«Колькі грошай пайшло, не лічыў і не хачу». Былы кіраўнік Талачына адзін аднаўляе 200-гадовую капліцу
Аляксандр Марэйка — былы кіраўнік Талачына, райцэнтра ў Віцебскай вобласці, дзе жыве каля 10 тысяч чалавек. Цяпер ён пенсіянер. А яшчэ рэканструктар-самавук. Вось ужо 4,5 года ён адзін аднаўляе капліцу-пахавальню XIX стагоддзя ў вёсцы Равучча пад Талачыном — на месцы былой сядзібы Халяпінка, якая належала князям Хамянтоўскім. Марэйка сам усталяваў над ёй дах, разабраў завалы смецця, спілаваў трухлявыя дрэвы, прасек дарогу да пагорка, дзе стаіць «каплічка». Усё гэта за свае грошы. Onlíner даведаўся, навошта экс-чыноўніку гэта валанцёрства, калі можна спакойна сядзець на пенсіі, займацца ўнукамі, рыбалкай і агародам.
Халяпінка — былы маёнтак князёў Хамянтоўскіх пад Талачыном. Зараз ад сядзібы засталіся толькі руіны фамільнай капліцы-пахавальні. Ёй больш за 200 гадоў. На званічнай арцы добра бачныя даты: 1803-1822. Ці то гэта гады, калі будавалі будынак, ці то перыяд, калі тут хавалі Хамянтоўскіх.
Хамянтоўскія — вядомы дваранскі род у ВКЛ, а затым у Магілёўскай губерні Расійскай імперыі. Адзін з тых, чыя надмагільная пліта захавалася — генерал-маёр Міхаіл Якаўлевіч Хамянтоўскі. Нарадзіўся ў 1776 годзе, памёр у 1846-м. Удзельнік Барадзінскай бітвы ў вайне 1812 года, быў пры галоўным штабе Міхаіла Кутузава. Яшчэ аднаго князя — генерал-лейтэнанта Пятра Міхайлавіча Хамянтоўскага (нарадзіўся ў 1828 годзе) — імператар Аляксандр II лічыў адным з найбольш здольных афіцэраў. На загад цара ён служыў начальнікам інтэнданцкага ўпраўлення Варшаўскай вайсковай акругі. Затым — у вайсковым і марскім міністэрствах у Санкт-Пецярбургу. Памёр у 1900 годзе, пахаваны ў радавой капліцы.
Апошні Хамянтоўскі, як лічаць даследчыкі, знайшоў тут спакой у 1916 годзе. А ў цэлым, на іх думку, у капліцы пахавалі 11 прадстаўнікоў магнацкага роду.
У савецкі час пахаванні знішчылі вандалы, тыя, што шукалі каштоўнасці. Яны паднялі падлогу ў капліцы, выявілі грабніцы. Надмагільныя пліты расцягнулі. Пакуль знайшлі чатыры помнікі.
«Помнікі генералам ляжалі ў маім двары. І людзі казалі: «Во, пры жыцці сабе і жонцы помнікі прыдбаў»»
Па адукацыі Аляксандр Марэйка — аграном, нарадзіўся ў Столінскім раёне Брэсцкай вобласці. Але лёс прывёў яго на Віцебшчыну: каля 20 гадоў адпрацаваў па спецыяльнасці ў Крулеўшчыне і Докшыцах. Потым быў першым намеснікам старшыні Верхнядзвінскага райвыканкама. У 2002 годзе ўзначаліў Талачынскі раён. На гэтай пасадзе знаходзіўся 9 гадоў. Затым кіраваў маслаэкстракцыйным заводам у Віцебску. З гэтай пасады выйшаў на пенсію.
А «эпапея» з капліцай пачалася так. У 2002 годзе да тагачаснага новага старшыні Талачынскага райвыканкама Марэйкі прыйшлі на прыём гараджане. Расказалі, што знайшлі на сваім участку на вуліцы Аршанскай два старадаўнія надмагільныя помнікі.
— Я пытаюся: «Помнікі каму?» — «Ды нейкім генералам Хамянтоўскім (Міхаілу і Фёдару Хамянтоўскім. — Заўв. Onlíner). Што нам з імі рабіць?» — пытаюцца людзі. «А, ну раз генералам, хай іх забірае ваенкамат», — распарадзіўся я. Далей пліты з чорнага граніту нейкі час ляжалі ў ваенкамаце, — успамінае мужчына. — А потым у Талачыне адкрылі жаночы манастыр. І помнікі перавезлі туды. Аднойчы тэлефануе мне настаяцельніца: «Вашы помнікі да гэтага часу ў нас. Забярыце, калі ласка». — «Матушка, я яшчэ жывы, якія помнікі?» Я і забыўся пра іх зусім! А як успомніў — патэлефанаваў, каб пліты прывезлі да мяне ў двор. І яны ляжалі там, пакуль я не выйшаў на пенсію. Па горадзе ішлі чуткі: «Во, Марэйка яшчэ пры жыцці сабе і жонцы помнікі прыдбаў». А я ўсё хацеў адвезці іх да капліцы, ды рукі ніяк не даходзілі. І мяне мучыла сумленне. Выйшаўшы на пенсію, вырашыў вярнуць іх на месца, у Халяпінку.
