Грамадства7979

«Яму падабалася слова «бойлавэр». Глухі падлетак, адна з ахвяр журналіста Ч., расказаў сваю гісторыю

Заблытаная гісторыя журналіста Ч. атрымала працяг.

Ч. быў затрыманы на беларуска-польскай мяжы з 0,83 грама марыхуаны. Таксама два пакеты з нейкімі рэчывамі былі знойдзены ў яго дома. Вялікая частка грамадства мяркуе, што наркотыкі былі падкінутыя, і стала на яго абарону.

Разам з тым многія працягваюць абмяркоўваць маральнае аблічча Ч., які ў 1990-я публікаваў пасквілі на апазіцыю, а ў 2010-я бэсціў палітвязняў.

І на фоне ўсяго гэтага з шафаў пачалі вывальвацца шкілеты: ананімныя тэлеграм-каналы рассакрэцілі дэталі нядаўняй крымінальнай справы супраць Ч. па 168 артыкуле КК (палавыя зносіны з асобай, якая не дасягнула 16-гадовага ўзросту). Тая справа з няясных прычын не дайшла да суда.

«Наша Ніва» паразмаўляла з хлопцам, які лічыць сябе ахвярай сэксуальнага гвалту з боку Ч., і прапануе чытачам пачуць яго пазіцыю.

Але спачатку мы хочам адказаць на некалькі пытанняў, якія могуць узнікнуць падчас прачытання тэксту.

1. Чаму такая публікацыя з'явілася ў «Нашай Ніве» менавіта цяпер, на фоне скандалу з Ч. і марыхуанай?

Гісторыя, апісаная ў матэрыяле, адбылася ў сярэдзіне 2000-х, пра яе ніхто не ведаў. Герой артыкула вырашыў апублічыць яе цяпер, пабачыўшы, што, па яго словах, з Ч. робяць героя.

2. Як «Наша Ніва» знайшла героя матэрыялу?

Піяршчыца Ірына К. у тэлеграме выступіла з падтрымкай Ч. Адзін з каментатараў абурана адказаў, што яна падтрымлівае педафіла. Ірына папрасіла доказы, спісалася з хлопцам і, выслухаўшы яго пазіцыю, параіла звярнуцца ў вядучыя медыя краіны. У выніку хлопец напісаў у «Нашу Ніву».

3. Ці можа быць гісторыя прыдумкай, каб ачарніць імя Ч. у складаны для яго момант?

Герой публікацыі сцвярджае, што хацеў расказаць сваю гісторыю яшчэ ў 2013 годзе, калі Ч. трапіў у папярэдні скандал і яго звольнілі з Tut.by.

Хлопец тады звярнуўся да адміністратараў буйных каляпалітычных суполак Укантакце, тыя параілі яму некалькі СМІ, але ніводнае з медыя не ўзялося за тэму. У «Нашу Ніву» ён тады не звяртаўся.

Мы спраўдзілі ў тых адміністратараў, ці сапраўды звяртаўся да іх чалавек з такой гісторыяй. Яны пацвердзілі перапіску з ім.

Герой публікацыі гатовы даць паказанні ў судзе і пацвердзіць свае словы.

4. Навошта вы пішаце такія падрабязнасці? Гэта ж неэтычна.

Падрабязнасці дазваляюць герою публікацыі запэўніць, што яго словы не абстрактная прыдумка, а канкрэтная гісторыя з канкрэтнымі дэталямі. Яны таксама паказваюць, якую траўму ён перажыў.

5. «Наша Ніва» верыць, што ў Ч. сапраўды знайшлі на мяжы наркотыкі?

У нас няма інфармацыі, мы можам абапірацца толькі на словы адваката. Калі наркотыкі былі яму падкінутыя, арганізатары і выканаўцы гэтай правакацыі павінны панесці справядлівае пакаранне. Якім бы ні быў чалавек, падкідваць яму наркотыкі недапушчальна.

6. Чаму мы не называем тут прозвішча? Мы ўпэўненыя ў праўдзівасці гэтай гісторыі. Але, паколькі Ч. за кратамі і мы не можам даць яму слова, мы вырашылі пакуль назваць яго так.

