Грамадства

«Тое, што мы бачым, — гэта толькі вяршыня айсберга». Які маштаб рэпрэсій у Беларусі

Згодна са справаздачай праваабарончага цэнтра «Вясна», толькі за май зафіксаваныя 263 затрыманні па палітычных матывах. «Наша Ніва» разбіралася, наколькі гэтыя лічбы адпавядаюць рэальнасці і ці ёсць нейкая мяжа ў рэпрэсій.

Затрыманыя жыхары Мінска. 27 лютага 2022 года

Больш за 40 000 затрыманняў за два гады

23-гадовы Уладзіслаў Манюк з Мінска быў асуджаны за графіці на год. Праваабаронцам пра яго стала вядома, толькі калі хлопцу засталося сядзець месяц. Родныя не перадавалі яго даныя, хоць сам малады чалавек хацеў падтрымкі. Інфармацыю пра сябе ён змог перадаць праз іншых вязняў.

Такая гісторыя не адзіная. Але яна добра апісвае сітуацыю, калі выпадкі рэпрэсій застаюцца па-за справаздачамі.

У спісе «Вясны» палітвязнямі значацца 1231 чалавек. Агулам, па ацэнках юрыста праваабарончага цэнтра Паўла Сапелкі, за кратамі знаходзіцца больш за 1600 чалавек, якія трапілі туды праз за ўдзел у пратэстах, выказванні і г.д.

Ініцыятыва Dissident.by мае інфармацыю пра 1495 чалавек, якія цяпер ў няволі па палітычных матывах. Яшчэ 468, па іх падліках, адбываюць хатнюю хімію. 

Пра колькасць палітычных крымінальных спраў раней казаў Следчы камітэт. Згодна з іх заявай, «справы аб экстрэмізме складаюць не больш за 5—6% ад агульнай колькасці злачынстваў». Гэта каля 5000 крыміналак за мінулы год.

«Па гэтых справах суды асудзілі толькі каля 2000 чалавек. Вынікае, што нават па эпізодах канца 2020 — пачатку 2021 года працы ім хопіць яшчэ надоўга. Апроч гэтага, варта памятаць, што шмат крымінальных спраў тады было заведзена не ў дачыненні да пэўных асоб, а проста па факце той ці іншай падзеі. Увесь гэты час яны працягваюць вылічваць новых людзей па фота, відэа і гэтак далей», — заўважае Павел Сапелка.

Дакладную лічбу спраў, заведзеных па палітычных матывах, праваабаронцы не ведаюць. Імі зафіксавана больш за 40 000 затрыманняў за два гады (па адміністрацыйных і крымінальных справах), але яны ўпэўненыя, што гэта далёка не поўныя даныя. 

«У той жа час, мы амаль дакладна ведаем, колькі спраў не расследуецца — гэта 5000 актаў катаванняў і забароненага абыходжання, у сувязі з якімі была праведзеная павярхоўная праверка і адмоўлена ў завядзенні крымінальнай справы», — адзначае юрыст.

Пры гэтым працягваюцца звальненні «нелаяльных», адлічэнні з універсітэтаў.

«Калі пад рэпрэсіямі разумець не толькі тыя выпадкі, калі на чалавека завялі крымінальную справу ці арыштавалі або аштрафавалі па адміністрацыйнай, то вынікае, што тая інфармацыя, якая трапляе ў СМІ, — гэта толькі вяршыня айсберга», — лічыць Сапелка. 

«Многія лічаць, што агалошванне пацягне за сабой яшчэ большыя рэпрэсіі»

Далёка не ўсе, сутыкнуўшыся з рэпрэсіямі, наважваюцца расказаць пра гэта журналістам ці праваабаронцам. Прычым сярод тых, хто вырашыў утойваць інфармацыю, сустракаюцца як непублічныя, так і публічныя людзі. І такіх выпадкаў замоўчвання больш, чым раней.

«Цяпер многія лічаць, што агалошванне пацягне за сабой яшчэ большыя рэпрэсіі. Так гэта ці не — меркаваць складана, паколькі мы не ведаем, як складваецца лёс тых людзей, якія моўчкі цярпяць ад рэпрэсій.

