Грамадства

«Спадзяюся, мяне прымуць у батальён Каліноўскага». 19-гадовы Ціхан Клюкач — пра катаванні палітвязняў і каханне, пранесенае праз краты 

Падлеткаў Ціхана Клюкача і Соню Малашэвіч затрымалі 6 верасня 2020 года пасля мінскага Марша адзінства. Хлопца і дзяўчыну — на той час ім было па 18 год — абвінавацілі ва ўдзеле ў пратэстах і ў тым, што яны распісалі балончыкамі шчыты спецсродкаў загароды. Ціхану прысудзілі паўтара года зняволення, яго дзяўчыне Соф’і — два.

Фота: асабісты архіў Ціхана Клюкача

7 сакавіка Ціхан Клюкач выйшаў на волю, а днямі з’ехаў з Беларусі. Пагутарылі з былым палітвязнем пра катаванні за кратамі, прыгожыя малюнкі ў лістах на волю (вы дакладна іх памятаеце) і тую самую прыгажуню Соню.

«Калі пачалася перадвыбарчая вакханалія, ужо не мог сядзець дома»

«Наша Ніва»: Да падзей 2020 года вы цікавіліся палітыкай?

Ціхан Клюкач: І ў раннім дзяцінстве, і пазней, у школьныя гады, я больш цікавіўся гісторыяй Беларусі. Ужо праз гэта пачаў цікавіцца палітыкай і цяперашняй сітуацыяй у краіне.

«НН»: То-бок абыякавым да краіны ніколі не былі?

ЦК: Не быў, канечне.

«НН»: А чаму любілі менавіта гісторыю Беларусі?

ЦК: Мабыць, заўжды хацелася разумець тое, што мы не горшыя за іншыя народы, ведаць, што калісьці і ў нас была вялікая дзяржава, што і ў нас былі гераічныя продкі. То-бок ведаць больш, чым тое, як сябе ўспрымае большасць беларусаў — нібыта яны з’явіліся толькі пасля абвяшчэння БССР і гэтак далей. Хацелася адчуваць сябе часткай чагосьці вялікага, гераічнага.

«НН»: Ваш любімы гістарычны персанаж?

ЦК: Для мяне — думаю, і не толькі для мяне — заўжды быў прыкладам Кастусь Каліноўскі.

«НН»: Калі ваша цікавасць да лёсу дзяржавы перарасла ў жаданне актыўна адстойваць сваю пазіцыю і пратэставаць?

ЦК: Гэта пачалося вясной 2020 года. У нас у Берасці і раней праходзілі акцыі пратэсту, але гэта былі выступы супраць будаўніцтва акумулятарнага завода. Я таксама іх наведваў, але рэдка. І калі [ў 2020 годзе] пачалася тая перадвыбарчая вакханалія, я ўжо не мог сядзець дома і пачаў выходзіць.

Ціхан да зняволення

«НН»: У якіх акцыях тады прымалі ўдзел?

ЦК: Гэта былі акцыі салідарнасці і збор подпісаў за Бабарыку, Ціханоўскага і іншых кандыдатаў. У нас неяк хутка гэта ўсё аб’ядналася з пратэстам так званых акумулятаршчыкаў, то-бок у адрозненне ад іншых гарадоў, у нас ужо была аснова для будучага пратэснага руху.

«НН»: Акрамя пратэснай актыўнасці, што яшчэ было тады ў вашым жыцці? Наколькі ведаю, паступілі ў каледж.

ЦК: У каледж я паступіў ужо пазней, і гэта даволі цікавая гісторыя. Я даволі нядрэнна малюю, і хацеў у тым годзе паступаць на мастака-мадэльера. Але, на жаль, экзамен па малюнку павінен быў прайсці 11 жніўня, а ў ноч з 9 на 10 [жніўня] я паспяхова сеў на дзесяць сутак. Потым паступіў у каледж на спецыяльнасць цырульніка, але паспеў там правучыцца толькі тыдзень, таму што на пачатку верасня ўдзельнічаў у Маршы адзінства ў Мінску. Там мяне затрымалі, і я правёў тыдзень на Акрэсціна, а калі пазней вярнуўся ў Брэст, мяне ўжо адлічылі.

