Грамадства44

«У мяне цяпер самы шчаслівы час у жыцці». Бабруйчанка Галіна Дзямідава разбівае стэрэатыпы пра пенсію і «залаты» ўзрост

65-гадовая бабруйчанка Галіна Дзямідава жыве актыўным жыццём і ламае ўшчэнт распаўсюджаныя стэрэатыпы пра «залаты ўзрост» — што калі чалавек выйшаў на пенсію, яму застаюцца толькі дача і ўнукі, а ўсё самае цікавае ў жыцці ўжо ў мінулым. Галіна штодня вывучае новыя рэчы, ходзіць на заняткі ў «Акадэмію 50+», танчыць, гуляе ў тэніс, вандруе па Беларусі, марыць вывучыць англійскую мову. Як знайсці час і энергію на такое актыўнае жыццё? Ці дорага гэта? Што нам трэба змяняць у грамадстве, каб стварыць камфортнае наваколле для людзей «залатога ўзросту»? На гэтыя тэмы са спадарыняй Галінай паразмаўляў бабруйскі сайт 1387.by.

Галіна Дзямідава. Фота: 1387.by

«Я шчаслівая, што аднойчы сын распавёў мне пра «Акадэмію 50+»

— Спадарыня Галіна, давайце пачнём нашую гутарку з «Акадэміі 50+». Нядаўна на інстаграм-старонцы «Акадэміі» быў пост пра вас, дзе вы казалі, што «Акадэмія» стала для вас як сям’я. Распавядзіце, калі ласка, калі вы прыйшлі туды і чым там займаецеся?

— Пра «Акадэмію 50+» мне некалі распавёў сын. На заняткі я прыйшла ў лютым 2021 года, калі ўжо год не працавала. І я адразу зразумела, што трапіла туды, куды мне трэба, што тут можна даведацца пра розныя цікавыя рэчы. І мяне гэта проста захапіла.

Я цяпер хаджу ў «Акадэмію» амаль на ўсе заняткі, штодня. Часам прыходзіцца выбіраць, куды ісці, бо я яшчэ займаюся тэнісам у нашым цэнтры тэрытарыяльнага абслугоўвання.

Я для сябе адкрыла, колькі ў нас цікавых, разумных людзей. Я шчаслівая, што аднойчы сын распавёў мне пра «Акадэмію». А нядаўна мяне выбралі тут старшынёй Рады, і я ўдзячная, што ўва мне ўбачылі такі патэнцыял.

Ведаеце, калі ты працуеш, то кожны дзень у грамадстве, калектыве. А потым сыходзіш на пенсію і нібы «выпадаеш з абоймы». І ўсё — чым займацца? У некаторых ёсць гарод. Але гарод — гэта паўгода. А што рабіць узімку? Вязаць 150 пар шкарпэтак? Дзякуючы «Акадэміі», я зноў жыву актыўным жыццём.

«Няпраўда, што людзі ва ўзросце не могуць засвоіць сучасныя тэхналогіі»

Галіна Дзямідава. Фота: 1387.by

— Якія заняткі ў «Акадэміі» вам найбольш падабаюцца?

— Самы ўлюбёны курс — «Вандроўкі ў часе і прасторы». Алег Красны, які яго вядзе — вельмі цікавы расказчык. Ён шмат ведае, і калі яго слухаеш, проста пагружаешся ў тое, хто мы і адкуль, як жылі нашыя продкі.

Вельмі спадабаліся заняткі па стылю і модзе, напрыканцы якіх нам зладзілі фотасесію. Шмат хто з нас тады зразумеў, як можна жыць і не баяцца ўзросту, раскрывацца і атрымліваць задавальненне ад жыцця.

Вельмі люблю хадзіць на танцы — летась мы танчылі джаз, а сёлета развучваем бачату. Я ўвогуле люблю танчыць, мне хочацца рухацца — і ў санаторыі магу схадзіць на дыскатэку, і дома ўключыць энергічную музыку і танчыць.