Мы як праваабаронцы лічым важным казаць пра ўсе выпадкі, але не хочам і не можам прымушаць усіх гэта рабіць», — кажа Сапелка. 

Заснавальніца Dissident.by Марына Касінерава адзначае, што праз неразгалошванне інфармацыі з боку сваякоў пра затрыманне актывісты даведваюцца, толькі калі пачынаецца суд ці нават пасля яго. 

Марына Касінерава. Фота: асабісты архіў

Людзі, якія ніколі не былі ў палітыцы, і раней пабойваліся апублічваць інфармацыю пра затрыманні і іншыя формы рэпрэсій у свой бок, кажа яна. 

«Усе ведаюць, якімі метадамі карыстаюцца сілавікі, каб інфармацыя пра затрыманні і ўсе звязаныя з імі парушэнні не выплывала на паверхню, таму людзі вельмі запужаныя. Гэта адзін з галоўных чыннікаў, чаму частка фактаў рэпрэсій застаецца ў таямніцы.

Трохі іншая сітуацыя з актывістамі і грамадскімі дзеячамі, яны наадварот намагаюцца не прыхоўваць гэтую інфармацыю, бо ведаюць, як гэта добра працуе, калі на праблему звяртае ўвагу СМІ і грамадства. У той час як людзі, якія ўпершыню сутыкаюцца з сістэмай, наадварот баяцца пра нешта казаць, бо спадзяваюцца, што так будзе лепей. 

Ілюстрацыйны здымак

Апроч асабістых перакананняў, на людзей ціснуць супрацоўнікі сілавых структур, пачынаюць казаць, што калі будзеш маўчаць, то будзе лепей. Але трэба разумець, што яны заўжды так казалі. Яны даюць такія абяцанкі не дзеля таго, каб палепшыць становішча затрыманага, а каб абараніць сябе.

Многія з іх не хочуць, каб шырокія колы ведалі, што яны датычныя да рэпрэсій», — мяркуе Касінерава. 

На думку актывісткі, лёс затрыманага ўжо загадзя вырашаны наверсе, таму абяцанні сілавікоў мала што значаць. 

«Са свайго досведу магу сказаць, што гэтыя абяцанкі не працуюць. Калі ёсць загад пакараць чалавека тэрмінам, то яму ўсё адно дадуць тэрмін. І гэта ўжо не залежыць ад таго, будзе ён маўчаць і супрацоўнічаць з імі ці не».

Ілюстрацыйны здымак

Актывістка звяртае ўвагу на тое, што са з’яўленнем практыкі запісваць і выкладваць у сеціва прыніжальныя пакаянныя відэа людзі сталі яшчэ больш запалоханымі.

«Сілавікі гэта добра разумеюць, таму і працягваюць ладзіць такую практыку», — лічыць Касінерава.

Іншы фактар, які таксама спрыяе таму, што вялікая частка рэпрэсій застаецца за кадрам, — гэта няведанне, куды можна і трэба звяртацца ў такіх выпадках. Асабліва калі мы кажам пра жыхароў невялікіх гарадоў.

«Рэпрэсіўны механізм можа жыць яшчэ доўга, бо ён пастаянна муціруе»

Усплёск рэпрэсій узнікае пасля кожнага ўсплёску грамадскай актыўнасці. Апошняя такая актыўнасць з боку насельніцтва была звязаная з рэферэндумам і пачаткам поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны. 

«За гэты час мы прайшлі ўжо некалькі этапаў рэпрэсій, і кожны з іх мае свае характэрныя асаблівасці. Спачатку шукалі ўдзельнікаў пратэстаў, былі дыфамацыйныя справы, потым пачалі прызнаваць усіх экстрэмістамі, пачалася хваля рэпрэсій за распаўсюджванне такіх матэрыялаў. Цяпер улады выйшлі на новы ўзровень, яны ўжо прызнаюць арганізацыі экстрэмісцкімі фармаваннямі і на гэтым фоне пачынаюць новыя крымінальныя справы. 