«НН»: Як вы сустрэлі Соню?

ЦК: Мы пазнаёміліся ў каледжы, вучыліся з ёй у адной групе.

«НН»: Чым прывабіла гэтая дзяўчына?

ЦК: Сваёй смеласцю, цікаўнасцю да таго, што адбываецца ў нашай краіне. Яна па духу вельмі падобны да мяне чалавек.

«НН»: З чаго для вас пачаліся паслявыбарчыя пратэсты?

ЦК: У ноч з 9 на 10 жніўня я быў у Брэсце. Мы з сябрамі добра ведалі, што будзе адбывацца, разумелі, што яны не дадуць перамагчы Ціханоўскай. Таму збіраліся на пратэсты, у нас былі сцягі. І вось увечары 9 жніўня, калі ўжо абвясцілі вынікі выбараў, мы з сябрамі выйшлі на цэнтральную вуліцу Брэста, Савецкую. На той час людзі баяліся збірацца, бо на вуліцах было шмат вайскоўцаў і міліцыянтаў.

Тут і далей: малюнкі Ціхана з-за кратаў

Спачатку мы не разумелі, што рабіць. А потым мы, чалавек дзесяць, проста развярнулі сцягі і пайшлі па вуліцы Савецкай, крычалі «Жыве Беларусь». Калі мы прайшлі гэтую вуліцу, за намі ўжо ішло чалавек трыста. Тады супраць нас выйшла некалькі шэрагаў АМАПа. Я намагаўся сказаць людзям, каб яны ўсталі ў счэпку, і тады мяне і ўзялі. На жаль, яны не ўсталі, АМАП пабег, і я апынуўся ў аўтазаку.

«НН»: Што памятаеце з таго, першага арышту?

ЦК: Перш за ўсё, дзікую жорсткасць іх (сілавікоў. — «НН») у дачыненні да пратэстоўцаў. Людзей збівалі, збівалі і асабіста мяне, людзі былі сінія, чорныя. Калі ўзялі мяне, у ізалятары часовага ўтрымання ў Брэсце ўжо не было месцаў, таму нас павезлі ў ізалятар у Бярозу, дзе нам не далі матрасы. Праз дзень нас вярнулі ў Брэст, але ўжо ў СІЗА. Там у камеры на 6 чалавек нас сядзела 23.

«НН»: Верылі, што пратэсты здолеюць змяніць сістэму і знішчыць рэжым?

ЦК: Думаю, на той час усе ў гэта верылі. Я і цяпер думаю, што недзе 16 жніўня мы ледзь-ледзь не перамаглі. Далей ужо, канечне, гэтай веры было менш, але я ўжо не мог не хадзіць [на пратэсты] і нічога не рабіць.

«НН»: Чаму?

ЦК: Таму што тады атрымаецца, што ўсё гэта было дарма, што людзей на нашых вуліцах забівалі дарма, што людзі сядзелі і сядзяць дарма.

«Кожны б намагаўся выгарадзіць дзяўчыну, якую кахае»

«НН»: Марш 6 верасня стаў першым, які вы наведалі ў Мінску?

ЦК: Так. У Брэсце пратэснага руху тады стала значна менш, і хацелася ўбачыць, як гэта адбываецца ў Мінску, як там людзі пракладваюць маршруты. Магчыма, хацелася ўзяць нейкі вопыт ад мінскіх пратэстаў.

«НН»: І адчуць настрой вялікага маршу?

ЦК: Канечне, і гэта таксама.

«НН»: Вас з Соняй затрымалі падчас таго маршу за інцыдэнт каля шчытоў спецсродкаў загароды «Рубеж». Распавядзіце, як усё было.