Хлопца, з якім сустрэліся карэспандэнты «Нашай Нівы», зваць Максім, ён жыве ў Віцебску і да нядаўняга часу займаўся бізнэсам. Максім — сапраўднае імя, яму 30 гадоў, ён адкрыты гей. Гісторыя з гвалтам адбылася каля 15 гадоў таму.

Вось што ён расказвае: 

«З Ч. я пазнаёміўся недзе ў пачатку 2005-га, на той момант мне было 15 гадоў. Камп'ютары ў той час былі мала ў каго, я хадзіў у інтэрнэт-клуб. І там зарэгістраваўся на «Мамбе» [сайт знаёмстваў — НН]. На той момант я ўжо ўсведамляў, што я гей і шукаў адпаведныя знаёмствы, адразу пазначаючы ў наладах цікавы мне пол. Я не шукаў канкрэтна сэксу, я шукаў знаёмстваў з такімі, як я, прыкладна такога ж узросту. Ч. напісаў мне тады, прадставіўся «Яраславам Нікіціным» і сказаў, што яму 19 гадоў. Але на фота было адназначна не 19. Я не паверыў, і праз нейкі час ён прызнаўся, колькі яму насамрэч — тады яму было за 30.

Я не скажу, што ён быў у галоўных маіх вэб-кантактах, проста гэта быў чалавек, з якім быў чат сярод іншых. Але наша перапіска неяк паглыбілася. Мы гаварылі ні пра што, але ён быў цікавы: казаў, што ён журналіст, што піша вершы, тэксты песень, што займаецца аранжыроўкамі і звядзеннем музыкі.

Расказваў пра сваё сяброўства з Сяргеем Кузняцовым — гэта заснавальнік гурту «Ласкавы май».

Ч. расказваў, як Кузняцоў аб'язджаў дзіцячыя дамы ў пошуках талентаў і там знайшоў склад «Ласкавага мая». Маўляў, ён стварыў шмат такіх гуртоў, у прыклад ён прыводзіў «Стекловату». Памятаеце той дэбільны кліп, дзе спяваюць такія хлопчыкі ў швэдрах? Вось яго мне даслаў Ч.: «Паглядзі, а ці не хочаш таксама так выступаць?». 

І тут трэба сказаць, што я маю праблемы са слыхам, з 6 гадоў нашу апарат, адпаведна — праблемы не толькі са слыхам, але і з маўленнем. [Максім нармальна гаворыць, але, кепска чуючы свой голас, часам не адчувае гучнасці, з якой гаворыць. — НН.]

«Нічога, ёсць шмат праграм, якія могуць выправіць голас. Прыязджай, паспрабуем, раптам у цябе ўдасца. Зможаш запісаць кліп у Маскве, а калі не зможаш спяваць, то, прынамсі, на падтанцоўку можна», — ён пісаў мне прыкладна такое.

Я ставіўся да гэтага скептычна, але ў нейкі момант нават паверыў: а раптам нешта атрымаецца, патусуюся ў нейкім цікавым руху? Я ж быў падлетак. Зрэшты, адсутнасць слыху не азначае адсутнасць музыкальнага слыху. Таму я пагадзіўся на прапанову. І калі аднойчы ехаў у Мінск, то вырашыў зайсці і да Ч. 

Вядома, у нашых перапісках перад паездкай былі пытанні сэксуальнага характару — ён пытаўся, якая ў мяне сэксуальная роля, які ў мяне памер. Прасіў фота «цікавей, чым проста ў адзенні», але я нічога не высылаў.

Тая сітуацыя стала для Максіма траўмай.

Я ясна тлумачыў яму, што мне цікавыя людзі майго ўзросту. Я з ім не фліртаваў, я даваў зразумець, што ён не ў маім гусце. Складвалася ўражанне, што ён разумее, але часам казаў, што, у прынцыпе, гэта будзе нармальна — пачаць сустракацца з ім. Прыводзіў у прыклад сюжэты з гісторыі старажытнай Грэцыі. 

