«Пасля падзеяў у Казахстане не стрымаўся»: вынесены прысуд жыхару Мінска Міхаілу Нямцову
У Мінскім абласным судзе 14 лістапада завяршыўся разгляд крымінальнай справы 34-гадовага жыхара сталіцы Міхаіла Нямцова. Яго абвінавацілі ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці па ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса і ў абразе прэзідэнта (ч. 1 арт. 368).
Справу разглядала суддзя Ірына Майко, піша «Вясна».
Па матэрыялах абвінавачання, Міхаіл Нямцоў 5 студзеня 2022 года з дапамогай мабільнага тэлефона iPhone размясціў у тэлеграме паведамленне, у якім змяшчалася відавочна негатыўная ацэнка асоб, якія служаць у арміі і ўнутраных войсках Расіі і Беларусі. Гэтыя ацэнкі звязаныя з падзеямі ў Казахстане, калі там адбыліся хваляванні і гібель мірных пратэстоўцаў. У публікацыі, як сцвярджае следства, Нямцоў выкарыстаў ненарматыўную лексіку, заклікаў да гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да названай групы асоб.
Акрамя таго, 6 студзеня 2022 года абвінавачаны размясціў у інтэрнэце паведамленне, у якім прыніжаў гонар і годнасць Лукашэнкі.
Судовы працэс доўжыўся з 6 кастрычніка.
У выніку на падставе ч. 1 арт. 130 ч. 1 арт. 368 КК Нямцову па сукупнасці злачынстваў прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін тры гады з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Каментары