ЦК: Натоўп людзей стаяў перад гэтымі «Рубяжамі», яны крычалі, там было шмат плакатаў. Некаторыя людзі пісалі свае думкі на шчытах, так зрабіла і Соня. Пра тое, чаму яна гэта зрабіла, Соня сама расказвала ў судзе. Яе мэтай было прыцягнуць увагу да таго, што адбываецца ў нашай краіне, неяк выказаць пра гэта сваё меркаванне. Потым натоўп людзей, што там быў, пайшоў у зваротным кірунку, мы засталіся. Тады спачатку ўзялі мяне, а Соня пазней захацела ехаць у РУУС, каб мяне забіраць, і так атрымалася, што і яе тады ўзялі.

«НН»: То-бок яна рабіла той надпіс, а вы гэта здымалі?

ЦК: Так.

«НН»: Што было пасля вашага затрымання?

ЦК: Закінулі ў аўтазак, прыснулі ў твар пярцовым газам з балончыка, павезлі ў РУУС. Пазней там аказалася і Соня. Пачаліся допыты, я намагаўся ўзяць усю віну на сябе, але не ведаў, што ёсць столькі відэа пра тое, як Соня малюе на шчытах. Яна намагалася падаць усё так, нібыта я нічога не рабіў, а ўсё рабіла яна. Вось так мы і нагаварылі на тое, што пайшлі па адной справе. Па сутнасці, здалі адзін аднаго, хаця намагаліся адзін аднаго выгарадзіць.

«НН»: Чаму спрабавалі яе выгарадзіць?

ЦК: Я думаю, што кожны б намагаўся выгарадзіць дзяўчыну, якую ён кахае.

«НН»: Чым скончылася тое затрыманне?

ЦК: Спачатку нам далі штрафы па адміністратыўцы, артыкул 23.34. Наступны тыдзень мы правялі часткова на Акрэсціна, часткова ў РУУСе, кожны дзень ездзілі туды на допыты. У выніку мы выйшлі пад падпіску аб нявыездзе.

На мяне ў гэты момант завялі ў Брэсце некалькі адміністрацыйных спраў па 23.34. Галоўным сведкам на маіх судах быў начальнік Ленінскага РАУС Брэста Самасюк, на той момант падпалкоўнік. Мне далі 15 сутак, потым яшчэ 15, і потым яшчэ 15. Гэтыя 45 сутак я адсядзеў часткова ў ізалятары ў Брэсце, а часткова — у ізалятары Століна.

Пасля гэтага я выйшаў, яшчэ дзён дзесяць быў на волі. Потым мяне выклікалі ў Мінск нібыта на допыт, дзе сказалі, што пракурор змяніў меру ўтрымання і да суда я буду пад арыштам. Тое ж самае было і з Соняй. Мяне накіравалі ў следчую турму №8 у Жодзіна.

«НН»: Як усё ўспрымалі вашы бацькі?

ЦК: Па-рознаму. Канечне, былі вельмі знерваваныя, злыя — часам на нас, часам на саму сітуацыю. Але з цягам часу мае бацькі мяне зразумелі і падтрымалі.

«НН»: Вы чакалі, што ўсё можа скончыцца рэальным тэрмінам?

ЦК: Так, чакаў. На той час мне прапанавалі з’ехаць з Беларусі, але я вырашыў заставацца. Яшчэ была нейкая надзея на перамогу, на тое, што я магу зрабіць нешта ў Беларусі. Цяпер, калі я выйшаў, у мяне такой надзеі ўжо не было — на хуткую перамогу, прынамсі.

«НН»: Пакуль вы яшчэ не атрымалі прысуд і не трапілі ў калонію, людзі маглі дасылаць вам лісты салідарнасці, у адказ на якія вы часта дасылалі прыгожыя малюнкі. Недзе вучыліся маляваць?

