Меркаванні1515

Віктар Марціновіч: Калі цябе прыбіраюць з эфіраў, табе падаецца, што ты выкараскаешся. Але потым усё сціхае

Віктар Марціновіч на budzma.by піша пра «выключанасць» як асаблівы жыццёвы статус у нашай краіне.

«Якая разумніца Станюта!» (з паста ў Facebook).

«Мартыненка звольніўся, Дудзінскі сышоў у адпачынак, праект Урангеля знялі з эфіру АНТ» («КП»).

«Канцэрт Дзядзі Вані (выканаўцы, які ў 2010 годзе выканаў песню Міхея Насарогава «Саня застанецца з намі», а цяпер выдаў адразу два крутыя пасты ў Instagram пра затрыманні. — В. М.) адменены ў Гомелі».

«Аляксей Грос, пераможца «Славянскага базару — 2016» […] не будзе ўдзельнічаць у канцэрце ў Палацы Незалежнасці» («КП»).

«Litesound пазбавілі канцэртаў за крытыку ўладаў. Гурт адказаў гімнам «Мы героі» («Свабода»).

Так ужо было.

Так было шмат разоў.

Маладзейшыя не памятаюць, я нагадаю.

У 2010 годзе Сяргей Дарафееў, вядоўца ток-шоу «Выбары-2010», наважыўся задаць настолькі вострыя пытанні Ярмошынай, што тая змушаная была сысці з эфіру. Тады кандыдата ў прэзідэнты Някляева збілі і затрымалі яшчэ да афіцыйнага абвяшчэння вынікаў, і я Дарафеева разумею. Не вытрымаў. Тут нямногія вытрымалі б. Хіба той, хто зусім без сумлення. Тады нават памяркоўныя газеты выходзілі з загалоўкамі «Уходя, гасите всех».

Першыя тыдні людзі, якія здзейснілі Учынак, яшчэ адчуваюць падтрымку. Сітуацыя яшчэ гарачая, абураных шмат, нехта піша добрыя словы ў прыват.

І падаецца: з табой — большасць. І так будзе заўсёды.

І калі цябе «выключаюць», прыбіраюць з эфіраў, з ратацыі на FM-станцыях, са сцэны, з музея, з кніжнай крамы, табе падаецца, што ты выкараскаешся.

Што людзі не дадуць табе згаладнець.

Але праз два месяцы пасля Учынку ўсё сціхае.

Людзі разыходзяцца па гародчыках капаць бульбу. Збіраюцца на адпачынак у Турэччыну. Пераносяць абурэнне на кухні. Людзі забываюць пра твой гераізм. Людзям, нарэшце, паказваюць новых вядоўцаў і спевакоў, новых герояў. Вясёлых, аптымістычных. Людзям прыемней бачыць тых, па кім не прайшлася сістэма. Бо так лягчэй забыць, дзе жывеш.

І ты застаешся сам-насам з сабой.

Самотнікам.

Чалавекам, якога ахінае моўчадзь.

І добра, калі ты, як Дарафееў (ці як Вадзім Пракоп’еў), можаш эміграваць. А калі не? Калі ўся твая музыка, твае песні, твае вершы і раманы — пра гэтую краіну і для гэтай краіны?

Тут пачынаецца такая драма, што пра яе нават не раскажаш словамі. Некалькі гадоў таму я чытаў вельмі сумную гісторыю пра легенду майго юнацтва Ігара Варашкевіча («Крама»). Яго, як і Вольскага, як і Хаменку («Палац»), як і Кулінковіча («Нейра Дзюбель»), унеслі пасля 2010 года ў чорныя спісы за выступ на «не тым» канцэрце. І ў тэксце апавядалася, як Варашкевіч, пазбаўлены вялікай сцэны, сабраў кавер-бэнд, выступае на малых пляцоўках за «невялікія грошы», карацей, «культурпартызаніць».

І настрой у тым тэксце быў такі, ведаеце — ні злосці, ні расчаравання, толькі ціхі сум. Вось як калі б Каліноўскі даў інтэрв’ю пасля шыбеніцы. Плакаць хацелася ад таго інтэрв’ю, але не з жалю да Майстра, якога за чалавечнасць (і менавіта за чалавечнасць!) пазбавілі права на творчасць.

