Грамадства1010

«Мёртвыя душы» Лаўнікевіча: беларускі журналіст прыдумаў сетку фэйкавых экспертаў і 10 гадоў падманвае грамадства

Многія СМІ як у Беларусі, так і за межамі краіны 15 кастрычніка купіліся на фэйк сайта «Адкрытыя медыя» (рэсурс, які фінансуецца Міхаілам Хадаркоўскім) пра тое, што лукашэнкаўцы нібыта прапаноўвалі Святлане Ціханоўскай вызваліць палітвязняў у абмен на спыненне пратэстаў. Штаб Ціханоўскай рашуча абвергнуў гэтую інфармацыю.

Тым не менш гэта была нагода зірнуць на тэксты на беларускую тэматыку, якія рэгулярна з’яўляюцца ў гэтым СМІ. Яны выходзяць пад двума імёнамі — Дзяніс Лаўнікевіч і Віктар Дзямідаў.

Дзяніс Лаўнікевіч, фота з фэйсбука

Лаўнікевіч — гэта дастаткова вядомая ў беларускім медыйным полі асоба. Ён выпускнік біяфака БДУ, працаваў у «БДГ», пісаў для «Белгазеты». Быў уласным карэспандэнтам Gazeta.ru ў Беларусі.

Урэшце Лаўнікевіч трапіў у скандал з запускам «першай беларускай крыптавалюты Талер» і з'ехаў у Кіеў, хоць па-ранейшаму працягвае асвятляць беларускую тэматыку. Вядзе тэлеграм-канал, а таксама падкаст пра беларусаў ва Украіне.

Што тычыцца Віктара Дзямідава, то пра існаванне такога чалавека ніхто не ведае. Журналісцкая супольнасць не такая вялікая, хтосьці б з ім перасякаўся, нехта вучыўся б, бачыўся на мерапрыемствах. Але тут поўная цішыня. Пошук у гугле паказвае, што Віктар Дзямідаў нярэдка выступае ў якасці эксперта ў артыкулах… Дзяніса Лаўнікевіча. Гэта практыка пачалася яшчэ ў пачатку 2010-х — амаль 10 гадоў таму.

Што яшчэ аб’ядноўвае Лаўнікевіча і «Дзямідава» — гэта выкарыстанне ў якасці экспертаў адных і тых жа людзей. Гаворка пра лідарку арганізацыі «Наш Дом» Вольгу Карач, а таксама пра палітолагаў Святлану Грачуліну і Антона Платава. Калі Карач — дастаткова вядомая персона, то з двума астатнімі ўзнікаюць пытанні.

Дзяніс Лаўнікевіч і Вольга Карач. У сваіх артыкулах журналіст пісаў, што Карач мае мянушку «княгіня Вольга»

Ніводзін рэальна існуючы журналіст ніколі не браў каментар ні ў Грачулінай, ні ў Платава. Хоць яны гатовыя каментаваць усё, што заўгодна, — і пагаршэнне ў беларуска-расійскіх адносінах, і заявы Святланы Ціханоўскай, і курс рубля. Рэдкія знаўцы любых тэмаў — удача для любога журналіста.

«Наша Ніва» звярнулася да самога Дзяніса Лаўнікевіча з пытаннямі, ці пад іменем «Віктар Дзямідаў» хаваецца ён сам, а таксама, ці існуюць такія эксперты, як Святлана Грачуліна і Антон Платаў.

«Не, я не Віктар Дзямідаў. Я на сайце «Адкрытыя медыя» публікуюся пад уласным прозвішчам, што вельмі лёгка правяраецца праз пошук», — адказаў Лаўнікевіч.

Што тычыцца экспертаў, то адказ журналіста быў такі: «Гэта рэальныя асобы. Розніца толькі ў тым, што Грачуліна каментуе пад сваім прозвішчам, Платаў — псеўданім дасведчанага чалавека, які працуе ў дзяржструктурах, таму папрасіў даць яму такі псеўданім».

Мы ўдакладнілі, ці гаворка пра актывістку Святлану Грачуліну з «Нашага дома», якая займаецца праблемамі дзяцей-сірот. «Так, гэта яна», — адказаў Лаўнікевіч.

Знаходзім Грачуліну, яна жыве ў мястэчку Барань Аршанскага раёна. «Ці можна з вамі супрацоўнічаць як палітолагам і палітычным экспертам?» — пытаемся ў Грэчулінай. «Не, рэч у тым, што ў мяне ў мінулым годзе быў інсульт, я вельмі сур’ёзна перахварэла і амаль нікуды не выходжу».

Але як так атрымліваецца, што каментары Грачулінай на бягучую тэматыку з’яўляюцца ледзьве не штодзённа ў самых розных СМІ? «Справа ў тым, што ў мяне спытаў Дзяніс Лаўнікевіч, ці можна выкарыстоўваць маё імя, я сказала — радзі бога».