ЦК: Не, не вучыўся. Тыя малюнкі, што дасылаў у лістах, — меншая частка з таго, што я маляваў, пакуль знаходзіўся ў турме, бо гэта тыя малюнкі, якія маглі прайсці цэнзара. Маляваў шмат чаго з нашай нацыянальнай сімволікай — з «Пагоняй», з бела-чырвона-белым сцягам. Любіў маляваць карыкатуры на нашага нелегітымнага прэзідэнта, часам пры вобшуках іх знаходзілі. Менавіта за такія малюнкі я пазней сеў у Жодзіна спачатку на 10 сутак карцара, а потым яшчэ на 10. На жаль, не атрымалася ўзяць малюнкі з сабой на волю.

«НН»: Як адчувалі сябе пасля абвяшчэння прысуду?

ЦК: Больш непакоіўся, канечне, не за сябе, а за маю маці, за бабулю, за Соню. Яна атрымала на паўгода больш, чым я.

«Пяць нумароў газеты «Новы час» каштуюць 30 сутак у карцары»

«НН»: Якую працу вам далі ў калоніі?

ЦК: Некаторы час працаваў у пякарні, а пазней перайшоў у так званы цэх па вырабе лучыны. Гэта трэсачкі, на якія распілоўваюцца дошкі. Потым іх пакуюць у невялікія мяшкі, якімі загружаюць фуру, і яна некуды ад’язджае.

«НН»: Колькі часу правялі ў калоніі?

ЦК: З 1 траўня 2021 года да 7 сакавіка 2022 года.

«НН»: Што за людзі акружалі вас падчас зняволення?

ЦК: Вельмі розныя. Цяпер сярод палітычных зняволеных у Беларусі ёсць шмат выпадковых людзей, якія выйшлі, напрыклад, на мітынг толькі раз ці два, напісалі нейкі каментарый, паставілі лайк ці зрабілі рэпост. Калі яны прыязджаюць у калонію, гэтыя людзі дрэнна разумеюць, за што яны сядзяць і чаму яны гэта зрабілі. Ёсць такія, якія пачынаюць думаць, як хутчэй выйсці, пачынаюць пісаць лісты Юрыю Васкрасенскаму, прашэнні аб памілаванні. Такіх шмат, але ёсць і іншыя. Іх, на жаль, менш. Ёсць тыя, хто адмовіўся пісаць прашэнне аб памілаванні, хто можа сказаць адміністрацыі тое, што пра яе думае.

«НН»: А вам прыходзіў ліст ад Васкрасенскага з прапановай прасіць Лукашэнку аб памілаванні?

ЦК: Так, я нават нейкі час думаў, ці не напісаць яму адказ, але зразумеў, што мой адказ не прапусціць ніякая цэнзура.

«НН»: Што б вы напісалі ў такім лісце?

ЦК: Шмат чаго можна напісаць, але пачаў бы я, канечне, са слова «здраднік».

«НН»: У калоніі на вас данасілі?

ЦК: Вядома. Акрамя палітычных, у калоніі сядзяць злачынцы, і яны складаюць большую частку вязняў. Гэта гандляры наркотыкамі, забойцы, гвалтаўнікі і іншыя. І сярод іх вельмі шмат даносчыкаў і стукачоў. Праз іх адміністрацыя ажыццяўляе вялікі ціск на палітвязняў.

«НН»: Вы згадалі гандляроў наркотыкамі, але ж у Беларусі па наркатычных артыкулах часта садзяць падлеткаў, якія атрымліваюць непрапарцыйна вялікія тэрміны.

ЦК: Часам бывае і так, але, адбыўшы свой тэрмін, магу сказаць: большасць з тых, хто сядзіць за наркотыкі, якраз і павінны за іх сядзець.

«НН»: За што вы трапілі ў ШІЗА у калоніі?