Яшчэ мне вельмі падабаецца курс «Мова на кожны дзень» — на ім мы вывучаем беларускую мову, якая, на жаль, раней заўсёды была для нас як замежная. Курс вельмі цікавы, інтэрактыўны. Мы знаёмімся таксама з беларускай культурай, пісьменнікамі, кнігамі.

Акрамя таго, нас вучаць працаваць у інстаграме, здымаць відэа. Ёсць стэрэатып, што людзі ва ўзросце не могуць авалодаць сучаснымі тэхналогіямі. Няпраўда! Усё можна засвоіць, калі захацець. Нашыя студэнты такія відэа здымаюць — вы б бачылі!

Пасля майстар-класа па вырабе гномаў. Фота: «Акадэмія 50+»/Instagram

Сёлета ў нас з’явіўся новы прадмет, называецца «Давай пагаворым». Ён пра акцёрскае майстэрства. Там трэба, напрыклад, пэўны вершык распавесці ў нейкай эмоцыі, напрыклад, у страху, ці ў розных сітуацыях — напрыклад, калі ты на моры ці спазняешся на працу. Мне вельмі падабаецца спрабаваць па-рознаму, артыстычна ўсё гэта паказаць. Мы там усе вельмі раскрываемся.

«Дзеці бачаць мой лад жыцця і ганарацца»

— А чым вы займаецеся па-за «Акадэміяй»?

— У нас шмат розных актыўнасцяў. Напрыклад, ладзілі майстар-класы — па вырабе гномаў, пляценні вянкоў. На Новы год заўсёды нешта прыдумваем, робім упрыгожанні. Карацей, жыццё проста кіпіць.

А дома я займаюся арт-тэрапіяй — расфарбоўваю мандалы. Я раней не малявала, але неяк паспрабавала, і мяне гэта таксама захапіла — цяпер штодня расфарбоўваю жыццё ў колеры, якія хачу. Яшчэ люблю раскладваць пасьянс, гатаваць.

Па вечарах чытаю кнігі. Мой дзень пралятае хутка, бо ён вельмі насычаны. Раніцай абавязкова раблю зарадку хвілін 15—20. І вельмі люблю, калі далей ідзе актыўны дзень.

На майстар-класе па пляценні вянкоў. Фота: «Акадэмія 50+»/Instagram

Я жыву разам з дзецьмі. Яны бачаць мой лад жыцця і ганарацца. Я раней перажывала, што ў іх пакуль няма сваіх сем’яў, а ў мяне — унукаў, але дзеці сказалі — мама, жыві сваім жыццём. І я зразумела, што калі буду сядзець і перажываць, гэта нічога не зменіць. Будзе — дык будзе. Галоўнае, каб яны былі шчаслівыя тым жыццём, якім жывуць. І пераключылася на сябе.

«Калі чалавеку падабаецца тое, што ён робіць, то і энергія з’яўляецца»

— Спадарыня Галіна, вы столькі ўсяго робіце — і ў «Акадэміі 50+» займаецеся, і на тэніс ходзіце, і дома не ляжыце проста на канапе. Дзе вы бераце столькі энергіі і як яе падтрымліваеце?

— Шчыра кажучы, я сама сабе здзіўляюся. У мяне такое адчуванне цяпер, як я ўжо казала раней, нібы я жыву трэцяе жыццё. Першае — гэта дзяцінства, юнацтва, маладосць. Другое — сямейнае, дзеці, муж. І трэцяе цяпер — калі я магу жыць сама для сябе. І гэта дае мне шмат энергіі — разуменне, што я ні ад кога не залежу, што сама магу планаваць свой дзень. Мне вельмі падабаецца, як я жыву. А калі чалавеку падабаецца, то ў яго і энергія з’яўляецца.

Забіраюць энергію тэлевізар, навіны, серыялы, плёткі. У нас шмат маіх аднагодак, якія сядзяць на лавачках каля пад’ездаў і абмяркоўваць, хто ў каго ажаніўся, развёўся, нарадзіўся. Мне такое зусім нецікава. І я заўважыла, што са сваімі былымі сяброўкамі мне часам ужо няма пра што паразмаўляць, мы сталі менш сазвоньвацца.

