Грамадства99

Былы вязень шклоўскай калоніі расказаў, хто можа быць датычны да гібелі Вітольда Ашурка 

Пакуль вязень сядзеў у калоніі, ён сабраў звесткі ад іншых асуджаных, якія ведалі Вітольда Ашурка, пра дзень смерці вязня, пра тых, хто мог яго катаваць. А таксама распавёў пра ШІЗА, у якім ламалі людзей, піша «МатолькаПамажы».

Вітольд Ашурак. Фота: Вольга Быкоўская

Палітзняволены актывіст з Бярозаўкі Вітольд Ашурак памёр 21 мая 2021 года ў шклоўскай калоніі №17, дэталёвыя абставіны яго смерці невядомыя дагэтуль. Паводле афіцыйнай версіі, ён нібыта памёр ад спынення сэрца, але родныя палітвязня і раследавальнікі перакананыя ў гвалтоўным характары яго смерці.

У той жа калоніі, што і Ашурак, па палітычнай справе сядзеў і Уладзімір (імя зменена), які да выхаду на волю пастараўся даведацца максімум інфармацыі аб тым, што адбылося, каб пасля гэта апублічыць.

«Усё, што я буду распавядаць, заснавана на звестках ад іншых асуджаных, якія былі з ім знаёмыя», — тлумачыць мужчына.

Што наогул вядома пра шклоўскую калонію?

Папраўчая калонія №17 прызначана для людзей, якія ўпершыню адбываюць пакаранне. У свой час там адбывалі тэрмін такія палітвязні, як Зміцер Дашкевіч, Алег Гнедчык, Аляксандр Класкоўскі, Уладзімір Лобан, Дзмітрый Новік, Арцём Пракапенка, Мікалай Дзядок, Мікалай Статкевіч.

Калонія падзяляецца на жылую і прамысловую зоны. У вытворчай зоне — РУП «Сямнаццаць» — функцыянуюць абутковая, швейная вытворчасць, дрэваапрацоўка. У жылой зоне знаходзяцца атрадныя памяшканні, сталовая, клуб, царква і спартыўны гарадок.

Тэрыторыі ПК-17. Фота: Google Earth

Былому начальніку шклоўскай ПК-17 палкоўніку Сяргею Ермаліцкаму ў кастрычніку 2011 года быў забаронены ўезд у краіны Еўрасаюза за жорсткае абыходжанне з вязнямі і пераслед Мікалая Статкевіча. Ермаліцкі працаваў на пасадзе начальніка шклоўскай калоніі 22 гады. У 2015-м яго павысілі да начальніка ўпраўлення Дэпартамента выканання пакаранняў МУС па Гомельскай вобласці.

Праваабарончы цэнтр «Вясна» пісаў, што шклоўскія старажылы памятаюць, як у свой час на камбінаце будаўнічых матэрыялаў і вырабаў пры калоніі, папярэдніку РУП «Сямнаццаць», працаваў Аляксандр Лукашэнка.

У 2017 годзе калонія некалькі разоў трапляла ў навіны.

5 чэрвеня трое зняволеных, якія адбывалі тэрміны ў 14, 20 і 25 гадоў за згвалтаванні і забойствы, адважыліся на першыя за доўгі час уцёкі з папраўчай установы. На кожнага завялі крымінальную справу за спробу групавых уцёкаў.

У канцы чэрвеня 2017-га маці аднаго з асуджаных абвясціла галадоўку пад сценамі калоніі. Ксеніі Кузняцовай не спадабалася, што яе сына без тлумачэння прычын накіравалі ў штрафны ізалятар «за парушэнне рэжыму». Толькі пасля гэтага адміністрацыя калоніі ўсё ж вырашыла пагаварыць з маці і распавяла аб прычынах змяшчэння яе сына ў ШІЗА.

2 кастрычніка Уладзіслаў Казакевіч, які за год да гэтага зладзіў разню бензапілой у ГЦ «Еўропа» і атрымаў за гэта 15 гадоў зняволення, напаў з завостраным прадметам на супрацоўніка калоніі № 17.

Менавіта ў ПК №17 палітычным зняволеным апраналі жоўтыя біркі, аб чым у лісце паведаміў загінулы Вітольд Ашурак.

«Палітычных тут хапае. Так што сумаваць няма падставы. Тым больш, што адміністрацыя выдала загад мець жоўты колер бірак на вопратцы, і таму палітычных можна адрозніць здалёк», — пісаў ён.

