Улада1010

Хто такі Іван Церцель, які ўзначаліў КДБ?

Іван Церцель менш за тры месяцы (усё лета) кіраваў Камітэтам дзяржаўнага кантроля. 3-га верасня ён стаў новым кіраўніком КДБ.

Іван Церцель. Фота БелТА

Чым запомніўся Церцель за нядоўгі час працы ў Дзяржкантролі? Найперш тым, што пры ім гэтае ведамства стала больш шырока займацца палітычнымі справамі. Менавіта Церцель і ягоная каманда ініцыявалі крымінальную справу супраць былога кіраўніка Белгазпрамбанка і імавернага кандыдата ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі.

Менавіта Церцель сустракаўся з пасламі Еўрасаюза ў будынку Міністэрства замежных спраў, каб пагаварыць пра Бабарыку, а потым з кіраўніком Нацбанка Паўлам Калаўрам наведваў пасла Расіі Дзмітрыя Мезенцава. Пасля выбараў Церцель наведваў Наваполацк, каб супакоіць там бастуючых рабочых, але яго віталі і праводзілі крыкамі «Ганьба».

 «НН» сабрала цікавыя звесткі пра Івана Церцеля і ягоную сям’ю.

Іван Церцель нарадзіўся ў 1966 годзе ў вёсцы Прывалкі Гродзенскага раёна. Гэтая вёска мае багатую гісторыю. Належала паселішча роду Агінскіх. А ў 1792 годзе, перад другім падзелам Рэчы Паспалітай, кароль Станіслаў Панятоўскі надаў Прывалкам магдэбургскае права і герб («у ружовым полі арханёл Міхал, у правай руцэ маланкі, у левай — шчыт, пад нагамі постаць д’ябла сярод агню»).

У Прывалках па сёння бавіць летні час мама Івана Церцеля Анастазія Казіміраўна. «Зімой я ў Гродне, самой ужо цяжка тапіць дровамі хату, а на лета сюды прыязджаю. Сёлета позна, толькі ў маі прыехала, раней у канцы красавіка яшчэ», — расказвала «Нашай Ніве» ў пачатку лета спадарыня Церцель.

У сям’і Анастазіі Казіміраўны і Станіслава Янавіча было двое сыноў-пагодкаў: Іван і Юрый.

Малодшы Юрый — таксама цяпер пры высокай пасадзе: ён узначальвае Дзяржаўную інспекцыю аховы жывёльнага і расліннага свету пры прэзідэнце Беларусі. Раней ён узначальваў Асобную службу актыўных мерапрыемстваў (АСАМ) — пагранічны спецназ.

Юрый Церцель. Фота БелТА

«Сыны вучыліся ў базавай школе тут, у Прывалках, а сканчвалі школу ўжо ў Друскеніках, у Літве. Я ж з вокнаў сваёй хаты бачу літоўскую вёску, праз Нёман», — расказвае мама сілавіка.

«Раней жа не было граніц. А па прамой тут да Друскенікаў пяць кіламетраў. Яны выходзілі на трасу Гродна — Вільня і падсаджваліся на рэйсавыя аўтобусы, што ехалі ў Вільню, Алітус, Калінінград. Шмат было аўтобусаў».

А ці ведае Іван Церцель літоўскую мову? «У Друскеніках школа была руская, але літоўскую яны таксама вучылі, троху ўмеюць гаварыць, — расказвае мама. — У савецкія часы ў Вільню мы вельмі часта ездзілі: то ў магазіны, то да касцёла. У нас жа бліжэй да Вільні, чым да Мінска».

Што тычыцца касцёла, то спадарыня Церцель кажа, што ўся іхняя сям’я — каталікі. Сама жанчына ходзіць у касцёл, толькі цяпер пазбягае наведвання храма ў сувязі з каранавірусам.

«Вучыліся добра. Я нават не скажу, якія прадметы былі любімымі — усё любілі. Як усе, хадзілі на рыбалку. Спортам захапляліся: Юрый нават раённае спаборніцтва па настольным тэнісе выйграваў.

