Грамадства

«Я ж кармлю грудзямі». У Лідзе дэкрэтніцу адправілі на 1,5 года ў калонію за два каментары

43-гадовую Таццяну Звярко з Ліды за два каменты адправілі на паўтара года ў калонію. На рашэнне суддзі не паўплывала наяўнасць у жанчыны малога дзіцёнка. 

«Наша Ніва» пагаварыла з Ганнай, старэйшай дачкой жанчыны. 

Таццяна (справа) з дачкой

Таццяна працавала ў Лідскім райвыканкаме старшым спецыялістам у аддзеле дакументацыйнага забеспячэння. Была другі раз замужам. З восені 2019 года была ў дэкрэце, у яе нарадзіўся сын Ягор.

«Мама ніколі не была прыхільніцай таго, што адбываецца. І не разумела, чаму людзі маўчаць, чаму ёй даюць такія ж парады», — кажа Ганна.

Але ці не перашкаджала такая пазіцыя працаваць у райвыканкаме?

«Наколькі я ведаю, праблем не было. Ну ці мо мама не расказвала мне, бо я была яшчэ малая. Але цяпер мама казала: пасля дэкрэту я туды не вярнуся ніколі ў жыцці», — згадвае дачка.

У жніўні 2020 года Таццяна пакінула некалькі каментароў у тэлеграм-канале. У адным рэзка выказалася пра Лукашэнку, у другім — пра знаёмага міліцыянта.

«Там быў фотаздымак Жынко, намесніка начальніка Лідскага РАУС, мама яго даўно і добра ведала, — кажа Ганна. — На фота Жынко кіраваў сілавікамі каля аўтазака. Мама напісала, што здзіўленая, што яшчэ — я не ведаю. Таксама напісала Жынко ў прыват, што не чакала такога ад яго. Ён адказаў: за свае словы яшчэ адкажаш.

І ў верасні да нас уварваліся людзі ў масках».

Правялі ператрус. Ганны дома не было, падрабязнасцяў яна не ведае. Бабуля расказвала ёй, што прыходзілі чалавек сем, напалохалі дзіця.

Пасля чальцоў сям’і выклікалі ў СК, прыходзілі яшчэ раз, забіралі тэлефоны, тэхніку, кажа Ганна. На Таццяну завялі справу па двух артыкулах: за абразу Лукашэнкі і абразу міліцыянта. Жанчына не хацела афішаваць гісторыю — спадзявалася, што ўсё скончыцца «хіміяй».

«Мама нават адваката не наймала, на судзе абараняла сябе сама. Да таго ж, адвакат — дорага. 

Мама лічыла, што дакажа сваю невінаватасць, віну не прызнавала. Яна думала, што калі ў яе малое дзіця, то гэта паўплывае на змякчэнне прысуду. Чакала «хатнюю хімію». А атрымалася, што не атрымалася», — кажа дачка Таццяны.

Суддзя Кашко прысудзіў Таццяне 1,5 года калоніі агульнага рэжыму. 

«Я не паспела на прысуд. Бабуля казала, што ва ўсіх быў шок. Маці ўзялі пад варту ў судзе, калі яе выводзілі, яна толькі прамовіла: «Я ж кармлю грудзямі…»

Трэба было рыхтавацца да найгоршага, але я спадзявалася, што неяк абыйдзецца, — кажа Ганна. — І яшчэ цікавы момант: на судзе агучвалі характарыстыку, якую маме далі ў выканкаме. Яна адпрацавала там 17 гадоў, без спазненняў і спагнанняў, а характарыстыка раптам аказалася не станоўчай, а «задавальняючай». Маўляў, мама не праяўляла ініцыятывы, не імкнулася да павышэння і гэтак далей».

Акрамя жорсткага прысуду, суддзя абавязаў Таццяну сплаціць 2 тысячы рублёў пацярпеламу міліцыянту — за маральную шкоду. 

«Такіх грошай у мяне няма — я студэнтка і падпрацоўваю трэнерам у дзіцячай спартшколе, — кажа Ганна. — Таму ўчора людзі пачалі збор грошай — за суткі ўсю суму сабралі. Для мяне гэта шок, што атрымалася сабраць такую суму, і па сёння не верыцца».

Калі Таццяну пасадзілі, яе муж забраў малога сына і сышоў.

«Крэдыты, якія брала мама, ляглі на мае плечы, — расказвае Ганна. — Мама расплакалася, калі даведалася, прасіла, каб я намагалася не губляць сувязі з брацікам. Я не ведаю, што рабіць, хацела б, каб са мною звязаліся юрысты, якія могуць растлумачыць сітуацыю і магчымае вырашэнне (кантакты Ганны ёсць у Рэдакцыі — НН).

Сёння мы з бабуляй былі на спатканні з мамай. Мама ў гродзенскім СІЗА, мы пабачыліся толькі гадзінку, пагаварылі праз шкло, яшчэ паспелі перадаць перадачу. У яе баявы настрой. Мама казала, што першыя дні, калі яна знаходзілася ў Лідзе, было пекла, казала, што з яе проста здзекваліся: гучная музыка, пад’ёмы. Ёй нават выклікалі доктара. Толькі калі даведаліся, што яна корміць грудзямі, то супакоіліся, бо былі ў шоку. Цяпер кажа, што ўсё больш-менш нармальна. Я так ёй ганаруся! 

Спадзяюся, што апеляцыя ўсё ж паўплывае, і канчатковы прысуд будзе больш мяккім. На тое спадзяецца і мама. Мы ўжо нанялі адваката, ён знаёміцца са справай, ужо паспеў накіраваць скаргу. Мне не страшна. Баяцца няма калі: мне трэба змагацца за маму і браціка».

Каментары

Выйшла на свабоду Антаніна Канавалава, давераная асоба Ціханоўскай у 2020 годзе4

Выйшла на свабоду Антаніна Канавалава, давераная асоба Ціханоўскай у 2020 годзе

Усе навіны →
Усе навіны

Беларускі аўтобусны перавозчык абвясціў пра зніжку 50 працэнтаў на шэраг замежных маршрутаў1

Шмат драўляных канструкцый. Чаму ўскладнялася тушэнне пажару ў ГЦ «Беларусь» у Віцебску4

«Зробім Расію зноў маленькай»: літоўку знялі з удзелу ў чэмпіянаце, за ёй пайшла і ўся зборная 46

Упершыню за доўгі час адбылася масавая атака дронаў на Украіну1

Стаў вядомы каляндар матчаў зборнай Беларусі ў адборы да ЧС-20262

Беларуска кажа, што ў Польшчы яе збіў былы добраахвотнік і сябар КР Аляксандр Камісараў. Той адмаўляе53

У Сабор Нотр-Дам урачыста вярнулі цярновы вянок Ісуса2

Пасля пажару ў гандлёвым цэнтры Віцебска медыцынская дапамога спатрэбілася 15 пацярпелым

Пад Арлом з-за атакі дронаў загарэлася нафтабаза2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Выйшла на свабоду Антаніна Канавалава, давераная асоба Ціханоўскай у 2020 годзе4

Выйшла на свабоду Антаніна Канавалава, давераная асоба Ціханоўскай у 2020 годзе

Галоўнае
Усе навіны →