Мне цяпер 65 гадоў, і мяне часта пытаюць, як я адчуваю ўзрост. Я кажу — гадоў на 10 маладзей дакладна. Таму што я ўвесь час вывучаю нешта новае, мозг працуе, сустракаюся з людзьмі, атрымліваю станоўчыя эмоцыі. З такім актыўным жыццём ты проста не задумваешся, дзе што баліць. Я ўвогуле забылася, як што можа недзе балець.

«Адкрываю, наколькі прыгожая нашая Беларусь»

Галіна Дзямідава. Фота: 1387.by

— Вы пішыце ў інстаграме пра свае вандроўкі па Беларусі. Можаце распавесці пра іх падрабязней?

— Я двойчы была за мяжой. А ў Беларусі за ўсё жыццё амаль нідзе не была. А цяпер з «Акадэміяй» і з цэнтрам тэрытарыяльнага абслугоўвання я стала ездзіць і адкрываць, наколькі прыгожая наша Беларусь, якія цудоўныя мясціны ў нас ёсць. Я даўно хацела з’ездзіць у Гродна, але ўсё не было магчымасці і кампаніі. А з «Акадэміяй» атрымалася паехаць на два дні. Гэта было проста цудоўна.

Яшчэ мне Наваградак вельмі спадабаўся. Тураў вельмі цікавы. Што ні вазьмі — у нас паўсюль цікава. Неўзабаве паедзем у Слуцк і Старыя дарогі, у оперны тэатр у Мінск.

Таксама я пачала адкрываць для сябе Бабруйск, хадзіць на экскурсіі. Бо мы тут жывем і нібыта ўсё бачылі, тую ж крэпасць, але нічога не ведаем з яе мінулага. Ці з гісторыі Сацыялкі. І новыя мясціны для сябе адкрываю, як Порт-Артур, напрыклад. Ці яшчэ было цікава даведацца, што наш тэатр раней месціўся ў Пажарным завулку.

— Бабруйск — ваш родны горад?

— Не зусім. Я нарадзілася ў Глуску. Але калі мне было тры гады, мы з сям’ёй пераехалі ў Караганду — бацька паехаў на працу, а мама за ім з трыма дзецьмі. Адтуль праз тры гады нас, дзяцей, адных адправілі ў Беларусь. Старэйшай сястры было 14 гадоў, брату 11, а мне 6.

У Бабруйску я пайшла ў школу. Пасля вучобы па накіраванні паехала пад Ніжні Ноўгарад. Потым зноў вярнулася. Потым за мужам у Польшчу, у Тбілісі. Карацей, пакаталася. У Бабруйск канчаткова мы вярнуліся ў 1988 годзе. Тады я ўладкавалася касіркай на гарбарны камбінат, дзе і працавала да пенсіі.

«На дачы павінны быць басейн, гамак, зялёная траўка, кветкі»

Галіна Дзямідава. Фота: 1387.by

— Спадарыня Галіна, а раней, гадоў 20—30 таму, калі вы яшчэ працавалі, ці думалі пра тое, як будзеце жыць на пенсіі? Ці адрозніваецца вашае цяперашняе жыццё ад таго, як вы сабе яго ўяўлялі?

— Я не чакала, што буду жыць такім насычаным жыццём, і калі б мне хто сказаў раней, я не паверыла б. Хоць і была заўсёды даволі актыўнай — тым жа валейболам займалася, лыжамі, на каньках каталася.

Перад пенсіяй у мяне пыталіся — што ты будзеш рабіць, у цябе ж нават дачы няма? А я ім адказвала — а ў вас хіба дачы? Гэта «гарбачы», а не дачы. На дачы павінны быць басейн, гамак, зялёная траўка, кветкі. А што ў вас? Корпаецеся ў градках, а потым у вас баліць паясніца і ўсё астатняе. А я хаджу ў «Акадэмію», у тэатр, п’ю з цікавымі людзьмі гарбату, чытаю кнігі, гляджу добрыя фільмы.

