Усяго патроху

Коцікі — як лекі… Як бяздомны кот напоўніў новым сэнсам жыццё беларускага бізнэсмена

Гісторыю пра тое, як бізнэсмен захапіўся калекцыянаваннем статуэк катоў і адкрыў у Мінску атмасферную галерэю, расказвае «Звязда».

Барысаўчанка Наталля Чудакова ў свой дзень нараджэння падарыла «Катавасіі» новы экспанат «Магістр часу».

Пра хросную Пако і разбітую свяцільню

Сёння ў сталічнай арт-галерэі «Катавасія» больш за сем тысяч твораў мастацтва ды прадметаў інтэр'ера і побыту ў выглядзе ці з выявамі коцікаў з больш як ста краін свету. Акрамя іх, гасцей сустракаюць тры жывыя каты — Пако, Негра і Яша.

Заснавальнік галерэі — Васіль Супрунюк.

— Раскажыце пра коцікаў, якія тут жывуць. Заўважна, што яны адчуваюць сябе сапраўднымі гаспадарамі…

— Раней у нас тут было восем коцікаў, — кажа Лізавета Супрунюк, жонка гаспадара «Катавасіі». — Але большасць з іх хаваліся, калі прыходзілі новыя людзі. Таму мы вырашылі не мучыць іх і аддалі ў добрыя рукі. Засталіся тры самыя стрэсаўстойлівыя, яны нікога не баяцца. Кладуцца на стол і ўсім сваім выглядам паказваюць — гладзьце на здароўе. Усе трое — звычайныя дваровыя каты, жыццё якіх было пад пагрозай. У Пакошы наогул цікавая гісторыя.

Колькі гадоў таму ў Мінск з Францыі прыязджала з візітам мадам Брыжыт Алуа (прадстаўніца славутага Фонду аховы жывёл Брыжыт Бардо). Яе спачатку прывезлі да нас у галерэю, а потым — у пункт часовага ўтрымання «Фаўна горада» на Гурскага, куды прывозяць бадзяжных катоў з усяго горада. Адно кацяня падскочыла і, гледзячы мадам у вочы, пачало «прасіць», каб яна яго забрала. «Не магу цябе ўзяць — мне заўтра ў Францыю ляцець!» — звярнулася да яго госця. Але як толькі яна адышла, ён пачаў няўкаць. Урэшце, яна яго забрала і прынесла нам сюды, у «Катавасію». Маўляў, я буду хроснай мамай гэтага кацяняці і даю яму імя Пако. З таго часу мы перапісваемся з мадам Алуа, яна пастаянна цікавіцца жыццём свайго хрэсніка, дасылаем ёй яго фотаздымкі.

Кашачы сімфанічны аркестр нікога не пакідае абыякавым.

Падчас размовы Пако ляжыць на стале каля свайго гаспадара Васіля.

— Можна сказаць, што Пако ваш любімчык?

— Не, гэта я ў яго любімчык. Вы ж бачылі, што ён спаў, але, як толькі пачуў, што я прыйшоў, выбег мяне сустракаць. А я да ўсіх коцікаў стаўлюся аднолькава добра… Мой зайка, — звяртаецца да ката па імені Негра, — ты хочаш залезці наверх, а тут зрабілі перастаноўку. Давай я табе дапамагу (падсажвае на шафу з экспанатамі).

— Неяк Пако, ускокваючы на шафу, выпадкова разбіў дарагую свяцільню, — згадвае Лізавета. — Якраз у гэты момант зайшоў муж. Усе чакалі, што ён будзе лаяцца…

— А я з парога: «Ой, Пакоша, ты не спужаўся, мой бедненькі, не параніўся?..» (Смяецца.) Пасля таго выпадку мы ўсё, што можа ўпасці, прымацавалі, папрыкруцілі.

Пра вусаты аркестр і жаданне дзяліцца

Калекцыянерам былы вайсковец стаў зусім выпадкова.