Жоўтая бірка палітвязня Дзяніса Сасункевіча. Фота: ТРК «Брэст»

Акрамя таго, праваабарончы цэнтр «Вясна» паведамляў, што ў шклоўскай папраўчай калоніі №17 асуджаных, якія адказваюць на лісты ад чужых людзей, адпраўляюць у штрафны ізалятар (ШІЗА), а летам 2022 года стала вядома, што палітвязня Паўла Севярынца, які знаходзіцца ў шклоўскай калоніі, пазбавілі працяглага спаткання.

Што адбылося з Вітольдам Ашуркам у маі 2021 года і хто мог быць да гэтага датычны?

Уладзімір кажа, што ў момант, калі Вітольда Ашурка збівалі, адзін з атрадаў быў у камп'ютарным класе. Ён знаходзіцца на другім паверсе будынка штаба шклоўскай калоніі.

«У гэтым класе асуджаныя ладзяць відэазванкі. На гэтым жа паверсе — кабінеты адміністрацыі калоніі. Зняволеныя ў дзень забойства Вітольда заўважылі, што адміністрацыя і патрульныя афіцэры дзіўна сябе паводзяць. Афіцэры калоніі раптам збегліся менавіта ў будынак штаба. І атрад, які тэлефанаваў у гэты момант у камп'ютарным класе, быў выведзены, так і не патэлефанаваўшы».

У будынку штаба на другім паверсе ў пакоі надгляду, які знаходзіцца побач з кабінетам начальніка калоніі, няма камер. Як толькі першыя палітычныя сталі паступаць у калонію ў Шклове, да іх ужывалі фізічны гвалт у сляпых зонах будынка штаба, кажа былы вязень калоніі.

У пакоі надгляду звычайна зняволенага распранаюць і аглядаюць перад тым, як весці на пакаранне ў кабінет начальніка калоніі.

«Само пакаранне — гэта можа быць гутарка, вымова, пазбаўленне пасылкі, спаткання, пазачарговая ўборка тэрыторыі або ШІЗА», — распавядае Уладзімір.

Па словах былога зняволенага, фізічным гвалтам у шклоўскай калоніі звычайна займаўся аддзел рэжымна-аператыўнай працы разам з дзяжурнымі памочнікамі начальніка калоніі. Мужчына называе супрацоўнікаў калоніі, якія мелі дачыненне да здзекаў над палітычнымі зняволенымі.

«Гэта намеснік начальніка калоніі па рэжымна-аператыўнай працы М. Па яго загадзе ажыццяўляюцца гвалтоўныя дзеянні над асуджанымі. У яго ёсць намеснік — старэйшы рэжымны аператыўны работнік К. Ён сам займаецца біццём і іншымі формамі гвалту», — кажа мужчына.

«Таксама рэпрэсіямі зняволеных займаліся Г. — інспектар-рэжымнік, ён любіць ставіць людзей на расцяжку, К. — старшы інспектар-рэжымнік, П. — дзяжурны памочнік начальніка калоніі і У. — дзяжурны памочнік, мае вайсковую медыцынскую спецыяльнасць. Пасля смерці Вітольда яны перасталі настолькі жорстка ставіцца да зняволеных», — кажа мужчына.

Асобы названых ім супрацоўнікаў удалося праверыць — такія людзі сапраўды працуюць у шклоўскай калоніі.

Што адбываецца з людзьмі ў ШІЗА ПК №17?

Уладзімір таксама распавёў і пра ўмовы ўтрымання ў ШІЗА шклоўскай калоніі, дзе ён сам правёў шмат сутак.

«Ёсць адрамантаваныя ШІЗА, там на падлозе ляжыць плітка, і ёсць старая частка, дзе падлога драўляная. Там вельмі холадна, незалежна ад часу года чалавек знаходзіцца без спальнага камплекта», — кажа Уладзімір.

Вітольд Ашурак у ШІЗА ПК №17. Фота: АРБ

«Раніцай і ўвечары трэба станавіцца перад дзвярыма і спяваць гімн. На дзвярах ёсць фармуляр тэксту. Выйсці з ШІЗА палітычным вельмі складана, там пастаянна ладзяць правакацыі, якія выліваюцца ў парушэнні з боку асуджанага і служаць падставай для падаўжэння ўтрымання ў ШІЗА.

Напрыклад, трэба было кожны дзень там прыбірацца, але зразумець, у які час, было складана, бо няма гадзіннікаў. Супрацоўнік калоніі мог пастукаць і сказаць, што цяпер час уборкі. Але маглі і не папярэджваць. Сам асуджаны пачынаў прыбірацца, але потым яму рабілі вымову за адмову ад уборкі, бо ён зрабіў яе не ў той час.