У мяне цяпер самы шчаслівы перыяд у жыцці. Лёс мяне пабіў дастаткова, таму пасля ўсяго гэтага я цяпер нібы наноў нарадзілася. Я часам не хачу ўзгадваць сябе ранейшую і тое, праз што мне прыйшлося прайсці. І я часам нават не веру, што ў мяне магло быць такое жыццё, а цяпер я магу так атрымліваць задавальненне ад жыцця. Маё жыццё вельмі моцна змянілася, на 180 градусаў.

«Справа ў не грашах, а ў адсутнасці культуры адпачынку»

Галіна Дзямідава. Фота: 1387.by

— Часта можна пачуць, што актыўны лад жыцця — гэта дорага, і таму ў «залатым узросце» людзі могуць дазволіць сабе гэта толькі на Захадзе, але не з нашым узроўнем даходаў. Вы згодная?

— А што дорага? Зрабіць зарадку? Ці прайсці пешшу кіламетр—паўтара? Гэта ж таксама актыўны лад жыцця, і хадзьба для нас вельмі карысная, і гэта цалкам бясплатна.

Ці на тэніс я хаджу — там увогуле бясплатна. Ці дорага праехаць на аўтобусе да месца заняткаў пару кіламетраў? Нядорага.

Вандроўкі па Беларусі таксама недарагія. Мы едзем у Слуцк і Старыя Дарогі за 31 рубель. Гэта дорага?

Ці ў кавярню на гарбату завітаць. Я калі кажу сяброўкам, што мы з «Акадэміяй» хадзілі ў кавярню, чую — навошта грошы траціць? Але якія там грошы на гарбату і нейкую слодыч? Тут справа не ў грашах, а ў адсутнасці культуры адпачынку, цікавасці да таго, каб сустрэцца з людзьмі, паразмаўляць.

Канешне, магчыма, хтосьці пойдзе набярэ мяса і каўбасы, накрые стол і патраціць усе грошы, і тады ўсё астатняе будзе дорага. Але тут што каму патрэбна. Я, напрыклад, даўно не ем мяса і каўбасы. У мяне ў прыярытэце іншыя рэчы. І я перакананая, калі чалавеку цікава — ён 100% знойдзе сродкі і магчымасць.

Галіна Дзямідава. Фота: 1387.by

У мяне пытаюцца — як табе хапае пенсіі? А мне хапае. І мне не шкада грошай на ўражанні, веды, эмоцыі. Потым глядзіш фотаздымкі, відэа і жывеш з добрымі ўспамінамі, што ты там быў. І гэта застанецца са мной на ўсё жыццё.

«У нас няма разумення, што жанчына ў любым узросце можа добра выглядаць»

— У вас сапраўды вельмі шмат заняткаў. Але, магчыма, ёсць штосьці, што яшчэ хацелася б зрабіць? Нейкая мара?

— Планаў у мяне шмат (смяецца — рэд.). Хачу наведаць Італію, Парыж. Хачу вывучыць англійскую мову, бо хачу мець магчымасць камунікаваць з людзьмі, калі паеду за мяжу. Але пакуль не магу выдзеліць час для заняткаў, бо калі ўсяго зашмат, гэта таксама не вельмі добра, бо важна не стаміцца ад актыўнасці. Але калі жаданне ўжо ёсць, то магчымасць абавязкова прыйдзе — я ўпэўнена.

— З якімі яшчэ стэрэатыпамі пра «залаты ўзрост», акрамя «гарод, шкарпэткі, унукі», вам даводзіцца сутыкацца ў штодзённым жыцці?

— Як апранацца. Часта можна пачуць — як у такім узросце можна такое апрануць? У нас няма разумення, што жанчына ў любым узросце можа сачыць за сабой і добра выглядаць. Таму мне вельмі спадабаўся курс пра стыль і моду. Ён навучыў заўважаць, што лепш спалучаць, якія рэчы падыходзяць адна да другой. І я цяпер стараюся падбіраць гардэроб адпаведна з тым, чаму нас вучылі.

А некаторыя ўвогуле кажуць — для каго апранацца? Я зусім гэтага не разумею. Бо для сябе ж. Калі ты прыгожа, стылёва апранутая, то ідзеш і любуешся сабой, адчуваеш сябе камфортна, упэўнена.