У студзені 2018 года Аляксандр прыехаў сюды «на разведку». І зразумеў, што спачатку трэба расчысціць дарогу да капліцы: да яе нельга было пад'ехаць нават на ягонай «Ніве»-усюдыходзе.
— На расчыстку дарогі пайшла амаль уся зіма. Яна так зарасла кустамі, што ў ход пусціў бензапілу, трымер, рыдлёўку… Потым па адным прывёз помнікі. Яны ж важаць пад 400 кг кожны! Спытаўся ў бацюшкі, як правільна іх паставіць. Вырашылі ўсталяваць справа ад уваходу ў «каплічку».
А потым — нечакана для самога сябе — Марэйка вырашыў аднаўляць капліцу.
— Спачатку я не планаваў брацца за гэтую капліцу. Але потым убачыў, у якім яна жахлівым стане: званіца ўпала на дах, дах — на столь, столь — на падлогу, падлога — на склеп… Усё гэта трэба было расчышчаць, усярэдзіну нават нельга было зайсці праз дзвярны праём, толькі праз вокны. І ў мяне прачнуўся абавязак, грамадзянскі ці як яго там назваць. Вырашыў: нельга даць гэтай капліцы канчаткова разбурыцца. Я ж чацвярых унукаў выхоўваю, і яны спытаюць: «Дзед, вось ты пражыў жыццё, а што ты зрабіў?» Унукі, дарэчы, часта са мной сюды прыязджаюць. Я родам з Палесся, а ў нас з дзяцінства людзей прывучаюць, што трэба працаваць.
Зараз каля капліцы знаходзяцца чатыры помнікі: згаданым генералам Фёдару і Міхаілу Хамянтоўскім, жонцы Міхаіла — Лізавеце Хамянтоўскай, а таксама іх сыну, сапраўднаму стацкаму саветніку Паўлу Хамянтоўскаму.
— Помнік жонцы генерала знайшоў выпадкова, прастукваючы ломам тэрыторыю. Пліта ляжала вунь там, далей, пад яблыняй. А пастамент Паўлу выявіў, калі чысціў завал усярэдзіне капліцы. Пакуль ён ляжыць на зямлі, але з часам і пастаўлю яго.
Пад горкай непадалёк стаіць паўразваленая хата, у якой, па расказах мясцовых жыхароў, жыла жанчына, яна ў савецкія гады сачыла за парадкам у капліцы.
— Кожную раніцу яна прыходзіла ў «каплічку», запальвала лампадку, малілася. У 1950-х яна памерла, і капліцу разрабавалі. Падобна на тое, менавіта тады дзве пліты — Міхаілу і Фёдару Хамянтоўскім — і патрапілі ў Талачын, дзе іх праз гады знайшлі мясцовыя жыхары, якія прыходзілі да мяне на прыём.
«Будаўнікі сказалі: лягчэй усё знесці і пабудаваць новае». Але гэта ж наша гісторыя!»
Перад пачаткам работ Марэйка прывёз да капліцы будаўнікоў — параіцца, што і як рабіць.
— Яны сказалі: «Лягчэй усё знесці і пабудаваць новае». Але гэта ж наша гісторыя! І я вырашыў: не, буду спрабаваць выратаваць руіны. З рэканструкцыяй я, вядома, спазніўся на добрых дзесяць гадоў: яе трэба было пачынаць, калі ў «каплічкі» яшчэ быў дах.
За 4,5 года Аляксандр зрабіў многае. Расчысціў завалы ўсярэдзіне капліцы, навёў парадак на тэрыторыі побач, спілаваў на пагорку аварыйныя дрэвы. І здзейсніў мару — у 2021 годзе ўзвёў над пахавальняй дах.
— На гэтыя работы — ад збору матэрыялаў да ўстаноўкі — сышоў цэлы год. Колькі я ні прывозіў сюды спецыялістаў, мы не маглі разабрацца, як паставіць дах. Бо ніякіх здымкаў і чарцяжоў, як выглядала капліца раней, не было. Таму ўсё рабіў чыста па сваім паняцці: каб нідзе не зацякала і ля будынка быў нейкі выгляд.
Вышыня капліцы разам са званіцай — 14,5 метра. Працаваў адзін. Вышыні баяўся, але лез. Дарэчы, накрыць дах — самае лёгкае. Да гэтага трэба было пакласці бэлькі, на бэлькі замацаваць кроквы, зрабіць абрашоткі.
Матэрыялы талачынскаму пенсіянеру-энтузіясту падарыла мінская кампанія «Слаўны дах».
