Віталя Брагінца абвінавачвалі па чатырох артыкулах КК — аб распальванні варожасці, закліках да дзеянняў супраць нацбяспекі, стварэнні экстрэмісцкага фармавання або ўдзеле ў ім і грубым парушэнні парадку. Справу два тыдні ў закрытым рэжыме разглядала суддзя Алена Ананіч, піша «Вясна».
Віталя Брагінца затрымалі 23 траўня 2022 года і двойчы запар арыштавалі на 15 сутак. Праз арышт ён не змог патрапіць на суд свайго падабароннага адваката Андрэя Мачалава.
Як распавялі праваабаронцам яго сукамернікі, у Брагінца знайшлі фота з акцый пратэсту, але яго самога на іх не было, таму не ведалі, што яму інкрымінаваць.
Вось, што распавядаў адзін з сукамернікаў Брагінца ў ІЧУ на Акрэсціна ў чэрвені 2022 года: «Віталь малайчына, трымаўся бадзёра. Ён ніколі нікому не адмаўляў у кансультацыі на месцы. Але ён таксама амаль страціў голас ад хваробы. Віталь распавядаў, як абсурдна яго арыштавалі: проста перад тым, як яму трэба было ехаць да кліента. Здаецца, гэта быў КДБ і мусіў ехаць у СІЗА КДБ.
У дзень вызвалення яго забралі зранку з камеры. А выходзіць яму трэба было пасля абеду. Мы зразумелі, што гэта нядобры знак».
У выніку, Віталю адразу прад'явілі абвінавачванне па арт. 342 Крымінальнага кодэкса, але канчатковае абвінавачванне пашырылася ажно да чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса.
9 верасня 2022 года МУС прызнаў «экстрэмісцкім фармаваннем» Telegram-чат «Беларускiя адвакаты».
Брагінец абараняў некаторых палітвязняў, у тым ліку старшыню Праваабарончага цэнтра «Вясна» Алеся Бяляцкага, а таксама адваката Андрэя Мачалава, які на судзе застаўся без абароны праз арышт Брагінца.
Каментары