Давыдзька: Айчынную інтэрнэт-пляцоўку сёння занялі ворагі дзяржаўнасці
belayarus.by
Пра гэта старшыня «Белай Русі» Генадзь Давыдзька заявіў падчас сустрэчы з актывам Магілёўскай вобласці. Ён папярэдзіў, што ў выпадку «фальшывага выбару» сапраўдныя патрыёты рызыкуюць страціць краіну.
«Электаральная кампанія ў любой краіне — гэта ў прынцыпе складана, — сказаў Давыдзька. — Асабліва цяпер, на фоне пандэміі. У свеце расце пачуццё незадаволенасці і нявызначанасці, усе прадчуваюць новыя праблемы. Агульнасусветная нестабільнасць балюча б’е па невялікіх краінах, да якіх адносіцца і Беларусь».
Ён таксама вельмі эмацыйна распавёў пра размову з маладымі людзьмі, што стаялі у пратэсным ланцугу ў цэнтры Мінска літаральна некалькі дзён таму.
«Вы думаеце, ім патрэбныя перамены? Нічога падобнага. Ім не перамены патрэбныя, а шоу, дзвіжуха. Гэта проста — проста безадказныя выхаванцы інтэрнэту. Такім людзям варта падказаць, каб яны шукалі праблемы не ва ўладзе, не ў прэзідэнце, а ў сабе. Магчыма, тады іх жыццё наладзіцца».
«Мы знаходзімся пад беспрэцэдэнтным медыя-ўплывам з боку нашых ворагаў, — дадаў Давыдзька. — Дарэчы, гэтыя людзі не хочуць прыйсці да ўлады. Іх задача — пагаварыць, пашумець, унесці раскол, але пры гэтым ні за што ў выніку не адказваць. А так не бывае…»
Старшыня «Белай Русі» сказаў, што айчынную інтэрнэт-пляцоўку сёння занялі ўшлыя ворагі дзяржаўнасці, якія апярэдзілі тут патрыятычныя сілы. «Але гэта поле трэба патроху адваяваць, захопліваць часова страчаныя пазіцыі», — лічыць ён.
Каментары