Пашыраны пералік асоб, якія могуць патрапіць у катэгорыю «не занятых у эканоміцы». У групу рызыкі цяпер трапілі шматдзетныя бацькі і бацькі маленькіх дзяцей да 7 гадоў.
Урад пастановай ад 28 верасня ўнёс папраўкі ў Палажэнне аб парадку аднясення працаздольных грамадзян да не занятых у эканоміцы, фарміравання і вядзення базы дадзеных працаздольных грамадзян, не занятых у эканоміцы. Новыя правілы запрацуюць з 1 снежня 2022 года.
Цяпер «дармаедамі» могуць быць прызнаныя шматдзетныя бацькі і бацькі маленькіх дзяцей да 7 гадоў. Раней мелі «імунітэт» ад траплення ў базу «грамадзяне, якія з'яўляюцца маці (мачахай) або бацькам (айчымам), усынавіцелем (удачарыцелем), апекуном (папячыцелем) і выхоўваюць дзіця ва ўзросце да 7 гадоў, дзіця-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў, траіх і больш непаўналетніх дзяцей».
У новай рэдакцыі Палажэння згадкі пра бацькоў прыбралі ўсюды, за выключэннем бацькоў дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў.
Таксама ў базе «дармаедаў» цяпер могуць апынуцца грамадзяне, якія працуюць з інтэлектуальнай уласнасцю паводле грамадзянска-прававых дамоваў, калі яны не атрымліваюць за гэта адпаведнае ўзнагароджанне. Раней агаворкі пра даходнасць не было.
Адна з катэгорый грамадзян, наадварот, выключаная з «дармаедскай» базы — члены радаў дырэктараў (наглядальных радаў) гаспадарчага таварыства будуць лічыцца занятымі ў эканоміцы, калі яны атрымліваюць узнагароду ад кампаніі.
З 1 мая 2021 года працаздольныя грамадзяне, не занятыя ў эканоміцы, аплачваюць павышанымі тарыфамі гарачае водазабеспячэнне, ацяпленне і газазабеспячэнне пры наяўнасці індывідуальных газавых ацяпляльных прыбораў.
Так званая «база дармаедаў» — спіс, у які заносяць не занятых у эканоміцы краіны грамадзян — абнаўляецца раз на тры месяцы.
Каментары