«Перастала есці мяса і з’явілася лёгкасць»

Галіна Дзямідава. Фота: 1387.by

— Але гэта ўжо, напэўна, дакладна дорага — прыгожа апранацца, калі ты жывеш толькі на пенсію?

— Цалкам не! Можна знайсці недарагія прыгожыя рэчы, па тых жа зніжках. Хоць бывае што выбар вялікі, а набыць няма чаго. Так у мяне з беларускай прамысловасцю — часам зайду ў краму, гляджу і думаю — навошта гэта ўсё выпускаць? Няўжо ў нас няма разумных людзей, якія могуць нешта добрае прыдумаць?

Часам, калі мне рэч падабаецца, я магу купіць даражэйшую. Але калі яна якасная, яна ж доўга праслужыць. Як паліто ці боты, якія я нашу па 7—8 гадоў. І тады атрымліваецца, што гэта нядорага.

— Спадарыня Галіна, вы ўзгадалі, што не ясце мяса. Вы сталі вегетарыянкай?

— Не, я не вегетарыянка. І часам магу з’есці мяса — у гасцях, у паездках, калі няма альтэрнатывы. Але ў штодзённым жыцці я аддаю перавагу кашам, гародніне, садавіне, ем яйкі, фасолю. Мяса спачатку перастаў есці мой сын. Я перажывала — як гэта, мужчына і не есць мяса? А потым сама стала заўважаць, што тыя ж куры сталі без смаку. Мне расхацелася іх есці. І з цягам часу я зразумела, што лепш сябе адчуваю без мяса. З’явілася нейкая лёгкасць.

«Адчуваем сябе як студэнты і не заўважаем свой узрост»

Галіна Дзямідава. Фота: 1387.by

— Спадарыня Галіна, ці можаце вы сказаць, што ў нашым грамадстве створанае камфортнае наваколле для людзей усіх узростаў? Магчыма, штосьці, на ваш погляд, трэба змяніць?

— Каб наваколле было камфортным, трэба змяніць ментальнасць. Узяць, напрыклад, танцы. За мяжой людзі нашага ўзросту вельмі любяць хадзіць на танцы. Там і музыка добрая, і мужчыны таксама ходзяць. А ў нас ці саромеюцца, ці баяцца — не ведаю. Чамусьці існуе меркаванне, што на танцы ідуць, каб з некім пазнаёміцца. Але гэта зусім не так. Я, напрыклад, проста люблю танчыць і для мяне шчасце быць у пары з тым, хто танчыць прыгожа.

Магчыма, у нас людзі мала ходзяць на танцы, бо там насамрэч бывае проста нецікава. Напрыклад, у Палацы мастацтваў заўсёды адна і тая ж музыка — што пяць гадоў таму, што тры, што цяпер. І рэпертуар — песні ваенных часоў. Адкуль гэтая ўпэўненасць, што пенсіянерам нецікавая сучасная, энергічная музыка?

— Што б вы хацелі сказаць бабруйцам — сваім аднагодкам?

— Я хачу прапанаваць прыйсці да нас у «Акадэмію» і паглядзець, якім жыццём можа жыць чалавек нашага ўзросту. Што ёсць не толькі гарод, унукі і вязаныя шкарпэткі, а шмат новага, чаму можна навучыцца, што побач — шмат цікавых людзей. Напрыклад, нашыя студэнты пішуць вершы, адна жанчына выдала кнігу, іншая ведае некалькі моў. У нас ёсць літаратурная кавярня, вечары літаратурныя, мы чытаем вершы, спяваем песні. Карацей, мы проста жывём. Не існуём, а жывём. І штодня па-рознаму. Насычана, цікава. Мы — студэнты «Акадэміі 50+», і так мы сябе і адчуваем — як студэнты. Мы не заўважаем свой узрост.