На правядзенне ўборкі ў камеры адводзіцца паўгадзіны (усяго іх дзве ў дзень, першая адразу ж пасля ранішняга выканання гімна, другая — у дзве гадзіны дня). Нават калі асуджаны прыбірае камеру за значна меншы час, яму ўсё роўна трэба працягваць імітаваць уборку на працягу паўгадзіны», — кажа Уладзімір.

У камеры, акрамя холаду, у любы час года абсалютна пуста і ціха. Батарэі ў ШІЗА ёсць, але яны ледзь цёплыя.

«З рэчаў дазваляюць мець толькі зубную шчотку з пастай, тонкія шкарпэткі, споднюю майку, трусы. Ніякай тэрмабялізны нельга. Выдаюць там шызошную робу, адзін маленькі ручнік. Абмотвацца ім для сагравання шыі або іншых частак цела нельга — «парушэнне формы адзення».

Таксама выдаюць адну анучу для ўборкі (і падлогі, і паверхняў, і рукамыйніцы, і туалета) і чвэрць рулона туалетнай паперы разам з маленькім кавалачкам мыла на тыдзень. Кнігі праносіць нельга, карэспандэнцыя таксама забароненая», — успамінае ён.

ПК-17 у Шклове. Фота: «Вясна»

З ШІЗА зняволенага практычна нікуды не выводзяць — раз на тыдзень у душ альбо на пакаранне (яго там называюць «хрэсьбіны»).

Душ у шклоўскай калоніі знаходзіцца ў калідоры таго ж крыла будынка з камерамі. На яго даюць 10 хвілін, у якія ўключаны працэс галення і стрыжкі пад 1.

«Вязняў ШІЗА стрыжэ адзін з асуджаных, які абслугоўвае будынак», — кажа мужчына.

Над зняволеным, які правініўся, звычайна раз на тыдзень праводзіцца імітацыя паказальнага суда. Гэта праходзіць у кабінеце начальніка калоніі пры ўдзеле ўсіх ці амаль усіх членаў адміністрацыі ПК.

«Нават просяць альбо начальнікаў атрадаў, альбо пэўных членаў адміністрацыі прагаласаваць або хадайнічаць за пэўны від пакарання. Пры гэтым рашэнне аб тым, якое яно будзе, загадзя прынята начальнікам калоніі. Мабыць, супрацоўнікі ПК любяць такі афіцыёз і фармальнасці», — лічыць Уладзімір.

У самой камеры нельга ляжаць, нары (яны шчыльныя, без прарэзаў, жалезна-драўляныя пліты) на ўвесь дзень прымацоўваюцца ланцугамі да сцяны.

Нары ў ШІЗА ПК-17

«У прычэпленым стане на гэтых плітах бачныя гарызантальныя чырвоныя лініі крыху ніжэй за ўзровень галавы.

Пры ранішняй і вячэрняй праверках, пры разносе ў камеру сняданку, абеду, вячэры, перад памыўкай у душы, абсалютна ў любы момант хоць якога-небудзь узаемадзеяння супрацоўнікаў калоніі з камерай ШІЗА палітычным і звычайным асуджаным трэба станавіцца на расцяжку ў адной з прышпіленых пліт, разводзіць у бакі рукі і класці іх на розныя канцы чырвонай лініі, выкручваючы рукі навыварат, класці на лінію галаву, гледзячы пры гэтым строга ўніз.

Потым чакаць каманды павярнуцца і выканаць дзеянне, якое загадвае супрацоўнік. Так можна прастаяць ад некалькіх хвілін да некалькіх дзясяткаў хвілін і нават больш», — дзеліцца мужчына.

Таксама ў камерах ШІЗА над дзвярыма ёсць радыёкропкі, якія звычайна ўключаюць раніцай для правядзення зарадкі.

«Ёсць патрабаванне акрамя гімна, і не толькі ў ШІЗА, выконваць ранішнюю зарадку пад каманды аўдыязапісу з радыёкропак або гучнагаварыцеляў у жылой зоне калоніі», — распавядае ён.

Неабходна таксама станавіцца перад дзвярыма і выконваць каманды. Таксама з радыёкропкі некалькі разоў на тыдзень па раніцах абвяшчаюць і паўтараюць правілы ўнутранага распарадку для вязняў ШІЗА. На гэтым запісе гаворыцца аб наступствах знаходжання ў ШІЗА (напрыклад, што гэта можа прывесці да артыкула 411 КК), а таксама гучаць прыблізна такія словы:

«Знаходжанне ў ШІЗА павінна прынесці асуджанаму пэўны ўзровень і комплекс псіхалагічна-маральных пакут для змены яго паводзін у бок законапаслухмянасці».

