Апублікавалі абноўлены Падатковы кодэкс. Расказваем пра асноўныя змены
Новы кодэкс істотна павялічыў стаўкі падаткаў, адмяніў спрошчаную сістэму для некаторых прадпрымальнікаў і ўвёў падатак на адну кватэру і дадатковы збор з тых, хто занадта паспяхова гандлюе агуркамі і яйкамі з падсобнай гаспадаркі.
Вырас адзіны падатак і збор для аграсядзіб
Змяняюцца стаўкі адзінага падатку — у залежнасці ад віду дзейнасці яны павялічваюцца ў 2-4 разы. Для кожнага рэгіёна яны свае.
Напрыклад, для ІП у Мінску стаўкі такія: за гандаль адзеннем, дыванамі, складанай бытавой электратэхнікай — 1260 рублёў, за тэхнічнае абслугоўванне і рамонт аўто — 896, паслугі цырульняў і салонаў прыгажосці — 540, будаўнічыя працы — 478. Для фізічных асоб у сталіцы, якія займаюцца відэаздымкай, падатак складзе 263 рублі, перакладамі — 169, дызайнам інтэр’ераў — 237, рамонтам мэблі — 149.
Вырас збор для ўладальнікаў аграсядзіб. Цяпер гэта 31 рубель у месяц (372 рублі ў год замест былых 58).
Важныя змены для тых, хто вядзе падсобную гаспадарку на сваім участку. Калі іх даходы ад продажу садавіны, мяса ці іншай сельгаспрадукцыі перавысяць 200 базавых велічынь на год (на сёння гэта 6400 рублёў), то давядзецца плаціць 10% ад сумы перавышэння. Раней гэтыя даходы падаткам не абкладаліся.
Тое ж і для фізічных асоб, якія збіраюць і прадаюць дзікарослыя ягады, грыбы, лекавыя травы, арэхі.
Увялі падатак на адну кватэру
З гэтага года дзейнічае падатак для ўласнікаў адной кватэры. Раней плацілі толькі за другую і наступныя.
Памер збору — 0,1% ад разліковага кошту жылля. Разліковы кошт квадратнага метра адрозніваецца па гарадах. Па падліках Мінфіна, у сярэднім падатак складзе 50 рублёў у Мінску і 25 рублёў — у рэгіёнах.
Для некаторых груп будуць ільготы. Плаціць падатак за першую кватэру не трэба пенсіянерам, інвалідам І і ІІ групы, непаўналетнім, асобам, прызнаным недзеяздольнымі, салдатам тэрміновай службы, тым, хто праходзіць альтэрнатыўную службу, ветэранам.
Змены ў спрошчанай сістэме падаткаабкладання для ІП
Што з іпэшнікамі, якія працуюць па спрошчанай сістэме? Цяпер спрошчаны падатак складае 6%. Раней ён быў 5% ці 3% плюс падатак на дададзеную вартасць.
Спрошчанай сістэмай з гэтага года не могуць карыстацца прапрымальнікі, якія аказваюць паслугі. Выключэнне толькі для ІП, якія займаюцца турыстычнай дзейнасцю, аховай здароўя, сухапутным транспартам, грамадскім харчаваннем, камп’ютарным праграмаваннем.
Так будзе да канца года. У 2023-м спрошчаны падатак для ІП адменяць. Ім давядзецца перайсці або на адзіны падатак, або на падаходны.
З 2023 года увядуць таксама прафесійны падатак — для фізасоб і рамеснікаў. Канкрэтныя віды дзейнасці яшчэ не вызначаныя. Гэты падатак заменіць падаходны і ўзносы ў фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Памер яго будзе 10% (калі выручка большая за 60 тысяч рублёў у год, то 20%).
Абнавілі сумы падатковых вылікаў
У законе абнавілі сумы даходаў, з якіх не бярэцца падаходны падатак. Для даходаў ад дарэння гэта 8078 рублёў (раней падаткам абкладалася падоранае на суму, большую за 7521 рубель).
Для матэрыяльнай дапамогі ад наймальніка, падарункаў і аплаты пуцёвак — 2440 рублёў (калі гаворка не пра асноўнае месца працы — 161 рубель), для аплаты страхавых паслуг — 4148 рублёў. Бязвыплатная спонсарская дапамога і ахвяраванні, якія атрымліваюць дзеці з інваліднасцю ці сіроты, не будуць абкладацца падаткам, калі іх сума за год меншая за 16 142 рублі (раней было 15 030 рублёў).
Прапісалі таксама новыя падатковыя вылікі. Але там нязначныя змены сумаў. Стандартны падатковы вылік цяпер складае 135 рублёў — калі месячны даход не большы за 817 рублёў (раней было 126 рублёў пры суме даходу ў 761 рубель. Вылік на дзіця да 18 год — 40 рублёў, для ўдавы ці адзінокага бацькі — 75 рублёў на кожнае дзіця, для інвалідаў І і ІІ групы — 190 рублёў.
Каментары