У Кіеве бетонныя блокі ад былых блокпастоў ператварылі ў казачных герояў
У Кіеве вырашылі ператварыць у казачных герояў бетонныя блокі былых блокпастоў, каб на зімовыя святы стварыць магічную атмасферу для маленькіх украінцаў і падарыць ім казачныя прыгоды.
«Кожнае дзіця заслугоўвае шчаслівага дзяцінства — нягледзячы на вайну, абстрэлы і пастаянныя паветраныя трывогі», — адзначаюць арганізатары акцыі.
З пачатку ўварвання кампанія перадала вайскоўцам больш за 11 000 жалезабетонных блокаў для блокпастоў — зрэшты, некаторыя з тых часоў перасталі выкарыстоўвацца, але да гэтага часу застаюцца на абочынах сталіцы.
Да навагодніх святаў дзесяць такіх лакацый ператварылі ў казачных персанажаў.
На кожнай інсталяцыі даступны QR-код са спасылкай на квэст. У ім дзецям і іх бацькам трэба знайсці ўсе дзесяць персанажаў у Кіеве і паспаборнічаць за прызы.
«Гэта рэальнасць мільёнаў сем'яў. Нават калі мы не хаваемся ад абстрэлаў, вайна пераследуе нас у распыленых па горадзе блокпастах, процітанкавых вожыках і траншэях. Яны дадаюць адчуванне трывогі і небяспекі. Але вайна не павінна быць штодзённасцю для нашых дзяцей — яны і так аддалі ёй сваё дзяцінства», — адзначыла выканаўчы дырэктар групы кампаній «Кавальская» Вольга Піліпенка.
Акрамя квэсту, па спасылцы можна даслаць данат фонду «Дзеці герояў». Гэта дабрачынная ініцыятыва, якая дапамагае дзецям загінулых украінцаў псіхалагічна аднаўляцца. Сярод удзельнікаў, якія выканаюць квэст і заданацяць на ініцыятыву, будуць разыгрывацца салодкія падарункі.
Каментары