— Гадоў 20 таму мы гулялі з сябрамі па Кіеву. Яны ўбачылі ў краме керамічную фігурку ката, зробленую мясцовым майстрам, і падарылі яе мужу, — згадвае Лізавета. — Маўляў, вось Васька, гэты кот з камп'ютарам — выліты ты. Потым самі не заўважылі, як у нас дома пачалі з'яўляцца ўсялякія статуэткі ў выглядзе коцікаў. Я нават пачала жартаваць, што яшчэ крыху — і нам не будзе дзе жыць.

— Калі калекцыя коцікаў пераваліла за тысячу, мы яе вывезлі ў свой офіс і расставілі ў шафах уздоўж сцен. Але неўзабаве і там скончылася месца. Неяк падчас адпачынку трапілі ў музей коцікаў у Іспаніі. Тады падумалі: «А чаму б не зрабіць штосьці такое ў Мінску?»

Жонка Лізавета — галоўная памочніца.

Чаго толькі няма ў арт-галерэі! І вазы, і чарніліцы, і падсвечнікі, і начнікі, прадметы для часання спіны і абування, выявы коцікаў, зробленыя з кацінай шэрсці ды тапалінага пуху. Але, як і ўсіх наведвальнікаў без выключэння, мяне найбольш уразіў кашачы сімфанічны аркестр, зроблены японскім майстрам Масакі Такашы.

— Майстар выставіў яго на аўкцыён і спачатку не хацеў нам яго прадаваць. Казаў, што рабіў для сваёй краіны, дзе пануе культ катоў. Тым больш там такі аркестр можна было прадаць значна даражэй. Але якраз у той час наляцеў кавід і людзям стала не да мастацтва. Таму нейкім цудам удалося ўгаварыць аўтара прадаць нам сваіх катоў-музыкаў.

— Страшна нават уявіць, колькі грошай з сямейнага бюджэту пайшло на ўсю калекцыю. Лізавета, як вы ставіцеся да нятаннага захаплення мужа?

— Я сціплы чалавек. Мне не трэба футры, брыльянты… Мой муж, як і любы кіраўнік фірмы, вельмі стамляецца, бо ўвесь час трэба прымаць рашэннні. Коцікі — гэта яго аддушына, лекі, тут ён адпачывае, сыходзіць ад усіх праблем.

— З узростам хочацца дзяліцца з іншымі тым, што маеш, — дадае Васіль. — Мне падабаецца, што людзі сыходзяць з галерэі ў захапленні. І ад гэтага становіцца цёпла на душы.

— Васіль — чалавек, які ўвесь час чымсьці захапляецца. Калі ён быў афіцэрам і мы жылі на Кубе, ён фатаграфаваў і дзень і ноч. Потым захапіўся кветкамі, збіраў кактусы. Затым былі канцтавары, арт-галерэя. Цяпер у яго новае захапленне — праект «Малінавы кот».

— Малінавы, бо знаходзіцца побач са станцыяй метро «Малінаўка». Што гаварыць, гэта трэба бачыць, — накідвае на шыю шалік з катамі Васіль Супрунюк. — Зараз у нас якраз праходзіць выстава карцін беларускіх мастакоў-катафілаў Рыгора і Наталлі Івановых ды Валянціна Губарава «Кот пад Новы год». Акрамя таго, у «Малінавым каце» кожную суботу ладзяцца розныя майстар-класы для дзяцей і дарослых… А побач — «Катабаза», дзе прадаюцца ўсялякія цікавыя рэчы з коцікамі. …А вось наш галоўны работнік — Тэа. Гэты коцік жыў тут побач на сметніцы, і мы яго вырашылі ўзяць сабе.

«Было б цудоўна, калі б у кожным беларускім офісе жыў коцік», — лічыць Васіль Супрунюк.

«Катавасія», «Малінавы кот», «Катабаза» — гэта цалкам дабрачынныя праекты. Усе грошы, выручаныя ад продажу білетаў ды тавараў, ідуць на лячэнне коцікаў.