ЦК: Пачну з таго, што ШІЗА — тое месца, дзе бывае кожны палітвязень, хтосьці больш, хтосьці менш. На самай справе, можна павесіць чалавеку парушэнне, нават калі гэтага парушэння не было. Проста да цябе падыходзіць прадстаўнік адміністрацыі і кажа: ты са мной не павітаўся, ты не даў даклад або яшчэ нешта не зрабіў. Потым яны пішуць рапарт на парушэнне і закрываюць цябе ў ШІЗА. Гэта можна зрабіць з кожным, нават калі ніякага парушэння не было.

Што тычыцца мяне, то, калі я прыязджаў у калонію, здолеў, нягледзячы на вобшук, пранесці з сабой пяць нумароў газеты «Новы час». Тады я яшчэ не ведаў, што шмат зэкаў ходзяць «пастучаць» у штаб, таму па сваёй нявопытнасці аддаў гэтыя нумары газеты некаторым людзям пачытаць. Пасля гэтага мяне закрылі спачатку на дзесяць сутак, потым яшчэ на дзесяць, а потым і яшчэ на дзесяць. То-бок у калоніі пяць нумароў газеты «Новы час» каштуюць 30 сутак у карцары.

«НН»: Якія былі гэтыя 30 сутак?

ЦК: Псіхалагічна гэта даволі цяжка. ШІЗА — невялікае памяшканне, у якім нічога няма, і галоўная праблема — тое, што там няма чаго рабіць. Ты проста, па сутнасці, ходзіш цэлыя дні з кута ў кут. Недзе на 19-20 дзень адзіная думка, якая застаецца, — толькі б не звар’яцець.

«НН»: Гэта быў адзін з самых цяжкіх момантаў за зняволенне?

ЦК: Так.

«НН»: А што падтрымлівала падчас вашага тэрміну?

ЦК: Я бачыў такіх людзей, якія не здаваліся і працягвалі змагацца і на волі, і ў турме, чуў пра іх. Заўжды арыентаваўся на такіх людзей, і тое, што яны былі, заўсёды давала сіл неяк выжываць і глядзець у будучыню з аптымізмам.

«НН»: Вы кажаце пра людзей, якія працягвалі змагацца ў турме. Як гэта?

ЦК: Не пачынаць супрацоўнічаць з адміністрацыяй, таму што яна ўсім прапануе такое супрацоўніцтва, адмаўляцца пісаць прашэнне аб памілаванні на імя нелегітымнага прэзідэнта і гэтак далей.

«НН»: Акрамя ШІЗА, з якім яшчэ ціскам сутыкаліся?

ЦК: У ПК-15 — наконт іншых калоній не ведаю — была такая традыцыя «прывітання» палітзняволеных: калі чалавек прыязджаў у калонію, яго збівалі на працягу некалькіх гадзін. Потым палітычных пазбаўлялі спатканняў, кароткага і доўгага, пазней пазбаўлялі пасылкі. Праз гэта праходзілі амаль усе палітвязні.

«Яшчэ нічога не скончылася»

«НН»: Вы выйшлі на волю амаль праз два тыдні пасля пачатку вайны ва Украіне. Наколькі ў калоніі можна было зразумець, што адбываецца?

ЦК: На жаль, са сродкаў інфармацыі былі толькі навіны на афіцыйным беларускім тэлебачанні, на АНТ. Але калі перавярнуць усё тое, што яны кажуць, то можна зразумець, што адбываецца.

«НН»: Стаўленне да палітычных змянілася з пачаткам вайны?

ЦК: Не, не змянілася.

«НН»: У якой Беларусі вы апынуліся, калі выйшлі на волю?

ЦК: Шчыра кажучы, не чакаў убачыць тое, што я ўбачыў. Гэта краіна павальнай рэакцыі, па сутнасці, акупаваная Расіяй. Дарэчы, я таму і з’ехаў, бо цяпер у Беларусі вельмі цяжка нешта рабіць. Больш магчымасцяў для гэтага ёсць у той жа Украіне, таму што калі Україна пераможа Расію і Пуціна, гэта вельмі наблізіць вызваленне Беларусі. У нас цяпер, па сутнасці, адзіны вораг — Пуцін, бо Лукашэнка цяпер з’яўляецца толькі яго намеснікам. Гэта тая імперыялістычна-саўковая краіна, расійска-саўковая імперыя, якую Пуцін збіраецца адбудаваць, і наша барацьба — супраць яго, супраць гэтага саўка, супраць імперыялізму.

