Усяго патроху

«Свет развальваецца на кавалкі, а ты радуешся, што памідорка саспела». Беларуска зрабіла гарод на балконе — паглядзіце на яе ўраджай

Журналістка Марыя Грыц адразу заводзіць гарод на балконе ў любым горадзе, у які пераязджае. Так яна «пускае карані» і зазямляецца. Цяпер на яе балконе расце чабор, лаванда, клубніцы, карлікавыя гуркі і шмат чаго іншага. 

Марыя Грыц. Фота тут і далей: асабсіты архіў

«Калі пераехала з Кіева ў Беласток, то спачатку купіла барахло на гарод, а потым усё астатняе. Гарод быў дужа прыярытэтнай рэччу для мяне.

Раніцай людзі прачынаюцца і п’юць каву, а я іду на балкон і паліваю мае расліны. 

Памідоры і клубніцы

У Кіеве я садзіла памідоры, якія нават перажылі ўсе гэтыя падзеі, яны цяпер у маёй знаёмай растуць. Калі прыехала ў Беласток, то хацела пасадзіць літаральна трошачкі, але калі іду ў краму па ежу, то назад нясу мех з раслінамі, жбанамі, глебай. Неяк стыхійна атрымліваецца. Вырашыла, што калі прыйдзецца пераязджаць у межах краіны, то забяру іх з сабой, а калі куды-небудзь далёка — раздам людзям», — кажа яна. 

У асноўным Марыя купляе расліны ў разделе зніжак, і там яны як правіла не ў найлепшым стане.

Карлікавая морква

«Я як ратаўнік. Выходжваю іх, — расказвае яна. — Але калі я была малая, ненавідзела гарод.

У мяне дзве бабулі з ім былі, а ў адной з іх яшчэ дадатковая зямля за лесам. Памятаю, як цэлы дзень трэба было калупацца каля хаты, а вечарам бабуля садзіла на ровар і везла яшчэ на палоску зямлі з буракамі. Трэба было палоць і не звяртаць увагу на камароў, якія вельмі грызлі. 

Думала, што калі вырасту, то мяне ніколі не будзе ў гэтым брудзе. У падлеткавым узросце была ўстаноўка, што прасцей купіць усё ў краме, чым столькі часу аддаваць на гарод». 

Не атрымалася. Калі Марыя пераехала ад бацькоў жыць самастойна, першае, што зрабіла, — гарод на балконе. Для яе гэта справа пра стварэнне нечага новага. 

«Свет развальваецца на кавалкі, а ты радуешся, што памідорка саспела ці якая-небудзь сунічка глядзіць на цябе ўжо чырвоным бачком. Адчуваеш, што нібыта апроч болю, слёз, ёсць нешта добрае. 

Мята

Увогуле, я не любіла вёску, а два гады таму пайшоў з жыцця мой бацька, ад яго засталася хата. Не магу не думаць, як я вярнуся ў Беларусь і пасаджу ў вёсцы буякі, буду рабіць варэнне ці віно. Напэўна, гэта вялікая стома ад цяперашняга хуткага жыцця. Хочацца спыніцца і бачыць, як прыходзіць вясна, адчуваць еднасць з прыродай. 

Ёсць, канечне, прыхільнікі ідэі, і я таксама раней была, што той, хто корпаецца ў зямлі, не бачыць таго, што адбываецца вакол. Адно не супярэчыць другому. Можна быць палітычна і сацыяльна актыўным чалавекам, але пры гэтым мець такую медытацыю як гарод.

Зямля выцягвае шмат дрэннага. Прапалоў градку, і бачыш, што стала трошкі лепей. Напэўна, я сумую па тым, каб гаспадрыць над сваім жыццём», — разважае журналістка. 

Клубніцы

Усяго ў Марыі 34 вазоны з раслінамі. Яна вырошчвае лаванду, сельдэрэй, чабор, суніцы, клубніцы, карлікавую моркву, мяту і яшчэ шмат чаго.

Марыя — вялікая аматарка пермакультурнага гарода. Гэта калі трэба спалучаць расліны так, каб не прыйшлося іх потым спецыяльна пырскаць ад шкоднікаў. У гэтым дапамагаюць лаванда, мята і меліса.

«Калі сумны настрой, прыходжу на балкон, кранаю іх рукой і яны пачынаюць пахнуць. Хваля напружання схлынае,

— кажа яна. — Яшчэ ў мяне два кусты базіліку. Я іх купіла ў гастраноме, там прадаваліся ўсякія расліны ў кубачках, каб іх ставіць у доме і некалькі дзён есці, а я сунула гэты базілік у зямлю. Два пучкі кінзы і любімая пятрушка. Ёсць кветкавы збор, браткі, тры карлікавыя гуркі, два кусты памідораў, яны прадаваліся ўжо сфармаваным кусточкам. Апошняя пакупка — карлікавы баклажан. З ім суседнічае чабор і лабелія. Апошнюю (гэта такія дробныя кветкі) я купіла, таму што ў нас ёсць гісторыя з сям’і, якая звязаная з гэтай раслінай. Мая цётка Ганна — адзіны чалавек у нас, якому хапае нерваў займацца лабеліяй. Я ўбачыла гэтыя кветкі ў краме і вырашыла пасадзіць.

