У Беларусі Мая Корсік была апошні раз у 2017 годзе, яна даўно ўжо жыве ў Аўстраліі.
Але нядаўна на мінскі адрас свякрухі прыляцела павестка: маўляў, Мая Аляксандраўна, запрашаем вас у міліцыю, супраць вас вядзецца працэс па артыкуле 23.34 — удзел у масавым мерапрыемстве.
«Я расіянка, але жыла ў Мінску з 5 гадоў. Хадзіла там у сад, у школу, універ, на працу, таму ідэнтыфікую сябе з Беларуссю. У Аўстраліі я жыву з кастрычніка 2015 года», — расказвае Мая.
Перад ад'ездам, кажа дзяўчына, яна выпісалася з кватэры свякрухі, знялася з уліку, здала дазвол на жыхарства.
«Гэта значыць я ні грамадзянка, ні рэзідэнт. Адкуль гэтыя абвінавачванні — я не ведаю. Магчыма, убачылі фоткі ў сацыяльных сетках, дзе я з бел-чырвона-белым сцягам. Я ладзіла акцыі ў падтрымку Беларусі, выкладвала фотаздымкі з іх. Але акцыі праходзілі тут, у Аўстраліі.
Цяпер я хачу сабраць доказы. У пасольстве Расіі дадуць даведку, што я ў Сіднэі, не магу выехаць на суд. Там з разуменнем паставіліся, але зробяць толькі ў панядзелак.
Плюс у мяне пашпарт чысты з 2017 года. Дэпартамент па іміграцыі дасць даведку, што я не вылятала нікуды, падарожнічала па Аўстраліі ў асноўным.
У 2017 годзе была апошні раз у Беларусі, лятала на вяселле сяброўкі», — кажа Мая.
Сёння яна пазваніла ва УУС Партызанскага раёна, дзе ёй выпісалі павестку. Але начальніка на месцы не было, намеснік слухаўку не зняў, распавяла дзяўчына.
Каментары