Выбары-20203636

«Здраднік», «хоча падмануць КДБ», «спрабуе вярнуцца ў абойму». Топ-чыноўнікі пра рашэнне Цапкалы кінуць выклік Лукашэнку

Рашэнне першага дырэктара ПВТ Валерыя Цапкалы балатавацца ў прэзідэнты ўжо нарабіла шуму як у грамадстве, так і ў кабінетах наменклатуры.

«Наша Ніва» распытала буйных дзяржаўных дзеячаў і чыноўнікаў сярэдняй рукі аб тым, што яны думаюць пра такі крок Цапкалы.

Вось кампіляцыя меркаванняў людзей, якія працуюць у фінансавай, інфармацыйнай, сілавой і іншых сферах дзяржаўнага кіравання. Яны падзяліліся сваёй пазіцыяй на ўмовах ананімнасці — такія рэаліі лукашэнкаўскай сістэмы.

Валерый Цапкала, фота Сяргея Гудзіліна

«Здраднік»

«Ён столькі год карміўся з рук Лукашэнкі! А цяпер раптам «празерыў» і ўбачыў хібы? Гэта называецца здрада.

Вось у мяне няма маральнага права крытываць Лукашэнку і выбудаваную сістэму. Юрыдычнае права ёсць, а маральнага няма, бо ў мяне могуць спытаць: «Калі ты так лічыш, то чаму ты ўсе гэтыя годы побач маўчаў, чым ты займаўся?»

У выпадку Цапкалы ёсць два варыянты — або быць з прэзідэнтам да канца, або сядзець на лецішчы і не выступаць. Да ПВТ спрычыніліся таксама Добкін, Маханёк, Мясніковіч, усё рабілася са згоды і пры падтрымцы Лукашэнкі — як ён тады можа казаць, што стварыў яго адзін? 

Мне бачыцца гэта так — нейкія сілы, якім муляе ПВТ, знайшлі пакрыўджанага. І спрабуюць праз яго супрацьпаставіць айцішнікаў і Лукашэнку, каб Лукашэнка прымяніў рэпрэсіі і Парк аслабеў».

«Хоча падмануць КДБ»

«Мне пакуль нічога не ясна, трэба чакаць, пакуль Цапкала выступіць афіцыйна. Я думаю, гэта будзе пасля рэгістрацыі яго кандыдатам. Тут такі момант: самае галоўнае — гэта хто будзе ў камандзе; адзін чалавек, хай гэта будзе нават не Цапкала, а Ілан Маск, нічога не зможа. Патрэбна каманда ў 50 чалавек. 

І я буду глядзець на 20 найбольш набліжаных і разумець, што гэта будучы ўрад. Ацэньваць, хто прэтэндуе адказваць за эканоміку, за фінансы, за прамысловасць, і тады зраблю высновы. 

Пакуль нічога гэтага не відаць. І не толькі журналістам і простым людзям цікава, хто ў камандзе.

Гэта цікава спецслужбам, чыя задача — зрабіць усё, каб гэтая каманда ў прынцыпе не сабралася, вылічыць яе. 

Таму калі ён не спойлер, то лагічна, што ён цяпер адмоўчваецца і не называе ніякіх асоб».

«Палітычны аддзел такога б не прыдумаў»

«Пакуль што я назіраю «наверсе», хутчэй, негатыў да кроку Цапкалы. Калі разглядаць яго як спойлера… Няўжо наш палітычны аддзел, які раней быў здатны толькі на казацкага атамана і Караткевіч, здольны прыдумаць Цапкалу і рызыкнуць?»

«Антыапазіцыянер Гайдукевіч дарэмны супраць Цапкалы»

«Настроі сярод калег пасля вылучэння Цапкалы — замяшальніцтва. Пра яго ўжо ўсе забыліся! Крок сапраўды неспадзяваны, пакуль нічога не зразумела, дадумваюцца тэорыі змовы — расійскі, амерыканскі, еўрапейскі капітал і гэтак далей.

Я чуў думкі, што супраць Цапкалы цяпер патрэбны сапраўды спойлер, бо заточаны супраць класічнай апазіцыі Гайдукевіч Цапкалу проста «не вывезе» ні інтэлектуальна, ні харызматычна.

Але калі ён паўторыць лёс Казуліна, то гэта нанясе краіне вялікую шкоду».

«Просіцца назад»

«Разумны хлопец, якога выкінулі і які нікому не патрэбны. Магчыма, гэта нават не спроба рэалізаваць палітычныя амбіцыі, а спроба проста нагадаць пра сябе, каб вярнуцца ў абойму».

«Адчайны крок»

«Гэта можа выглядаць рэальнай спробай кінуць выклік па папярэдняй дамоўленасці з нейкімі сіламі, бо проста так такое не робіцца.

Цапкала — чалавек вялікіх амбіцый, можа быць, нават з маніяй велічы. Айцішнік яго калібру глядзіць на людзей як буйны хірург-анколаг ці лаўрэат Нобеля па фізіцы: «Ну вось вы, клапы, нешта тут мітусіцеся, а я ведаю такое, што вам недасяжна».

Ён мог доўга спець да такога рашэння, разумеючы працэсы ў Беларусі, ацэньваючы менеджмент і бачачы, куды ўсё ідзе. І вось даспеў.

Цікава, дарэчы, што ў свой час Лукашэнка ім страшна ганарыўся, бо ў ягонай камандзе былі людзі накшталт Фядуты і Канаплёва, а тут Цапкала: «У мяне ёсць чалавек, які ўмее гаварыць па-англійску!».

Трэба пачакаць, як будуць развівацца падзеі, калі гэта ўсё ўсур'ёз, то Цапкала, пэўна, памятае, што ў ведамстве Валерыя Палыча (Вакульчыка, старшыні КДБ — «НН») на яго вялікая тэчка з апісаннем працэсаў у раннім ПВТ і іх вынікаў, а для Лукашэнкі не стала праблемай пабіць сукаватай палкай нават Чыжа.

Але Цапкала, пэўна, думае, што калі сапраўды запахне смажаным, то ўцячэ ў Штаты».

Каментары36

Сталі вядомыя новыя падрабязнасці затрыманняў і ператрусаў на мінулым тыдні1

Сталі вядомыя новыя падрабязнасці затрыманняў і ператрусаў на мінулым тыдні

Усе навіны →
Усе навіны

З'явіліся сцены і брама — глядзіце, як змяніўся Навагрудскі замак16

У Малдове сёння праходзіць другі тур прэзідэнцкіх выбараў2

Трамп або Харыс: хто зробіць Амерыку і свет бяднейшымі?5

Ці сапраўды «пасыпаўся» ўкраінскі фронт на Данбасе?10

Ветраныя Дзяды: вось як выглядала сёння капліца Каліноўскага і магілы беларусаў у Вільні3

Мінскі ГУМ ужо ўпрыгожыў вітрыны да Новага года ФОТЫ2

Навукоўцы высветлілі, што людзі чытаюць Вікіпедыю абсалютна па-рознаму — усё залежыць ад узроўню адукацыі7

Балкунец заклікае зрываць выбарчыя плакаты. Але за гэта могуць саджаць35

«Цяпер яны нашыя анёлы-ахоўнікі. Яны нас бароняць». Як беларусы ў гэтыя дні наведвалі магілы продкаў ШМАТ ФОТА

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сталі вядомыя новыя падрабязнасці затрыманняў і ператрусаў на мінулым тыдні1

Сталі вядомыя новыя падрабязнасці затрыманняў і ператрусаў на мінулым тыдні

Галоўнае
Усе навіны →