Нейкага асаблівага сакрэту, каб быў вялікі ўраджай, у мяне няма. Адзінае, што раблю, гэта бяру скурку банана, кладу ў ваду, яна настойваецца адзін дзень, а потым гэтай вадой паліваю расліны. Лічыцца, што так скурка аддае ў ваду карысныя элементы, падтрымлівае расаду пасля перасадкі. Можа быць, насенне хутчэй расце. Такое хатняе, натуральнае ўгнаенне. Гарод на балконе — гэта не пра ўраджай, а больш пра хобі».

Фіялка

Трохгадовай дачцэ Марыі спадабалася хобі маці. Цяпер яна таксама тыкае семачкі ў глебу. 

«Яна неяк залезла ў маё насенне, усё зблытала і пасадзіла ў вазон. Цяпер не ведаем, што з іх вырасце», — смяецца жанчына. 

Калі вазонам стала цесна на балконе, Марыя стала садзіць адразу некалькі раслін у адзін. З насення ў яе толькі травы і гарох, астатняе — расада.

«Дарэчы, лаванду вельмі цяжка вырасціць. Я намагалася раней гэта зрабіць з насення. Там трэба класці гэтыя семачкі ў халадзільнік, каб лаванда падумала, што цяпер зіма, потым вельмі рана яе саджаць, каб яна паспела ачухацца. У мяне часу не было, таму я купляла гатовы куст», — тлумачыць яна. 

Агуркі

Нядаўна Марыя разам з сям’ёй паехала ў адпачынак на два тыдні. Усе расліны ёй прыйшлося перанесці ў ванну і прыдумаць сваю сістэму палівання. 

«Я высока паставіла вядро з вадой, у яго засунула вяроўку, і па ёй вада сцякала ўніз. Але гэта не надта спрацавала, дзве расліны памерлі, а ў чабары завялася нейкая мошка. Прыйшлося з ім развітацца.

У некаторых жбанках павылазіла лебяда. Я ёй вельмі захапляюся, як яна расце. Неяк шкада палоць. Прадралася праз церні, таксама жыццё. Пакуль яна не надта моцна замінае раслінам, таму хай суседнічаюць», — расказвае яна. 

Расліны, насенне якіх маленькая дачка Марыі змяшала

Марыя кажа, што больш нічога садзіць не хоча. Але адмовіцца ад спантанных пакупак немагчыма. 

«На самым пачатку, калі толькі пачынала такім займацца, лічыла, што трэба вазоны не пластыкавыя, каб усё прыгожа выглядала. Цяпер, калі няма куды пасадзіць нешта, то карыстаюся слоічкамі, скрынкамі з-пад садавіны. Перасадзіла так чабор. 

Заходзіш у краму, думаеш, што толькі па малако, а тут зноў набываеш якую-небудзь расліну».

Чытайце таксама: 

«Спачатку было неяк няёмка, а пасля…» Як і чаму беларусы ў эміграцы пераходзяць на родную мову?

«Тое, што мы бачым, — гэта толькі вяршыня айсберга». Які маштаб рэпрэсій у Беларусі

Каментары

Аўтаслесар, афіцыянт, танцор у Тайландзе, ролі ў «Мухтары» і «Сватах». Пяць фактаў пра новага міністра культуры Чарнецкага14

Аўтаслесар, афіцыянт, танцор у Тайландзе, ролі ў «Мухтары» і «Сватах». Пяць фактаў пра новага міністра культуры Чарнецкага

Усе навіны →
Усе навіны

Падрабязнасці здарэння ў Хойніках, дзе воўк напаў на вартаўніка і міліцыянтаў1

Зяленскі: Украіна можа ўступіць у НАТА без дзеяння артыкула 5 на ўсёй тэрыторыі8

У Польшчы ёсць свае сёстры Груздзевы — сёстры Гадлеўскія ВІДЭА2

У цэнтры Мінска з'явілася кафэ ў афрыканскім стылі. Каб яго адкрыць, уласніца прадала кватэру4

Хто такія садыкі? Расійскія вайскоўцы ў Сірыі нарадзілі адмысловы слэнг16

Пасля даносу Бондаравай раптоўна адмянілі выставу ў музеі Янкі Купалы. Цяпер яна патрабуе на музеі шыльды па-руску77

У спа-зоне аквапарка «Лебядзіны» здарыўся пажар

Ва Узбекістане затрымалі вядомага расійскага журналіста Аляксея Піваварава і яго здымачную групу8

Пуцін зацвердзіў рэкордныя ваенныя расходы на 2025 год2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Аўтаслесар, афіцыянт, танцор у Тайландзе, ролі ў «Мухтары» і «Сватах». Пяць фактаў пра новага міністра культуры Чарнецкага14

Аўтаслесар, афіцыянт, танцор у Тайландзе, ролі ў «Мухтары» і «Сватах». Пяць фактаў пра новага міністра культуры Чарнецкага

Галоўнае
Усе навіны →