Абшылі вагонкай і паставілі пластыкавыя вокны: як на Століншчыне незаконна рэканструявалі царкву 18 стагоддзя ФОТА
У вёсцы Рухча Столінскага раёна незаконна рэканструявалі царкву XVIII стагоддзя, паведаміў БЕЛТА намеснік начальніка аддзела па каардынацыі дзейнасці арганізацый культуры ўпраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама Арцём Брухан.
Драўляны храм у Рухчы ўнесены ў дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў пад назвай царква Раства Багародзіцы, мае другую катэгорыю каштоўнасці. У будынку спалучаюцца элементы народнага дойлідства і барока. Уласнікам з'яўляецца царкоўны прыход. Без адпаведнага дазволу на аб'екце былі праведзены рамонтна-рэстаўрацыйныя работы: вонкавыя сцены абабітыя вагонкай, вокны заменены на пластыкавыя.
«Былі парушаныя патрабаванні Кодэкса аб культуры. Работы на гісторыка-культурным аб'екце праведзены без падрыхтоўкі праекта, зацверджанага Міністэрствам культуры. Выкарастаныя пры рэстаўрацыі матэрыялы павінны быць узгоднены з распрацоўшчыкам праектна-каштарыснай дакументацыі. Нічога з гэтага зроблена не было, што прывяло да пэўных зменаў знешняга выгляду царквы», — растлумачыў Арцём Брухан.
Брэсцкі аблвыканкам прызнаў: мела месца парушэнне заканадаўства. Аддзел культуры Столінскага райвыканкама цяпер рыхтуе матэрыялы для складання пратаколу аб адміністрацыйным правапарушэнні.
Каментары