— Спачатку ўваход у галерэю быў бясплатным, — кажа Лізавета. — І толькі потым, калі ў нас з'явіліся жывыя экспанаты і цэнтр дапамогі хворым коцікам «Стары кот», увялі ўваходныя білеты. Бо лячыць катоў — дарагое задавальненне.

Пра каціныя рысы і дзіцячую траўму

Звычайна калекцыянеры падобныя да сваіх экспанатаў…

— Так, муж часта кажа, што ён у душы кот, што вельмі добра іх разумее.

— Каціных рыс ува мне вельмі шмат. Калі сабакі збіваюцца ў зграі, дык каты гуляюць самі па сабе. Я такі ж — незалежны, самадастатковы. Не ўяўляю, як гэта — мець агульны бізнэс з кімсьці. Хоць ствараю ўражанне вельмі кантактнага чалавека, мне цалкам камфортна і аднаму. А яшчэ каты не злапамятныя, я таксама, калі і злуюся, то хутка адыходжу.

У офісе Васіля Васільевіча, бізнэс якога звязаны з канцылярскімі таварамі, сустракаюць яшчэ пяць катоў. Перш-наперш дырэктар вітаецца са сваімі гадаванцамі і частуе ласункамі.

— У Беларусі ёсць офісы, дзе жывуць коцікі. Але было б цудоўна, каб іх стала больш. Гэта стала б дадатковай крыніцай, куды можна ўладкоўваць бяздомных жывёл. Каты, у адрозненне ад сабак, не патрабуюць выгулу. Іх трэба толькі карміць і мяняць напаўняльнік у туалеце. Больш за тое, яны ствараюць на рабоце вельмі цёплую абстаноўку. Людзі, акрамя размоў пра накладныя і наяўнасць тавару, пачынаюць размаўляць яшчэ і на душэўныя тэмы. Больш за тое, калі ідзе нарада і на стале ляжыць кот, перамовы праходзяць больш спакойна. Заўважыў, што калі пачынаю павышаць голас, а кот на мяне глядзіць спужанымі вачыма, я адразу супакойваюся. У нашым офісе ў Баранавічах дзевяць гадоў жыў коцік-інвалід, мы яго падабралі на вуліцы, ён не хадзіў з-за траўмы пазваночніка. Дык вось, той няшчасны мурлыка вельмі згуртаваў калектыў нашай фірмы. Адно з пытанняў, якое я задаю чалавеку падчас прыёму на работу: «Як ставіцеся да жывёл?» Калі нейтральна, калі ласка, гэта нармальна. Я сам да сарака гадоў, пакуль служыў ва ўзброеных сілах, а потым быў заняты бізнэсам, не заўважаў на вуліцах бедных жывёлінак. Але, калі чалавек дрэнна ставіцца да катоў, я проста не змагу з ім працаваць.

Васіль Васільевіч прызнаўся, што сёння не ўяўляе свайго жыцця без катоў. Кажа, без іх яно было б сумным і ненапоўненым. Таму не дзіва, што коцікі акружаюць яго не толькі на рабоце, але і дома.

— У нас дома тры каты. Жывём з жонкай у вялікай кватэры для дваіх, таму часам, калі ў «Старым каце» не хапае месца, бяром на ператрымку хворых жывёлінак. Ізалюем ад сваіх здаровых у асобным пакоі, клапоцімся, лечым, а потым шукаем добрыя рукі.

— У мужа каты на першым месцы, — смяецца Лізавета. — Неяк піша мне ў вайбер: «Падыдзі, трэба штосьці сказаць, толькі ўваходзь асцярожна. А то ў мяне ў нагах спіць кот».

— Калі б гэта быў проста кот! А гэта кот, якога я ўзяў дамоў, каб сацыялізаваць, ён да людзей не ідзе, баіцца. Ён ужо год жыве ў мяне. Можа ляжаць у нагах, але толькі руку працягну — адразу палохаецца, уцякае. Калі яго падабралі, у яго былі зламаныя сківіца, лапа, таму не дзіўна, што ён не давярае людзям.