Чытайце таксама:

Жанчына з Чашніцкага раёна працуе вясковай старастай. Яна і бур'ян абкосіць, і хмызняк высеча

«Малако ад іх смачнае, без паху казла». Бабруйчане трымаюць коз рэдкай пароды і не могуць нацешыцца

«Дамашні мёд не ідзе ні ў якое параўнанне з дзікім». Як палескі бортнік захоўвае старажытны промысел

Каментары4

  • хх
    01.12.2022
    госпадзе.. сустракацца з такімі ж кашолкамі, як сама.. нуў але -абы падабалася. каму што, як гаварыцца. свякроў на нешта такое ходзіць і ходзіць

    а маці ("кашолкі" - гэта ейнае слова. я ўжо раблюся, як маць( нікуды не ходзіць. але яна абсалютна дабравольна і не маючы ніякіх сродкаў на гэта, прыбірае, падкрашвае, як можа, пад'езд, саджае кветкі ля яго і т.п... да 20 года хадзіла на сустэчы з мясцовымі дэпутатамі "каб даць ім трындзюлей" (ейныя словы), то бок прымусіць хоць нешта рабіць для людзей і г.д.
    "для меня общественное важнее личной жизни" - таксама ейныя словы. і ў каго такая яна? яна ж усё жыццё ненавідзела камуністаў)

    гэтай восенню быў смешны момант. у суботу яна, як звычайна, выйшла ля пад'еда прыбраць галінкі і т.п. як раптам падлятаюць да яе журналісты) православных каналов) аказваецца, у гэты дзень быў суботнік) а яна нічога не ведала пра яго. навошта ёй? ды й тэліка ў яе няма -зламаўся. і вось, значыць, падлятаюць некалькі штук гэтых ж на адну  "суботніцу") выпадковую) бо з невыпадковых жа ніхто не выйшаў. хацелі ўзяць у яе інтэрв'ю.. а яна ім культурна адмовіла - я не начапураная, маўляў
    пачакайце смяяцца, бо гэта шчэ не ўсё самае смешнае... самае смешнае, што яна даўно марыла трапіць у тэлік... нават запрашала, каб свае працы паказаць... яна шые-вяжа і т.п... але тады журналісты не шлі. а тут вось прыйшлі... а атрымалася вунь яно як)
  • да пенсіі яшчэ 10 гадоў, но
    03.12.2022
    Анжэла, вы ўпэўнены, што пенсія тады ўвогуле будзе?
    бо я вось спадзяюся, што да "пенсіі" не дажыву 
  • в Беларуси 3 столицы - Минск, Бобруйск и Плещеницы
    03.12.2022
    вы бы написали кем или чем эта благообразная  ̶с̶т̶а̶р̶у̶ш̶к̶а̶ работала
    до выхода на пенсию

Брат удавы Зельцара: Кадэбісты ішлі ў кватэру па мяне

Брат удавы Зельцара: Кадэбісты ішлі ў кватэру па мяне

Усе навіны →
Усе навіны

Дзе знаходзіцца дом, які прадалі даражэй за ўсё ў кастрычніку1

Прагноз Шрайбмана: пасля выбараў рэпрэсіі зменшацца23

«А сэнс арандаваць кватэру?» Гісторыя беларускай пары, якая жыве ў аўтадоме і падарожнічае па Еўропе1

Каля берагоў Егіпта затанула судна з 31 турыстам. Ці былі там беларусы, невядома

«Мокры» фасад і перапланіроўка: як цяпер выглядае кінатэатр «Масква» ў цэнтры Мінска ФОТЫ

У планах Расіі — падзяліць Украіну на тры часткі. Вось карта з сакрэтнага расійскага дакумента21

Жыхароў Гомельшчыны выклікаюць у пракуратуру, каб узяць абавязальніцтвы аб «належных паводзінах» падчас выбараў1

Улады Літвы не выключаюць тэракта на борце самалёта DHL, які ўпаў у Вільні

17-гадовая дзяўчына ў Расіі панесла есці свінням і загінула2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Брат удавы Зельцара: Кадэбісты ішлі ў кватэру па мяне

Брат удавы Зельцара: Кадэбісты ішлі ў кватэру па мяне

Галоўнае
Усе навіны →