За час знаходжання ў шклоўскай калоніі Уладзімір зрабіў выснову, што адміністрацыя калоніі імкнецца зацягнуць палітвязняў у ШІЗА з дзвюма мэтамі.

Па-першае, даць статус «злосніка» (асоба, якая злосна парушае рэжым адбыцця пакарання). Гэта трэба, каб выканаць разнарадку па стварэнні афіцыйнага, юрыдычна замацаванага негатыўнага вобраза палітычных.

Па-другое, стварыць падставу для адпраўкі палітвязняў на турэмны рэжым і завядзення артыкула 411 КК («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы») для падаўжэння тэрміну пазбаўлення волі.

«Гэта дазваляе рэжыму Лукашэнкі трымаць палітвязняў у закладніках, колькі хочаце», — лічыць Уладзімір.

Чытайце таксама: 

«Мэтай было не забіць, а зламаць маральна». Яшчэ адзін былы вязень шклоўскай калоніі расказаў сваю версію смерці Вітольда Ашурка

Расследавальнікі выпусцілі новы фільм пра смерць Вітольда Ашурка

«З камеры, дзе сядзеў Вітольд, былі чуваць крыкі». Былы палітвязень расказаў падрабязнасці пра гібель Ашурка

«І калі вы будзеце мяне хаваць, накрыйце мяне маім сцягам». Ашурка пахавалі пад нацыянальным бел-чырвона-белым сцягам

На магіле пакутніка Вітольда Ашурка з’явіўся помнік ФОТА

Каментары9

  • Mar
    16.12.2022
    Интересно, что почти у всех русские фамилии.
  • Нойз Говен
    16.12.2022
    И что Европа? Что Украина? С лукой по прежнему сюсюкаются, санкций не введено, про зерно ведут разговоры, товары идут караванами из Европы. Молодцы!
    А потом такие: что-то беларусы сцыкливые - не восстают.
  • Пан Усялян
    16.12.2022
    Звычайны фашызм... Псіхалагічна, маральна і фізічна знішчаць асобу, якая ад пачатку не можа супраціўляцца. Акрамя таго, усе гэтыя "групавыя" суды, пакаранні і іншыя рэчы, сведчаць толькі аб тым, што асобы, якія гэта робяць (кіраўнік калоніі, намесьнікі і г.д.) з'яўляюцца псіхічна хворымі і сацыяльна небяспечнымі элементамі. Гэтыя элементы (бо людзьмі іх назваць не павернецца язык) мусяць панесці ў будучым крымінальную адказнасць за свае дзеянні. У Беларусі, як на Украіне, таксама ідзе вайна... Знішчаецца нацыя...

«Я тая яшчэ памідорка». Што Ігар Тур піша ў тэлеграм-чатах са свайго асноўнага акаўнта

«Я тая яшчэ памідорка». Што Ігар Тур піша ў тэлеграм-чатах са свайго асноўнага акаўнта

Усе навіны →
Усе навіны

У Вільні прайшла акцыя падтрымкі Васіля Верамейчыка з удзелам каліноўцаў6

У Беларускай праваслаўнай царкве абнавілі цэннік? Вось якія будуць рэкамендаваныя тарыфы19

Трамп вызначыўся з кандыдатурай спецпасланніка ЗША па Украіне. Украінцам ягоны выбар не спадабаецца13

«Раз’ятрана церабіўся». Новыя пераклады з габрэйскай і польскай выклікаюць, хутчэй, пытанні2

Стала вядома, што за беларус арганізоўваў напад на расійскага апазіцыянера Волкава ў Вільні2

Кіпр забраў грамадзянства ў семярых расійскіх мільярдэраў і членаў іх сем'яў5

Прапагандысты прачыталі новую лекцыю за Лукашэнку пад назвай «Дыктат? Ура!»8

«Чыловы хлопец» дабраўся і да Беларусі. Што гэта за мем?4

Авіякампанія, з якой хацелі зрабіць лаўкост-канкурэнта «Белавія», прадае адразу 5 сваіх самалётаў1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Я тая яшчэ памідорка». Што Ігар Тур піша ў тэлеграм-чатах са свайго асноўнага акаўнта

«Я тая яшчэ памідорка». Што Ігар Тур піша ў тэлеграм-чатах са свайго асноўнага акаўнта

Галоўнае
Усе навіны →