Трэба змалку прывіваць дзецям добрае стаўленне да жывёл. У нас быў выпадак, калі дзяўчынка падабрала на вуліцы і прынесла дадому хворае кацяня. Яе мама была спачатку катэгарычна супраць. Але потым, калі ўбачыла, што дачка збірае грошы на лячэнне няшчаснага коціка, зразумела, што трэба падтрымліваць такое памкненне. У сем'ях, у якіх ёсць жывёлы, дзеці вырастуць добрымі і чулымі. Я абсалютна ў гэтым перакананы.

— У вас ёсць мара, звязаная з катамі?

— Мару, каб на вуліцах не было хворых і галодных катоў. Каб у нашай краіне быў прыняты закон аб абароне жывёл. Каб на заканадаўчым узроўні быў замацаваны гуманны адлоў безнаглядных катоў, каб іх не ўсыплялі, а прышчэплівалі ды стэрылізавалі. Каб з'явілася дзяржаўная падтрымка валанцёраў, каб ствараліся прытулкі для катоў. Каб кожны бяздомны кот рана ці позна знашоў свайго гаспадара. Каб вёўся ўлік жывёл, было ўведзена абавязковае чыпіраванне, каб не было такога, што чалавек сёння ўзяў ката, пагуляў, а заўтра беспакарана выгнаў на вуліцу ў мароз. Думаю, што да канца свайго жыцця я буду займацца гэтай тэмай.

…Пакуль размаўлялі з Васілём і Лізаветай, у «Катавасію» прыйшла дзяўчына і прынесла пакунак лекаў для бяздомных коцікаў. Як толькі ўбачыла Яшу, расплакалася. Аказваецца, у яе нядаўна памёр гадаванец, падобны да галерэйнага ката. Крыху супакоіўшыся, дзяўчына купіла два фірмовыя календары «Катавасіі» на наступны год, грошы ад продажу якіх таксама пойдуць на лячэнне хворых жывёлінак.

— Наступны год — Ката. Што вы ад яго чакаеце?

— Я не веру ў гараскопы, прадказанні, — кажа Васіль Супрунюк. — У кожнага чалавека свой лёс. Але, нягледзячы на тое, што ўсё развіваецца па невядомых нам законах, кожны з нас у сілах змяніць свет да лепшага. У прыватнасці, сваімі добрымі справамі.

Каментары

«Нават яго прыхільнікі зразумелі, што жыць як раней ужо не атрымаецца». Беларусы расказалі пра атмасферу ў краіне напярэдадні выбараў2

«Нават яго прыхільнікі зразумелі, што жыць як раней ужо не атрымаецца». Беларусы расказалі пра атмасферу ў краіне напярэдадні выбараў

Усе навіны →
Усе навіны

У Маскве нацыяналізавалі нерухомасць алігарха з беларускімі каранямі Аляксея Хоціна

Прапагандысты выпадкова паведамілі, колькі плацяць за стварэнне крынджовых стыкераў да Дня народнага адзінства4

Апублікавала рылз пра Караткевіча і выйшла замуж праз восем месяцаў. Гісторыя кахання двух беларусаў3

У ЗША спынілі крымінальны пераслед Трампа па справе штурму Капітолія2

Беларускую спявачку Руслану Панчышыну прызналі ў Іспаніі адкрыццём года2

Генпракуратура расказала пра вялікую справу па дваровых чатах2

Белы дом афіцыйна прызнаў, што дазволіў Украіне наносіць удары ў глыбіню Расіі

Расійскі тыктокер, які раздражняў беларусаў, паляцеў з Мінска. Шчаслівы, бо змог паскандаліць у аэрапорце з «Белавія»39

Жыхарцы Магілёва пагражаюць крыміналкай за тое, што зняла ранішнюю чаргу ў рэгістратуру7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Нават яго прыхільнікі зразумелі, што жыць як раней ужо не атрымаецца». Беларусы расказалі пра атмасферу ў краіне напярэдадні выбараў2

«Нават яго прыхільнікі зразумелі, што жыць як раней ужо не атрымаецца». Беларусы расказалі пра атмасферу ў краіне напярэдадні выбараў

Галоўнае
Усе навіны →