Гэта значыць, што ўсе дадзеныя каментары дае не сама Грачуліна, а пішуць замест яе? «Мабыць, так».

Пытаемся, ці давала яна напярэдадні каментар па Ціханоўскай? «Не, я гэтага не давала», — кажа Грачуліна. «Вы палітолаг?» — удакладняем. «Не, я займалася праблемай дзяцей-сірот, ездзіла то ў Міністэрства, то ў Адміністрацыю прэзідэнта, але цяпер праз стан здароўя гэтым не займаюся».

Выходзіць, што Дзяніс Лаўнікевіч, а разам з ім і нехта «Віктар Дзямідаў» проста з галавы прыдумлялі каментары ад імя гэтай жанчыны. Што тычыцца Дзямідава, то пра існаванне такога чалавека спадарыня Грачуліна ўвогуле ніколі не чула.

Дзяніс Лаўнікевіч

На працягу многіх гадоў Дзяніс Лаўнікевіч у якасці экспертных меркаванняў выдаваў для чытачоў і працадаўцаў выдуманыя ў сваёй галаве канатацыі, але падпісаныя іншымі людзьмі.

Па тым, як Грачуліна і Платаў з’яўляюцца ў розных СМІ, можна прасачыць, з якімі яшчэ выданнямі супрацоўнічаў Дзяніс Лаўнікевіч. Напрыклад, гэтыя эксперты фігуруюць у публікацыях на сайце Russia Today ад імя «Вадзіма Далініна». Мабыць, адзін з псеўданімаў Лаўнікевіча.

«Далінін» ішоў яшчэ далей, ён прыдумаў цэлага «доктара эканамічных навук, выкладчыка БДУ Уладзіміра Самуйлевіча». У БДУ «Нашай Ніве» пацвердзілі, што такой персоны не існуе. Больш за тое, прэс-служба правяла сваё міні-расследаванне, апытала вядомых эканамістаў, але ніхто не чуў пра існаванне такога чалавека.

Тэлеграм-канал «Беларускі парадак» адзначае, што «Дзямідаў» выхітраецца пісаць рэпартажныя ўстаўкі з Беларусі — напрыклад, рэпартаж з сустрэчы апазіцыйных народных дружын у Барановічах.

«У цэлым, я нічога не маю супраць маленькага гешэфту па акучванню рэдакцый, якія не надта разбіраюцца ў нашых рэаліях. Урэшце, гэта праблема рэдактараў. Але калі чыясьці асабістая хлусня ўплывае на працэс, калі на нашых вуліцах льецца рэальная кроў, гэта прыводзіць у шаленства», — піша «Беларускі парадак».

Той самы канал прыводзіць спіс рэдакцый, якія сталі апошнім часам «ахвярамі» Лаўнікевіча-«Дзямідава»: Росбалт, New Times, Open Media, Republic. Хутчэй за ўсё, што спіс далёка не поўны.

«НН» пацікавілася ў Дзяніса Лаўнікевіча, ці не сорамна яму за ўсё гэта? Аднак журналіст пасля гэтага проста знік і перастаў адказваць на пытанні.

Каментары10

Пасля даносу Бондаравай раптоўна адмянілі выставу ў музеі Янкі Купалы. Цяпер яна патрабуе на музеі шыльды па-руску13

Пасля даносу Бондаравай раптоўна адмянілі выставу ў музеі Янкі Купалы. Цяпер яна патрабуе на музеі шыльды па-руску

Усе навіны →
Усе навіны

Трэніруецеся, каб пахудзець? Гэта рэдка спрацоўвае — навукоўцы1

Олаф Шольц заклікаў свайго галоўнага апанента «не гуляць у рускую рулетку»1

Чалы: Для Лукашэнкі аднолькава дрэнныя і перамога Расіі, і перамога Украіны. Ён хацеў бы нічыёй4

У Мінску людзі за тры дні выстройваюцца ў чаргу па кватэры2

Гродзенскі музей купіць карціну мясцовага мастака пра вайну з сімвалам Z9

У Dana Mall зноў зрабілі вельмі прыгожую навагоднюю інсталяцыю ФОТЫ3

Іван Эйсмант: Больш за 50% беларусаў давяраюць дзяржаўным СМІ24

«Яны ўсе хочуць Савецкі Саюз, але пры гэтым жыць як сёння». Сябар Лукашэнкі рэзка раскрытыкаваў савецкае мінулае і яго рэстаўратараў13

Стрымера Crawly, які даставаў палякаў у касцюме гнома, дэпартавалі ва Украіну27

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пасля даносу Бондаравай раптоўна адмянілі выставу ў музеі Янкі Купалы. Цяпер яна патрабуе на музеі шыльды па-руску13

Пасля даносу Бондаравай раптоўна адмянілі выставу ў музеі Янкі Купалы. Цяпер яна патрабуе на музеі шыльды па-руску

Галоўнае
Усе навіны →