«НН»: Наколькі да вас у калоніі даходзіла інфармацыя пра рэпрэсіі ў краіне? Напэўна ж, там з’яўляліся новыя вязні, яны маглі нешта распавесці.

ЦК: Канечне, новыя людзі з’яўляліся, але калі яны былі на волі, няшмат з іх былі зацікаўленыя ў тым, што адбывалася. Таму звестак даходзіла няшмат.

«НН»: Чым цяпер плануеце займацца?

ЦК: Я хачу працягваць сваю барацьбу і буду яе працягваць. Цяпер я спадзяюся ўступіць у батальён імя Кастуся Каліноўскага, спадзяюся, мяне туды возьмуць.

«НН»: Магчыма, падтрымліваеце сувязь з бацькамі Соні?

ЦК: Цяпер, на жаль, не, але буду шукаць гэтую сувязь.

«НН»: Што б вы ёй сказалі?

ЦК: У апошні раз я бачыў яе ў турме №8 у Жодзіне, проста прайшоў міма яе па калідоры. Яшчэ да гэтага, на Валадарскага, мы гулялі ў суседніх дворыках. Тады яна крыкнула: «Ціхан, я цябе кахаю!» Я магу ёй адказаць толькі гэтак жа: «Соня, я цябе кахаю!»

«НН»: Адчуваеце расчараванне?

ЦК: Не, і не хачу даваць сабе яго адчуваць. Яшчэ нічога не скончылася, мы павінны працягваць ісці да той мэты, да якой мы ішлі ў 2020 годзе.

«НН»: Калі б цяпер перанесціся ў вясну 2020 года, вы б нешта змянілі?

ЦК: Магчыма, дзейнічаў бы больш рашуча, радыкальна.

«НН»: Але ішлі б гэтым жа шляхам?

ЦК: Так, вядома.

 «Наша Ніва» аднаўляе збор данатаў — падтрымаць проста

Чытайце яшчэ:

Валянцін Стэфановіч: Я запомніў гэта на ўсё жыццё, гэта адчуванне годнасці чалавечай

Эдуард Бабарыка з-за кратаў: Жыццё кожны дзень дорыць новыя адкрыцці і маленькія радасці

Каментары

Украінскі дэпутат на форуме «добрых рускіх»: Важна пераносіць вайну ў Беларусь35

Украінскі дэпутат на форуме «добрых рускіх»: Важна пераносіць вайну ў Беларусь

Усе навіны →
Усе навіны

Telegram патлумачыў глабальны збой вайной на Блізкім Усходзе

Пскоўскі мастак захацеў паваяваць з бел-чырвона-белым сцягам, але нашкодзіў сабе самому7

ЕС падтрымаў значнае павышэнне пошлін на кітайскія электрамабілі

У цэнтры Брэста паставілі незвычайны арт-аб'ект

Трэснуў будынак гімназіі ў Віцебску, вучняў перавялі ў іншыя школы

«Усе фігачылі па орках з усмешкай на твары. Мяне затрохсоцілі, і ўсмешкі зніклі»27

Прадзюсара Аляксандра Чахоўскага будуць завочна судзіць ужо другі раз

Вынеслі прысуды фігурантам справы аб падрыве самалёта на аэрадроме ў Мачулішчах — да 25 гадоў1

У Беларусі пачалі прадаваць корм «для сапраўдных квадробераў»3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Украінскі дэпутат на форуме «добрых рускіх»: Важна пераносіць вайну ў Беларусь35

Украінскі дэпутат на форуме «добрых рускіх»: Важна пераносіць вайну ў Беларусь

Галоўнае
Усе навіны →