«Мярзотнікі святое падстаўляюць». Лукашэнка выступіў з заявамі пра падзенне ракеты ў Польшчы
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што інцыдэнт з падзеннем ракеты на тэрыторыі Польшчы падобны да «дагаварняка». Гэтую тэму ён закрануў падчас сустрэчы з кіраўніком Удмурцкай Рэспублікі Аляксандрам Брачалавым, піша БелТА. Сцвярджэнні Аляксандра Лукашэнкі адносна інцыдэнта з ракетай заведама хлуслівыя.
Ён звярнуў увагу, што ніхто не дае адказу на шэраг пытанняў. «Чаго ж гэтая шалёная ракета, пушчаная ўкраінскімі вайскоўцамі (а стралялі на ўсход — ракеты расійскія збівалі ў кірунку усходу), што ж яна так развярнулася і прайшла ў адваротны бок? Хай прафесіяналы адкажуць на гэтае пытанне. Гэтак жа не бывае. Такіх выпадковасцяў не бывае, — лічыць Лукашэнка. — Ну так, можна сказаць, што, ведаеце, ракета за Львоў ужо паляцела расійская, ледзь не ў бок Польшчы, таму С-300 развярнулася і ўжо страляла на захад. Паўстае пытанне: чаго ж вы стралялі, украінцы, у бок натаўскай дзяржавы? Ну і галоўнае пытанне, на што ніхто не адказвае, і амерыканцы маўчаць: а ў гэты момант, калі пуск ракеты С-300 украінцы ажыццяўлялі, па чым яны білі, па якіх аб'ектах? У гэты час не было ракет у паветры. Маўчаць. І амерыканцы маўчаць, не гавораць. Таму што разумеюць, што і мы кантралюем гэтую тэрыторыю. І сёе-тое мы бачым тут».
«Трэба на элементарныя пытанні адказаць. Чаму менавіта падчас саміту дваццаткі раптам атакавалі натаўскую дзяржаву, як гэта было першапачаткова прадстаўлена. Ведаеце, я баюся рабіць высновы, але падобна да такога дагаварняка, што далей няма куды. Але крыху не разлічылі — людзі загінулі. І палякам трэба адказаць ўласнаму насельніцтву. Кіраўніцтву Польшчы трэба адказаць перад палякамі, як магло так здарыцца, чаму білі па тэрыторыі Польшчы, хто дамовіўся, чаму ракета раптам з усходу на захад павярнула і паляцела, і чаму ў той момант стралялі, калі ў паветры не было расійскіх ракет. У гэты момант не было ракет. Вось на гэтыя пытанні трэба адказаць, і ўсё стане зразумела», — сказаў ён.
«Ведаеце, мярзотнікі даходзяць да таго, што святое падстаўляюць», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
У сувязі з гэтай сітуацыяй Лукашэнка пахваліў Джо Байдэна: «Малайцы. Джо Байдэн. Яму трэба аддаць належнае, што ён шчыра сказаў: «Прабачце, не расійская (ракета)».
«Таму цяпер супраць нас ідзе жорсткая вайна, схватка. І вось гэты прыклад паказвае. Апякліся і хуценька спрабуюць, як зладзеі, закрыць гэтую тэму. Ужо яна на Захадзе амаль і не абмяркоўваецца. Ну, значыць, гэта толькі пачатак. І яны шкадуюць, палякі і ўкраінцы, што гэта не расійская ракета, якая ляцела. Ім трэба нас справакаваць, трэба эскалацыя. Таму нам трэба глядзець на нашых людзей, на нашу эканоміку. Эканоміка — аснова ўсяго. Будзе эканоміка — нам не страшныя ніякія войны. Думаю, калі бог ёсць на свеце, ён хутка ўсё гэта высвеціць», — заявіў Лукашэнка.
Сцвярджэнні Аляксандра Лукашэнкі адносна інцыдэнта з ракетай заведама хлуслівыя. Інцыдэнт здарыўся на фоне масіраванай расійскай ракетнай атакі на ўкраінскія гарады, калі было выпушчана каля 85 ракет. Іх збівалі ў розных кірунках — у залежнасці ад таго, дзе размяшчаліся ўкраінскія проціракетныя батарэі. Як адзначылі кіраўнікі ЗША і Германіі, інцыдэнта не было б, калі б не было ракетных абстрэлаў Украіны і, шырэй беручы, вайны, саўдзельнікам якой выступае і рэжым Лукашэнкі.
Каментары