Былога галоўнага інжынера холдынга «Бабушкіна крынка», яго жонку і сябра судзяць за махінацыі
У Магілёве 27 верасня абвясцілі прысуд былому галоўнаму інжынеру ААТ «Бабушкіна крынка» Дзмітрыю Фірсаву, яго жонцы Таццяне і іх знаёмаму Леаніду Маслюкову.
Дзмітрый Фірсаў на пасадзе галоўнага інжынера ААТ «Бабушкіна крынка» працаваў з кастрычніка 2013 года. Ён жа ўзначальваў на прадпрыемстве конкурсную камісію па закупках. Па версіі абвінавачвання, Дзмітрый Фірсаў ад імя «Бабушкінай крынкі» купляў у фірмаў, падкантрольных яго жонцы і сябру, тавары па неабгрунтавана завышаных цэнах, пішуць naviny.online.
Першы раз групу судзілі яшчэ ў ліпені 2019. Тады ім прызначылі вялікія тэрміны па абвінавачванні ў завалоданні маёмасцю малочнага прадпрыемства на суму 417 тысяч рублёў.
Цяпер іх судзілі за замах на завалоданне маёмасцю прадпрыемства на суму 292 тысячы рублёў, учынены службовай асобай з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў арганізаванай групай у асабліва буйным памеры. Злачынства яны не змаглі давесці да канца, бо аператыўнікі раскрылі схему.
Усіх траіх зноў прызналі вінаватымі. Дзмітрыя Фірсава асудзілі яшчэ і за перавышэнне службовых паўнамоцтваў. З улікам мінулага пакарання яго канчаткова прысудзілі да 11 гадоў і 6 месяцаў узмоцненага рэжыму. Таццяна Фірсава атрымала сем гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Леаніду Маслюкову прызначылі восем гадоў у калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Акрамя таго абвінавачаных абавязалі пакрыць ААТ «Бабушкіна крынка» 292 тысячы рублёў нанесенай шкоды і на пяць гадоў забаранілі займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых, адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў і юрыдычна значных дзеянняў. З Дзмітрыя Фірсава дадаткова спагналі яшчэ 17,9 тысячы рублёў у карысць былога працадаўцы.
Чытайце таксама: Крыніцы: затрыманы вядомы бізнэсмен, уласнік «Тытана», «Цівалі» і «Трума», ён сам напісаў на сябе заяву
Каментары