Латвія плануе правяраць усіх грамадзян, якія ўязджаюць з Беларусі, Расіі і Камеруна. Гэта прадугледжваюць падрыхтаваныя Міністэрствам унутраных спраў (МУС) папраўкі да правіл аб дзяржавах, грамадзяне якіх, прэтэндуючы на візу і дазвол на жыхарства, падвяргаюцца праверкам. Папраўкі праходзяць стадыю ўзгаднення, піша Delfi.lv.
Дзеючыя правілы прадугледжваюць, што Служба дзяржаўнай бяспекі (СДБ) у супрацоўніцтве з Упраўленнем па абароне Сатверсме (SAB) не радзей за адзін раз на тры гады пераглядаюць спіс такіх краін і інфармуюць аб сваіх прапановах кіраўніка МУС.
У гэты раз СДБ рэкамендуе ўключыць у спіс Беларусь, Камерун і ўсю Расію (да гэтага часу праводзілася дадатковая праверка грамадзян РФ, адрасам пражывання або месцам нараджэння якіх была Чачня, Дагестан, Інгушэція і Паўночная Асеція).
Калі ўрад унясе змены ў правілы, у далейшым пры выдачы віз або відаў на жыхарства будзе праводзіцца дадатковая праверка грамадзян названых краін — каб ацаніць, ці не будзе ўезд замежніка прадстаўляць пагрозу нацыянальнай бяспецы або грамадскаму парадку.
Калі ўключэнне Расіі і Беларусі ў спіс абгрунтоўваецца меркаваннямі бяспекі, то ўключэнне Камеруна — тым, што колькасць заяў на атрыманне доўгатэрміновай візы, пададзеных камерунскімі грамадзянамі, значна павялічылася ў апошнія гады. У 2018 годзе былі пададзеныя чатыры заяўкі на візу, у 2019 годзе — 22, у 2020 — 83, у 2021-м — ужо 216 заявак.
Рашэнне аб зменах у правілах павінен прыняць Кабінет Міністраў.
Каментары