Дзяржкамітэт па маёмасці прыдумаў сваё абгрунтаванне, чаму лацінку можна прыбраць з вуліц
Пасля таго, як улады вырашылі прыбраць лацінку з вулічных паказальнікаў, некаторыя беларусы пачалі адпраўляць звароты чыноўнікам з просьбай патлумачыць рашэнне і яго адпаведнасць заканадаўству. Дзяржкамітэт па маёмасці апублікаваў сваё тлумачэнне.
Дзяржкамітэт размясціў адказ на звароты на сваім сайце.
Чыноўнікі спасылаюцца на Інструкцыю па транслітарацыі геаграфічных назваў літарамі лацінскага алфавіта (яна зацверджана пастановай ад 23 лістапада 2000 года №15). Яны пішуць, што гэтыя правілы дзейнічаюць толькі пры стварэнні картаграфічнай і іншай прадукцыі, прызначанай для міжнароднага карыстання.
А таму нічога не парушаецца.
Чаму назвы вуліц на паказальніках чыноўнікі не адносяць да картаграфічнай прадукцыі для замежных карыстальнікаў (хоць надпісы на лацінцы і стваралі для таго, каб замежныя турысты лепш арыентаваліся ў горадзе), у адказе не тлумачыцца.
Выкарыстанне лацінкі для транслітарацыі нацыянальных геаграфічных назваў на вулічных паказальніках апошнім часам крытыкавалі праўладныя актывісты і блогеры. Улады абмеркавалі праблему 8 снежня на пасяджэнні Рэспубліканскай рады па гістарычнай палітыцы. Як адзначаецца ў дакументах, што трапілі ў сеціва, удзельнікі, абмеркаваўшы пытанне, пагадзіліся, што лацінка на паказальніках «ускладняе ўспрыманне інфармацыі і абцяжарвае арыентаванне». Адзначалася, што «ў яе аснову пакладзены польскі варыянт лацінскай графікі, які з XVI стагоддзя выкарыстоўваўся ў мэтах паланізацыі беларусаў разам з навязваннем каталіцтва».
Каментары
Адзіная прычына выдаленьня Лацінкі ёсьць фальсіфікацыя беларускаe гісторыі, няведаньне беларускае мовы й нянавісьць да беларускае культуры й спадчыны з боку дыктатуры Лукашэнкі й ейных чужых маскоўскіх спонсараў.