Аўстралійскі пісьменнік выбачыўся перад Алексіевіч за плагіят. Выявілі 60 падабенстваў
У літаратурным свеце ў Аўстраліі здарыўся немалы скандал. Аўстралійскі аўтар Джон Х’юз (John Hughes) быў вымушаны публічна папрасіць прабачэння за, як ён лічыць, ненаўмысны плагіят у сваім рамане кнігі беларускай нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч «У вайны не жаночае аблічча», піша «Радыё Свабода».
Адмысловае даследаванне, праведзенае аўстралійскім варыянтам выдання брытанскай газеты The Guardian (Guardian Australia), выявіла амаль 60 падабенстваў ці нават аднолькавых сказаў у рамане Х’юза «Сабакі» («The Dogs») з кнігай Алексіевіч, якая ўпершыню выйшла па-руску ў 1985 годзе, а яе англамоўны пераклад — «War's Unwomanly Face» — у 2017 годзе.
Справа плагіяту набыла агульнанацыянальны розгалас, паколькі раман «Сабакі» Джона Х’юза апынуўся ў доўгім спісе найбольш прэстыжнай літаратурнай прэміі ў Аўстраліі імя Майлза Фрэнкліна.
Алексіевіч: Гэта абуральна
Выданне Guardian Australia выслала Святлане Алексіевіч шэраг урыўкаў з «Сабак» і спытала пра відавочнае выкарыстанне яе матэрыялу. Беларуская пісьменніца даслала праз перакладчыка кароткую заяву, якую цытуе The Guardian: «Я ніколі не чула пра The Dogs і не звязвалася з Хʼюзам. Даслоўныя вытрымкі з маёй кнігі абуральныя, і я, вядома, не пагаджалася на гэта».
Калі гэтыя самыя ўрыўкі паказалі перакладчыкам кнігі «У вайны не жаночае аблічча», сужэнцам Рычарду Півіру і Ларысе Валахонскай, яны назвалі падабенствы і супадзенні «даволі незвычайнымі».
«Такога не бывае выпадкова: не з такімі канкрэтнымі словамі, іх паслядоўнасцю, тонам апавядання, — заявілі яны. — На гэта, безумоўна, варта звярнуць увагу суддзяў [літаратурнай прэміі імя Майлза Фрэнкліна] і грамадскасці».
Х'юз: «Я быў сапраўды здзіўлены»
У заяве для The Guardian Хʼюз сказаў, што пачаў пісаць «Сабак» 15 гадоў таму, і гэты працэс уключаў шмат запісаў размоваў з яго ўкраінскімі бабкай і дзедам, якія распавядалі пра шмат выпадкаў, падобных да тых, што змяшчаюцца ў кнізе Алексіевіч.
Пісьменнік сказаў, што ўпершыню прачытаў «У вайны не жаночае аблічча», калі кніга выйшла на англійскай мове ў 2017 годзе, і выкарыстоўваў яе на занятках творчага пісьменства са студэнтамі.
«Я тады выбраў урыўкі, якія хацеў выкарыстаць, і з тых часоў не вяртаўся да самой кнігі, — сказаў Хʼюз. — У нейкі момант, неўзабаве пасля таго, як я, напэўна, дадаў іх да стэнаграмаў, якія я рабіў у інтэрв'ю са сваімі бабкай і дзедам на працягу многіх гадоў, … [я пачаў] лічыць іх сваімі ўласнымі».
Пісьменнік дадаў, што аповеды бабулі і дзядулі ў ягонай свядомасці змяшаліся з вуснымі гісторыямі Алексіевіч: «Я больш не мог іх адрозніць, нават калі б хацеў».
Хʼюз працягнуў: «Я не спрабую тут апраўдвацца. Я хутчэй спрабую зразумець, як я мог так непасрэдна выкарыстаць часткі твора іншага пісьменніка, не ўсведамляючы, што я гэта раблю. Я ні на адным этапе напісання не меў намеру выдаць твор Алексіевіч за свой уласны і быў сапраўды здзіўлены, калі ўбачыў матэрыял, уключаны ў газетны артыкул (няма нічога больш трывожнага, чым выявіць, што ваш творчы працэс зусім не тое, што вы думалі)».
«Я хацеў бы папрасіць прабачэння ў спадарыні Алексіевіч і яе перакладчыкаў за тое, што выкарыстаў іх словы без прызнання (іх аўтарства)», — сказаў Джон Хʼюз.
Журы прэміі імя Майлза Фрэнкліна (фінансавая частка ўзнагароды — 60 тысяч даляраў) выдаліла кнігу Джона Х’юза «Сабакі» з доўгага спісу прэтэндэнтаў.
Не толькі Алексіевіч, але і іншыя
Праз некалькі дзён пасля выкрыцця плагіяту Джона Х’юза зThe Guardian паведаміў, што даследчыкі знайшлі ў яго «Сабаках» таксама ўрыўкі і фразы, якія вельмі моцна падобныя да некаторых фармулёвак і фраз з кніг «Вялікі Гэтсбі» Фрэнсіса Скота Фіцджэральда, «Ганна Карэніна» Льва Талстога і «На заходнім фронце без перамен» Эрыха Марыі Рэмарка.
«Я не думаю, што я плагіятар большы, чым любы іншы пісьменнік, на якога паўплывалі вялікія, якія былі да іх», — адказаў Х’юз на гэтыя новыя закіды.
* * *
Дзеля параўнання прывядзём тры кароткія ўрыўкі з англійскага перакладу кнігі Святланы Алексіевіч «У вайны не жаночае аблічча» і тры адпаведныя ім урыўкі з кнігі Джона Х’юза «Сабакі», якія апублікаваў The Guardian, іякія могуць падпадаць пад катэгорыю літаратурнага плагіяту:
War's Unwomanly Face:
Somebody betrayed us… The Germans found out where the camp of our partisan unit was.
[W]e were saved by the swamps where the punitive forces didn’t go.
For days, for weeks, we stood up to our necks in water.
The Dogs:
Someone betrayed us… The Germans found the camp. We were saved by the swamps. For days we stood up to our necks. Mud and water.
War's Unwomanly Face:
The baby was hungry… It had to be nursed… But the mother herself was hungry and had no milk.
The Dogs:
The baby was hungry.
But she was hungry too and had little milk.
War's Unwomanly Face:
The baby cried. The punitive forces were close… With dogs… If the dogs heard it, we’d all be killed. The whole group — thirty of us… You understand?
[W]e can’t raise our eyes. Neither to the mother nor to each other…
The Dogs:
[T]he Germans were close… we could hear the dogs. If the dogs heard it…?
There were thirty of us… No one could look at me… No one… You understand…
Каментары