Беларусы ў эміграцыі і замежнікі не могуць забраніраваць месца ў электроннай чарзе на мяжы. У чым прычына?
Некалькі чытачоў «Нашай Нівы» паведамілі, што сутыкнуліся са складанасцямі пры куплі месца ў электроннай чарзе на беларуска-польскай мяжы.
Шмат беларусаў, якія жывуць у Польшчы, вырашылі з’ездзіць на радзіму з нагоды доўгіх выходных. Пры вяртанні ў Польшчу многія збіраліся купляць месца ў чарзе, каб не марнаваць час. Аднак зрабіць гэта змаглі далёка не ўсе.
Купіць месца ў чарзе можна праз сайт belarusborder.by
Кошт — 32 рублі. Аплаціць — праз АРІП або Webpay, аднак уласнікам замежных банкаўскіх картак можа не пашанцаваць. Пра магчымасць здзейсніць такі плацеж трэба ўдакладняць у банка, дзе чалавек абслугоўваецца.
Напрыклад, уласнікі картак найбуйнейшага ў Польшчы банка (PKO Bank Polski) пазбаўлены такой магчымасці. Плацяжы не праходзяць.
У «Белмытсервісе» патлумачылі, што ўсе пытанні, звязаныя з немагчымасцю аплаты, трэба вырашаць з Webpay, паколькі гэтым працэсам аператар не кіруе.
У сваю чаргу ў Webpay запыталі код памылкі, пасля чаго паведамілі, што праблема з немагчымасцю аплаціць паслугу звязана з абмежаваннямі банка, які выпусціў картку (у нашым выпадку гэта быў PKO Bank Polski). Для далейшых удакладненняў раяць звяртацца ў банк, каб там маглі патлумачыць, чаму існуе абмежаванне на разлік з беларускімі банкамі.
Іншымі словамі, польскі банк проста не ажыццяўляе пераводы ў беларускі банк, які абслугоўвае аператара па продажы месцаў у электроннай чарзе. Вынікае, што праз санкцыі ў банкаўскай сферы церпяць не толькі грамадзяне Беларусі і Расіі, але і іншых краін.
Нашы чытачы паведамілі, што ў выніку былі вымушаны прасіць сваякоў, каб яны маглі аплаціць паслугу з беларускай карткі. У замежнікаў такой магчымасці часцей за ўсё можа не быць.
Каментары