«Жывот увесь час быў уздуты, пасля стаў з’яўляцца пах гніючага цела». Беларуска, у якой быў разлад харчовых паводзін, расказала, што яна перажыла
Вясной мінулага года ў Насты пачаліся праблемы са страваваннем. «Жывот увесь час быў уздуты», — кажа яна. Тады дзяўчына цалкам перастала есці, каб не пагаршаць свой стан. Яна расказала «Нашай Ніве», як працяглы стрэс паставіў яе на мяжу жыцця і смерці і як яна выйшла з гэтага стану.
«Праглынала ўсё спрэс і ненавідзела сябе за гэта»
Вясной 2022-га ў Насты (імя змененае) пачаліся праблемы са страваваннем.
Лішняй вагі ў дзяўчыны на той час не было (яна важыла 70 кілаграм пры росце 178 сантыметраў). Але ёй падавалася, што гэта не так.
«Таемна, глыбока ў душы, я зайздросціла дзяўчатам-анарэксічкам, тым, хто можа абмежаваць сябе ў ежы. Таму што я ела ўсё, вельмі любіла гэтую справу. Мне не падабалася ў сабе не нешта канкрэтнае, а я агулам. І камплекцыя, і цела, і характар. Гэта было татальнае непрыняцце сябе.
Цяпер гляджу на гэта з іншай пазіцыі.
Усё жыццё адчувала сябе пустой. Як быццам жыла для таго, каб выканаць жаданні, чаканні іншых людзей. Толькі цяпер разабралася ў сваім характары, знайшла тое, для чаго жыву і чаго хачу.
На піку харчовага разладу ўва мне была нібы пустата. Вядома, яе даводзілася нечым запаўняць. У мяне лепш за ўсё гэтая пустата запаўнялася ежай, заглушала фрустрацыю ў сабе. Праглынала ўсё спрэс і ненавідзела сябе за гэта.
Ненавідзела я не знешнасць, а вось гэты дысананс паміж вонкавым выглядам і рэальным адчуваннем сябе», — расказвае яна.
«На органах нават не было элементарнай тлушчавай праслойкі»
Адна з прычын, па якой у дзяўчыны пачаліся праблемы з харчаваннем, — наяўнасць сталага стрэсу.
«Увесну 2021-га я сышла з універсітэта. Мая сям'я адмоўна ўспрыняла гэтую навіну. Крычалі доўга на мяне, гэта быў вялізны стрэс. Пасля гэтага паехала на абмен у Польшчу, стрэсу дадалося.
Вярнулася і працягнула працаваць барыста ў кавярні. Тады стала жыць самастойна. Засталася адна. У плане сям'і я сябе адрэзала, узяла на свае плечы адказнасць, якую раней не адчувала», — дзеліцца яна.
Восенню 2022-га дайшло да таго, што ежа перастала пераварвацца ў страўніку дзяўчыны. Тады яна ўжо важыла 58 кілаграмаў.
«Ежа гніла, блукала ў жываце, — тлумачыць яна. — Вельмі добра запомніла момант, калі я прыйшла на танцы, рухалася, з мяне проста выходзілі газы, гэта ніяк нельга было кантраляваць. На працы таксама такое адбывалася з маім арганізмам. У мяне быў страх, шок і слёзы. Бо з'яўляўся пах цела, якое гніе.
Жывот увесь час быў уздуты. Трапіла ў сітуацыю, калі я не магла звярнуцца па дапамогу: у мяне не было грошай, каб пайсці да дактароў. І нават калі б былі, з чаго пачаць?
Таму адзіным лагічным выхадам на той момант у маёй галаве было перастаць ужываць ежу ўвогуле. Я ела гародніну і піла ваду. Можа, у мяне была і карысная ежа, але, відаць, вельмі мала», — расказвае яна.
Наста спрабавала сядзець на кетадыеце (у яе аснове — адмаўленне ад вугляводаў).
«Перабрала вельмі шмат розных дыет. Падкрэслю, што да гэтага я яшчэ не харчавалася мясам. Калі працавала ў кавярні, выпівала шмат кавы на галодны страўнік і ела адны круасаны.
Гэта я вяду да таго, што на стрэсе, дрэнным харчаванні я пазбавіла свой арганізм усіх магчымых нутрыентаў, знясіліла яго. У мяне на органах нават не было элементарнай тлушчавай праслойкі.
Не было сіл устаць з ложка, не было сіл жыць. І пасля знікла менструацыя. Таксама не магла хадзіць у прыбіральню. Ужо фізіялогія была нават парушаная», — расказвае Наста.