Яны ж вясковыя хлопцы, працы ніякай не пазбягалі. Раней давалі ў калгасе буракі на праполку, то яны і для школы праполяць, і для нас, і для бабы з дзедам. Я нядаўна перачытвала лісты Івана з войска, — ён у Туле служыў, — то кожны раз прасіў прывітанне перадаць бабе і дзеду».

Сама Анастазія працавала ўсё жыццё культработніцай: бібліятэкаркай, а таксама загадчыцай мясцовага клуба, хаця вучылася ў Гродне ў хіміка-тэхналагічным тэхнікуме. Але выйшла замуж, вярнулася на радзіму і змяніла сферу дзейнасці. Бацька Івана Церцеля, Станіслаў Янавіч, быў кінамеханікам.

Сёлета будзе 25 гадоў, як Станіслаў Церцель памёр, яму было 55 гадоў. «Маладым памёр, а яшчэ ва ўсю гэтую перабудову. Цяжка было, але сыны дапамаглі», — кажа Анастазія Казіміраўна.

Увесь род Івана Церцеля паходзіць з Прывалак. «І я мясцовая, і муж, і бацькі нашы. Толькі адна бабуля ў мяне была літоўка, з суседняй вёскі. А ведаеце, як маё дзявочае прозвішча? Вейкнер. Можа, нямецкае, хто яго ведае, але мы ўсе мясцовыя. І па пашпарце я не Анастасія, а Анастазія. Калі куды прыходжу, то заўсёды перапытваюць, як імя».

Вучыцца Іван Церцель паехаў у Разань, у вышэйшае паветрана-дэсантнае каманднае вучылішча. У Беларусі скончыў Інстытут нацыянальнай бяспекі. Ад 1993 года служыў у Пагранічным камітэце (савецкая спадчына, калі пагранічнікі былі прывязаныя да КДБ).

У 2008 годзе Іван Церцель стаў намеснікам старшыні КДБ і прабыў на гэтай пасадзе аж да 2020 года. Гэта рэдкасць пры цяперашняй сістэме ратацыі кадраў.

Іван Церцель жанаты.

«Жонку ён знайшоў на вяселлі брата. Ён браў дзеўку з Ліды сабе. А раней як на вяселлях было: утвараліся пары «дружка» і «дружбан», на іх банты апраналі, і яны маладых суправаджалі. Дык вось са сваёй жонкай яны былі «дружка» і «дружбан», так пасябравалі, перапісваліся, а потым ажаніліся. Яна таксама з Ліды. Нявесткі ў мяне добрыя».

У Івана Церцеля адзін сын Міраслаў. Ён вучыўся на факультэце міжнародных адносін БДУ. Жанаты.

Каментары10

«Гандаль людзьмі? Палітзняволеныя самі просяць, каб нехта іх ужо купіў». Маналог Яўгеніі Доўгай19

«Гандаль людзьмі? Палітзняволеныя самі просяць, каб нехта іх ужо купіў». Маналог Яўгеніі Доўгай

Усе навіны →
Усе навіны

Расійскі апазіцыянер, які выйшаў па абмене вязнямі: Для мяне недапушчальна дапамагаць УСУ50

Столькі аўтобусаў на мяжы з Літвой і Польшчай яшчэ не было19

Спявачка Ціна Караль праходзіць ваенную падрыхтоўку ў «Азове»4

Брытанскі вясляр стаў першым, хто заваяваў алімпійскія медалі ў мужчынскім і жаночым заліку. Як так?5

Амерыканцы ці расейцы — каго выбраць пры аналізе ДНК?3

Кадыраў заявіў, што цалкам здаровы, і стаў адціскацца на камеру3

Беларускія фабрыкі паказалі варыянты школьнай формы ФОТЫ15

У гэта складана паверыць, але Новак Джокавіч упершыню ў кар'еры стаў алімпійскім чэмпіёнам1

50 тысяч чалавек — столькі затрымалі праз палітыку з 2020 года7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Гандаль людзьмі? Палітзняволеныя самі просяць, каб нехта іх ужо купіў». Маналог Яўгеніі Доўгай19

«Гандаль людзьмі? Палітзняволеныя самі просяць, каб нехта іх ужо купіў». Маналог Яўгеніі Доўгай

Галоўнае
Усе навіны →