У Беларусі рэгулярна змяняецца заканадаўства і падыходы да падаўлення іншадумства. Таму гэты рэпрэсіўны механізм можа жыць яшчэ доўга, бо ён пастаянна муціруе і развіваецца. А дакладныя лічбы тых, хто трапляе пад каток рэпрэсій, будуць заставацца невядомымі. Але натуральна, што такіх выпадкаў больш, чым мы ведаем. Пытанне толькі ў тым, наколькі іх больш», — заўважае праваабаронца. 

Марына Касінерава дадае: калі ўлады адчуваюць беспакаранасць, навошта ім спыняцца?

«Рэпрэсіі наносяць удар не толькі па рэпутацыі рэжыму, але і па эканоміцы, — кажа Андрэй Дынько, які да 2022 года быў галоўным рэдактарам часопіса «Наша Гісторыя» і сам прайшоў праз турму. — Усе рэпрэсіўныя рэжымы, як правіла, нашмат бяднейшыя, менш паспяховыя па сваіх сацыяльных і эканамічных паказчыках, чым іх дэмакратычныя суседзі. Самыя яскравыя прыклады тут — ФРГ і ГДР, Паўночная і Паўднёвая Карэя.

Адна нацыя, адна гістарычная спадчына, а разрыў у паказчыках гіганцкі. Свабода мае значэнне для вызвалення творчай энергіі, а страх скоўвае ініцыятыву. Дый нават фізічна —

калі ты знявольваеш дзясяткі людзей, тысячы людзей бягуць, каб пазбегнуць такога лёсу. Калі ты знявольваеш тысячы, дзясяткі ці сотні тысяч пакідаюць краіну — эфект мультыплікатара. А гэта ўсё галовы і рукі. Мы гэта выразна назіраем у Беларусі.

І, па-другое, санкцыі, што б хто ні гаварыў, маюць эфект, як прамы, так і рэпутацыйны. Не толькі Іран і Паўночная Карэя тут прыкладамі, але і Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка часоў апартэіду, Польшча пасля 1981 года. Як паказвае гісторыя, да дэмакратызацыі грамадствы штурхае эканамічны інтарэс. Бываюць клінічныя выпадкі, як Паўночная Карэя ці Эрытрэя, дзе вузкія групы людзей дзеля ўтрымання сваёй улады ці рэалізацыі сваіх ідэй ператварылі краіны ў лагеры прымусовай працы, але часцей рэпрэсіі аслабляюць рэжым больш, чым яго праціўнікаў», — кажа Андрэй Дынько.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

На відэа зверху: у Мінску вядуць людзей, затрыманых за тое, што яны пратэставалі супраць вайны ва Украіне. 27 лютага.

Чытайце таксама: 

Прыйшлі з ператрусам да маці стваральніцы Dissidentby

«Хочуць прышчапіць страх на дзесяцігоддзі». Чаму ў Беларусі не спыняюцца рэпрэсіі

У Беларусі заводзіцца каля 5000 палітычных крымінальных спраў за год

Каментары

Борт Лукашэнкі з-за тэхнічных праблем вярнуўся ў Мінск без яго7

Борт Лукашэнкі з-за тэхнічных праблем вярнуўся ў Мінск без яго

Усе навіны →
Усе навіны

У Ждановічах затапляе выезд на кальцавую2

Рыгора Азаронка запрасілі працаваць на «Беларусьфільм»12

Даляр абнавіў гадавы максімум1

У Беларусі пачалі збіраць кітайскія мікрааўтобусы раней невядомага нам брэнду. Што за яны і колькі каштуюць4

Пяцёра расіян загінулі пры ўзыходжанні на гару-людажэрку ў Гімалаях10

У пункце пропуску «Беняконі» могуць вырасці чэргі

СК паведаміў пра крымінальную справу на 45 чалавек13

«Мне пастаянна сніцца затрыманне». Гісторыя былой палітзняволенай Наталлі Кукішавай3

«Лаўлю на сабе позіркі людзей сталага ўзросту». Беларуска ў 32 гады наважылася хадзіць з кіем, які быў прапісаны ёй даўно6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Борт Лукашэнкі з-за тэхнічных праблем вярнуўся ў Мінск без яго7

Борт Лукашэнкі з-за тэхнічных праблем вярнуўся ў Мінск без яго

Галоўнае
Усе навіны →