— Фірма аддала мне бязвыплатна 110 лістоў кампазітпласту. Астатнія матэрыялы (канькі, стэкі, яндоўкі) купіў за свае грошы.
Колькі асабістых сродкаў на аднаўленне капліцы сышло за амаль 5 гадоў, Марэйка, паводле яго слоў, не лічыў.
— І не хачу лічыць, а то ў сям'і будуць пытанні, — смяецца былы старшыня райвыканкама. — Грошы ідуць на цэглу (яе ўжо сышло пад 7 тысяч штук, а яшчэ трэба ўмацоўваць сцены), лес, арматуру, раствор, вапну, бензін і гэтак далей. Інструмент таксама ламаецца. Напрыклад, адну бензапілу загубіў, купіў другую. На ўсё гэта сыходзіць нейкая частка пенсіі.
— Што адчулі, калі забілі на даху апошні цвік?
— Радаваўся, што нездарма выдаткаваў час і сілы, што людзі ў мяне паверылі, дапамаглі матэрыяламі. Прыемна і тое, што тут сталі бываць людзі. Прыязджаюць на машынах, матацыклах, раварах, хтосьці дабіраецца пешшу. У асноўным гэта моладзь з розных рэгіёнаў Беларусі, якая цікавіцца нашай гісторыяй. А вось сваім, мясцовым, наколькі я заўважыў, гэта не цікава, яны нават не ведаюць пра тое, што за 10 кіламетраў ад Талачына ёсць такая славутасць.
«Адбываліся дзіўныя рэчы: балела галава, чуліся нейкія крокі»
Капліца-пахавальня — месца спачынку, цішыні і малітвы. Аляксандр — рэаліст, але прызнаецца, што не раз заўважаў тут нешта дзіўнае.
— Калі пачаў працаваць усярэдзіне капліцы, раптам стала балець галава, хоць для маіх гадоў у мяне добрае здароўе: я не пакутую ні на ціск, ні на іншыя хваробы. Прычым галаўны боль паўтараўся раз за разам — менавіта пры працы ўсярэдзіне пахавальні. Паклікаў бацюшку, ён накіраваўся ў капліцу. Назаўтра працую — і зноў галава расколваецца. Зноў клічу святара, ён памаліўся другі раз. І толькі пасля гэтага спыніліся прыступы.
Але цяпер такое пачуццё, што нехта па капліцы ходзіць, пляскае, увесь час чутныя нейкія гукі накшталт крокаў з рэхам у склепе. Можна гэтаму верыць, а можна не верыць, але я кажу як ёсць. Тым не менш, гэтыя дзівацтвы мяне не палохаюць: я ж нічога дрэннага ў капліцы не раблю.
Па словах Марэйкі, большасць землякоў не разумее, навошта ён адраджае капліцу.
— Некаторыя думаюць, што я знайшоў спадчыннікаў Хамянтоўскіх за мяжой і яны мне плацяць «грошы», купілі машыну. Але гэта ж поўнае трызненне! Другая катэгорыя — людзі, якія абяцаюць, маўляў, прыедзем і дапаможам. Але на гэтым усё. Дапамагчы маглі б прадпрыемствы. А прадпрыемствы — гэта кіраўнікі. Але яны неяк не праяўляюць цікавасці. Хоць тыя, да каго я звяртаўся, не адмаўлялі. Машыну пяску сюды прывезлі, далі «Амкадор» і гэтак далей.
Сёлета Аляксандр плануе паставіць у капліцы вокны і дзверы.
— Тут жа так: адну працу зрабіў — другая чапляецца. Да зімы трэба да канца ўмацаваць сцены і былую званічную арку, абавязкова ўсталяваць шэсць вокнаў і дзверы. Вокны ўжо замовіў, з грашыма на іх дапамаглі людзі: сабралі на дабрачынны рахунак каля 1,5 тысячы рублёў. Гэта будуць звычайныя вокны ПВХ: тут ужо не да гістарычнай дакладнасці, трэба ставіць хоць нешта, каб захаваць будынак. Затым трэба будзе пакласці падлогі і брацца за ўнутранае аздабленне, тынкоўку. А потым не ведаю — можа, і сілаў ужо не будзе, мне ж 65 гадоў. Ды і дэкор — гэта ўжо справа вузкіх спецыялістаў.
За гэтыя гады капліца на пагорку ўжо стала для пенсіянера роднай:
— Вось такая яна, Халяпінка! Месца тут добрае. Тэлефон не ловіць: інтэрнэту і сувязі няма. І гэта мілая справа! Калі я тут, то для ўсіх не даступны. Галава адпачывае — вакол прырода. Глядзіш, там вылецеў рой пчол, тут два ласі зноў прыйшлі да сваёй улюбёнай ліпы і ядуць лісце. П'еш гарбатку, назіраеш за гэтай прыгажосцю — і ў горад не хочацца вяртацца. Можа быць, яшчэ і таму мяне так прыцягвае гэта месца.
Каментары