У ЦВК расказалі, ці будзе электроннае галасаванне на наступных выбарах
Выбары ў 2024-2025 гадах у Беларусі будуць праводзіцца традыцыйным спосабам. Пра гэта ў эфіры тэлеканала АНТ распавёў старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Ігар Карпенка.
Па словах кіраўніка ЦВК, для ўвядзення ў краіне сістэмы электроннага галасавання, як гэта зроблена ў Расіі, неабходная падрыхтоўчая праца для ўкаранення адпаведных лічбавых тэхналогій. На бягучы момант ЦВК і МУС прапрацоўваюць пытанне стварэння электроннага рэгістра насельніцтва Беларусі, без якога немагчыма далейшае стварэнне рэгістра выбаршчыкаў.
— У гэтым годзе мы паспрабуем спісы выбаршчыкаў усё-ткі складаць з рэгістра насельніцтва, — адзначыў І. Карпенка.
Старшыня ЦВК таксама звярнуў увагу на два важныя моманты, якія тычацца электроннага галасавання ў РФ: па-першае, у гэтай краіне ўсё яшчэ няма стапрацэнтнага пакрыцця жыхароў такой сістэмай, па-другое, у кожную электаральную кампанію электроннае галасаванне падвяргаецца нападам хакераў.
— Гэта павінна быць досыць надзейная праграма, — падкрэсліў І. Карпенка.
Кіраўнік ЦВК таксама растлумачыў, у чым асаблівасці такой сістэмы: галасаванне арганізавана так, што пры рэгістрацыі ў лічбавым асяроддзі паўторна аддаць голас афлайн ужо не атрымаецца. Узяць удзел у выбарах з дапамогай электроннага галасавання можна, знаходзячыся ў любым пункце Беларусі. Пры гэтым пасля праходжання галасавання анлайн выбаршчык выключаецца са спіса для галасавання непасрэдна на ўчастку.
— Мы вывучаем усе гэтыя моманты. У перспектыве гэта ўсё можа з'явіцца, але пакуль кампаніі 2024 і 2025 гадоў пройдуць традыцыйна, — падкрэсліў Карпенка.
Каментары