«Такая праблема вельмі завязаная на псіхіцы»
У нейкі момант дзяўчыне стала некамфортна знаходзіцца ў грамадстве. Прынята, што ежа, яе спажыванне разам — гэта маркер сяброўства.
«За сталом звычайна вядуць нейкую камунікацыю. У цэлым я вельмі таварыскі чалавек, а тут проста рэзка адмаўлялася ад ежы, не хацела збірацца з кімсьці за сталом і іншае. Гэта, вядома, было дзіўна», — кажа яна.
Восенню мінулага года дзяўчына звярнулася да гастраэнтэролага.
«Тут усплыла праблема ў нашай медыцыне. Дактары не шукалі першапрычыну. У маім выпадку атрымалася, што я знайшла яе сама. Добра, што гэта ў мяне заняло год, а некаторыя людзі могуць так жыць і не знаходзіць яе ўвогуле.
Гастраэнтэролаг паглядзеў, што я не ем мяса, упаў гемаглабін. Доктар прапісала ў выніку жалеза ў таблетках. І лекі, якія зніжаюць кіслотнасць страўнікавага соку. Маё страваванне стала яшчэ горшым. Астатнія размовы з іншымі доктарамі былі ў ключы: «Еш мяса, не дуры мне галаву».
Тады ўвогуле здавалася, што я ў нейкім замкнёным коле. Было незразумела, да каго звяртацца, каб знайсці першапрычыну, якая была насамрэч у галаве. Пагоршыў усё стрэс і банальныя праблемы з дыханнем. Пра апошняе я даведалася нядаўна. Мая грудная клетка вельмі моцна выпірае наперад, адпаведна, я не дыхаю грудзьмі, кроў не насычаецца дастаткова кіслародам. З-за гэтага таксама зніжаецца гемаглабін», — тлумачыць яна.
Першы доктар, які расказаў, што адбываецца з Настай, была гінеколаг. Яна звярнулася да яе месяц таму.
«У мяне быў вельмі моцны страх ежы. Баялася, што гэта дрэнна выльецца для стрававання. Аднак, чым менш па колькасці і разнастайнасці ежы я ўжывала, тым больш страўнік развучваўся пераварваць. Калі я ўжо пачала аднаўляцца, доктар УГД сказала, што я не магу пераварыць не з-за ўмоўнай «алергіі» на ежу, а таму што страўнік развучыўся гэта рабіць», — кажа яна.
Калі вага сыходзіла, Наста адчувала, што быццам бы пазбаўляецца ад наліплага бруду ўнутры.
«Цяпер адназначна магу сказаць, што такая праблема вельмі завязаная на псіхіцы, — кажа яна. —
Ад ежы мяне ніколі не ванітавала, але было некалькі разоў, калі была вельмі блізкая да гэтага. Спрабавала гэта зрабіць, але не атрымлівалася. І яно працягвала гніць у страўніку».
Бацькі дзяўчыны спачатку не звярталі ўвагі на яе праблемы. Але ў канцы восені 2022-га сітуацыя змянілася.
«Маці мяне стала адкормліваць, стала даваць мне грошы на ежу, калі я была беспрацоўная.
Вядома, ніякія бацькі не будуць задаволеныя тым, што іх дзіця давяло сябе да знясілення. Памятаю, як неяк раней з татам сядзела ў сталовай, я ў сябе запіхвала ежу, ён тады сказаў, што я выглядаю агідна. Гэта не было наездам, ён проста канстатаваў факт», — дзеліцца яна.
Цяпер Наста аднаўляецца. Яна кажа, што прыйшла да гэтага пасля таго, як змяніла стаўленне да сябе ў галаве.
«Мая анарэксія дапамагла пачаць нармальна ўспрымаць сябе, пераварваць ежу, — кажа яна. — Успрымаю гэта як адзін вялікі ўрок, які здарыўся ў маім жыцці. Ён даў магчымасць прыйсці ў гарманічны стан.
Магу з'есці ўсё што хочаце. П'ю малако, мяса ўсё яшчэ не вельмі люблю, але калі адчуваю, што арганізму яго бракуе, то ем салату з курыцай. Яшчэ мне падаецца, што ежа — вельмі лёгкі спосаб падняць сабе настрой, таму я стала ўжываць больш карысных салодкіх прадуктаў. Напрыклад, тварог з садавіной».
Каментары
мы живем, чтобы есть, и едим, чтобы жить. а! ну еще, чтобы на дискотеки ходить