Ён не называе імені новай жонкі і замазаў яе твар.
Пра новы шлюб былы рэдактар каналаў «Нехта» і «Беларусь галаўнога мозга» напісаў у сябе ў Тэлеграме.
Раней, у 2019 годзе, Пратасевіч ужо быў кароткі час жанаты.
Спецслужбы дазволілі Раману пісаць у сацсетках пад хатнім арыштам, пасля таго, як ён стаў супрацоўнічаць з уладамі. Для яго арышту ў Мінску прызямлілі самалёт Афіны — Вільня авіякампаніі «Раянэйр», што выклікала вялікі канфлікт паміж краінамі Еўрасаюза і Беларуссю.
«Расследаванне маёй справы працягваецца сіламі цэнтральнага апарата СК РБ, — піша Пратасевіч. — Часцей за ўсё мяне дапытваюць не як непасрэднага сведку, а хутчэй як «эксперта» і чалавека «з таго боку».
Цяпер Пратасевіч выкарыстоўваецца прапагандай для прасоўвання патрэбных ёй наратываў.
Раман адзіны з некалькіх тысяч беларускіх палітзняволеных пайшоў на такое супрацоўніцтва. Узамен ён быў пераведзены пад хатні арышт і яму дазваляюць пакідаць кватэру.
За тыдзень да заключэння першага шлюбу Пратасевіч праславіўся твітам.
Пра новы шлюб 27-гадовы Раман Пратасевіч паведаміў, тлумачачы сваё стаўленне да прысуду яго былой сяброўцы Сафіі Сапега.
«Я сапраўды гэтак жа, як і многія, быў непрыемна здзіўлены прысуду, звязанаму з рэальным пазбаўленнем волі», — піша Пратасевіч.
Ëн тлумачыць, што іх адносіны на момант палёту ў Грэцыю ўжо былі нацягнутыя і сужыццё пад хатнім арыштам не палепшыла іх.
— Праз месяц у СІЗА нас перавялі пад хатні арышт, і з таго моманту мы жылі разам, хай і пад аховай. Аднак гэта не прывяло да наладжвання нашых асабістых адносін. Да таго ж, пастаяннае знаходжанне ўдваіх у замкнёнай прасторы ды яшчэ і ў вельмі стрэсавай сітуацыі відавочна не спрыяе гармоніі ў адносінах. Якія, нагадаю, у нас і так фактычна завяршыліся да пасадкі ў Мінску.
Таму не дзіўна, што даволі хутка паміж намі стала ўсё зусім дрэнна. Ужо ў верасні мы банальна суіснавалі побач як сужыцелі. Колькасць канфліктных сітуацый працягвала нарастаць, і ў кастрычніку нас рассялілі. З таго часу мы больш не кантактавалі і не размаўлялі наўпрост, хоць я перыядычна размаўляў з яе бацькамі. Гэта значыць, ужо прыкладна сем месяцаў нас фактычна нічога не звязвае. Нават крымінальныя справы і абвінавачванні ў нас зусім розныя, яны папросту не перасякаюцца», — падкрэслівае Пратасевіч.
«Соня была асуджаная за сваю рэальную дзейнасць, а не за тое, што была са мной у адносінах», — адзначае Пратасевіч.
«Я быў апанентам дзяржавы ў цэлым і палітычным дзеячам, а вось яна наўпрост працавала супраць сілавікоў», — тлумачыць Пратасевіч, і гэта гучыць як спадзяванне, што прысуд яму самому будзе лягчэйшы, чым яго былой дзяўчыне.
Паведамленне пра новы шлюб выклікала пераважна негатыўную рэакцыю ў сацсетках.
«У жонкі званне, напэўна, не ніжэйшае за маёра», — жартуюць у Твітары.
Каментары