Ператрус у Белгазпрамбанку. Завялі справы за падаткі і адмыванне грошай — да 7 гадоў зняволення
Як паведамляюць людзі ў сацыяльных сетках, праходзіць ператрус у офісе Белгазпрамбанка ў Мінску, якім кіраваў патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты Віктар Бабарыка. Туды прыбылі каля 50 сілавікоў у масках.
Каля будынка і ў фае ніякіх слядоў працы сілавікоў. Толькі аб'ява, што сёння дэпазітарнае сховішча не працуе.
Прэс-служба Камітэта дзяржкантролю паведамляе, што заведзена крымінальная справа па ч. 2 арт. 243 «Ухіленне ад выплаты сум падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры», ч. 2 арт. 235 «Легалізацыя сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, у асабліва буйным памеры».
Паведамляецца таксама пра ператрусы ў членаў ініцыятыўнай групы гэтага былога банкіра-мецэната. А таксама паведамляецца, што ДФР у кампаніі ПрыватЛізінг, якую раней згадваў Лукашэнка.
***
ДФР дабраўся да ТАА «Кампары».
Вобшук ідзе ў дырэктара, ён адзін з сяброў ініцыятыўнай групы, а намеснік дырэктара — саўладальнік Прыватлізінгу.
Ператрус у «Прыватлізінгу», прыехалі работнікі ДФР з усёй краіны
***
Як паказваюць сацыялагічныя апытанні, менавіта Бабарыка карыстаецца найбольшай падтрымкай выбарцаў. Акрамя таго, ён сабраў найбольшую сярод альтэрнатыўных кандыдатаў ініцыятыўную групу, хоць збіраў яе ўсяго некалькі дзён і толькі праз сацыяльныя сеткі. Па стане на ўчора ён абвесціў пра 285 тысяч сабраных у сваю падтрымку подпісаў, што таксама рэкорд.
Каментары