«Я хачу выгнаць свалату з нашай зямлі». У спіс прэтэндэнтаў на «Оскар» ад Украіны трапіў яшчэ адзін фільм
Спачатку на «Оскар» ад Украіны быў вылучаны толькі адзін фільм — «Кландайк», які расказвае гісторыю сямʼі, што апынулася ў эпіцэнтры авіякатастрофы рэйса MH17 у Данецкай вобласці. Але цяпер у спіс фільмаў, якія будуць прадстаўленыя ад Украіны, дадалася яшчэ адна стужка. Гэта фільм рэжысёра Марʼяна Бушана «Снайпер. Белы крумкач», паведамляе «УП» са спасылкай на ўкраінскі оскараўскі камітэт.
Як распавялі ў камітэце, з-за тэхнічных момантаў, якія не залежаць ад арганізатараў, фільм «Снайпер. Белы крумкач» спачатку не трапіў у спіс, аднак стужка адпавядае ўсім тэхнічным патрабаванням, таму пасля паўторнай дэталёвай праверкі яе дадалі ў пералік кандыдатаў на прэстыжную кінапрэмію.
Фільм Бушана заснаваны на рэальных падзеях і распавядае пра экапасяленца і пацыфіста з Данеччыны, які да вясны 2014 года жыў у самаробнай зямлянцы, удалечыні ад людзей. Аднак акупанты захапілі яго зямлю і забілі жонку, пасля чаго мужчына вырашыў помсціць.
У героя ёсць рэальны прататып — Мікалай Варонін з Горлаўкі, які таксама быў эксцэнтрычным экаактывістам, а потым стаў адным з «кібаргаў» і абараняў Данецкі аэрапорт.
Галоўную ролю ў фільме выканаў Павел Алдошын, які цяпер таксама падпісаў кантракт і абараняе Украіну.
Каментары