выявіў старэнне мозга ў сярэднім на 1—2 гады ў параўнанні з папярэднімі паказчыкамі да эксперымента. Пры гэтым групы з частковым або хранічным недасыпаннем не мелі ніякіх істотных адрозненняў ад пачатковага стану», — гаворыцца ў даследаванні.
Аднак, па словах навукоўцаў, для знікнення падобнага эфекту і аднаўлення мозга неабходна добра выспацца на наступную ноч пасля адсутнасці сну ў папярэдняй.
«Ёсць доказы таго, што ў мозгу людзей, пазбаўленых сну, адбываецца некалькі тыпаў трансфармацый, у тым ліку змены аб'ёму шэрага рэчыва і размеркаванні мазгавой вадкасці. Пры гэтым падобныя змены можна адкруціць — дастаткова толькі добра выспацца на наступную ноч», — адзначаюць даследчыкі.
Таксама яны заяўляюць, што гэтае даследаванне асвятляе толькі наступствы адной бяссоннай ночы. Да гэтага часу невядома, што адбываецца з чалавечым мозгам пры хранічным ці частковым недасыпанні ў рэальным жыцці, калі падобны стан доўжыцца месяцамі і нават гадамі, а не некалькіх дзён у рамках эксперымента.
Чытаць яшчэ:
Тры метады перамагчы інфармацыйную перагрузку ў свеце, поўным рэкламы і шкоднай інфармацыі
Як прайсці прадвесне без апатыі?
Цыклічнае дыханне: усяго пяць хвілін на дзень здымаюць стрэс
Каментары