Але праз нас, дурымараў, якія не шануюць тых, каго варта было б шанаваць.

Адметнасць 2020 года ў тым, што «выключаных» зрабілася вельмі, вельмі шмат.

І, вядома, наіўна думаць, што ўсё абыдзецца адной адменай канцэрта ці што Станюту слёзна паклічуць «абратна» на АНТ.

Выключанасць — гэта новы жыццёвы статус, якога вельмі цяжка, амаль немагчыма, пазбавіцца. Памятаеце, як у 2007-м «чорнаспісавыя» рокеры хадзілі да Праляскоўскага? І да чаго гэта прывяло (ні да чога)?

Кулінковічу давялося зрабіцца калумністам «СБ», каб зноў выйсці на сцэну.

Цяпер усё абцяжарваецца тым, што і пляцоўкі «народнай падтрымкі», збору грошай на новы альбом, новы цыкл перадач, новы кліп — выключаныя. І я не думаю, што «Моламола» хаця б калі-небудзь запрацуе ў РБ.

Мяне «выключылі» вельмі даўно.

Прыкладна ў 2000-м, бо ў 1999-м далі паступіць у аспірантуру, а ў 2001-м не далі абараніць напісаную ў той аспірантуры дысертацыю. І шапталі: «Такога не было нават за СССР».

Усё маё свядомае жыццё прайшло ў стане «выключанасці». Сустрэчы з чытачамі ў невялічкіх кнігарнях. Дробныя радасці ў выглядзе аўтограф-сесій, на якія збіраліся тыя, што пра мяне памяталі. Краіна будавала лядовыя палацы і праводзіла дні пісьменства, я пісаў свае тэксты ў спадзяванні на тое, што нехта калі-небудзь прачытае.

Часам — дзякуючы збегу абставін, дапамозе сімпатызантаў з таго боку — мяне «ўключалі», дапускалі да мікрафона, нешта блытана абяцалі. Але звычайна — як у песні «Аўкцыёна»:

«Что-то вручали, потом забирали, но ненадолго».

Што я маю сказаць «новым выключаным»?

Вы ўсё зрабілі правільна.

Па-іншаму было няможна.

Вы — людзі. І зрабілі па-людску.

То ніякай горычы.

Калі зробіцца цяжка, памятайце:

Сумленны чалавек мае раскошу глядзець людзям у вочы.

А з гэтай раскошай няма чаго гараваць.

Каментары15

Экс-кандыдатку ў прэзідэнты Таццяну Караткевіч пасадзілі на 15 сутак11

Экс-кандыдатку ў прэзідэнты Таццяну Караткевіч пасадзілі на 15 сутак

Усе навіны →
Усе навіны

ЕС адклаў увядзенне новай сістэмы ўезду і выезду

Пасля працяглага росту ў Беларусі прыкметна знізіўся попыт на нерухомасць. Чаму так адбываецца?6

Урад зноў увёў ліцэнзаванне на вываз яблык, цыбулі і капусты2

Прынцэса Кэтрын упершыню пасля заканчэння курса хіміятэрапіі з’явілася на публіцы

Зяленскі абвергнуў, што падчас еўрапейскага турнэ ён абмяркоўваў пытанне перамір'я з Расіяй

15-гадовы кандытар з Мінска робіць торты на замову: прыгожа, але шалёна дорага13

Адбыўся новы выбух на нафтабазе ў Феадосіі, якая гарыць чацвёрты дзень4

Сталі вядомыя пераможцы штогадовай прэміі за найлепшыя ФОТЫ дзікай прыроды1

Ужо амаль палова расіян заявіла, што вайна прынесла Расіі больш шкоды, чым карысці11

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Экс-кандыдатку ў прэзідэнты Таццяну Караткевіч пасадзілі на 15 сутак11

Экс-кандыдатку ў прэзідэнты Таццяну Караткевіч пасадзілі на 15 сутак

Галоўнае
Усе навіны →