З яго боку, ён матываваў нашае сяброўства тым, што яму падабаюцца маладыя хлопцы. Але ён не любіў слова «педафіл», яму падабалася слова «бойлавэр» [boylover, ад англійскага boy — «хлопчык» і lover — «каханак» — НН].

Мне ён казаў, што васьмігодкі яго не цікавяць, а вось паміж 13 і 18 — тое, што трэба.

Я ў яго пытаўся, а што будзе, калі хлопец падрос — вось яму 20, 25?

Ён адказваў, што тады губляе цікавасць.

Ну я пытаўся пра каханне, ён казаў, што поліаморны [дапускае існаванне некалькіх любоўных адносінаў адначасова — НН]. 

Што яшчэ расказваў? Агулам рамантызаваў прафесію журналіста, казаў, што апякуецца юнымі журналістамі, настаўнічае і дапамагае ўладкоўвацца, што калі ў мяне не выйдзе з песнямі, то ён можа навучыць мяне пісаць.

Цяпер Максіму 30 гадоў.

Словам, калі я прыехаў у Мінск, ён мяне сустрэў на вакзале. У мяне былі такія планы: паспрабаваць запісаць песню, зайсці ў крамы, білеты назад былі на той жа дзень.

Я прыехаў недзе а шостай раніцы. Ён прапанаваў пешшу прагуляцца да ягонай кватэры — гэта было за рэчкай, вуліца Старажоўская.

Пакуль мы ішлі, паводзіў ён сябе цалкам міла, рабіў лёгкае ўражанне інфантылізму — можа, проста спускаўся на мой узровень.

Калі мы аказаліся ў кватэры, там была ягоная жонка. На кухні стаяла шмат бутэлек.

Ён завёў мяне ў пакой: «Пабудзь тут, зараз я яе выганю і мы пасядзім спакойна». 

Яна сышла неўзабаве, а ён стаў расказваць пра сябе. Прызнаўся, што ягонае сапраўднае імя іншае. Але паколькі прозвішча «амаль як *уеў», ён узяў прозвішча жонкі. 

У пакоі быў тэлевізар, канапа, матрац ляжаў сярод пакоя, стаяў мікрафон, нешта кшталту сінтэзатара, навушнікі і гэтак далей. 

Ён спачатку даў паслухаць чужыя трэкі, якія нібыта запісваў тут жа — таксама спявалі хлопцы. Ён расказваў пра іх, пра тое, якія яны сталі паспяховыя цяпер, паказваў фота, дзе ён абдымаецца з імі. Казаў, што можна скалаціць класныя гурты, калі ў мяне атрымаецца. Як я цяпер разумею, гэтак ён паказваў нармальнасць гэтых адносін: маўляў, вось іншыя не бачаць праблем, а чаму ты не хочаш са мной мець нешта інтымнае? Расказваў, як іншыя таксама адразу адмаўляліся, але потым ім падабалася, ну нешта такое.

Максім жыве ў Віцебску.

Ну і даў тэксты: спачатку проста прачытаць, потым прачытаць уголас, потым напець і гэтак далей.

Потым мы запісвалі, гэта заняло пару гадзін. Ён праз праграму пачаў праганяць запісанае і слухаў, што выйшла, даваў паслухаць мне. Але мне было ясна, што нешта не вельмі атрымалася. Ён пагадзіўся, мы вырашылі скончыць.

Потым ён сказаў, што ёсць лёгкі і смачны бальзамчык, і наліў мне і сабе. Я выпіў, але няшмат, п'яным я не быў. 

Ну і, дапіўшы, я даў зразумець, што ўсё, мне трэба ісці. 

Але тут ён сказаў: «Ну ты ж напэўна стаміўся, не хочаш паспаць? Трохі паваляйся перад цягніком».

Я адмаўляўся, ён настойваў, я прысеў на матрац, а ён выйшаў у калідор да дзвярэй і нешта там вошкаўся. Як я зразумеў па гуках, замкнуў дзверы. Атмасфера ўжо стала напружанай, але ён быў разняволены, смяяўся, я не думаў, што зараз адбудзецца нешта не тое. Ён вярнуўся і падышоў да мяне, я ў гэты момант павярнуў галаву на рэзкі гук з тэлевізара, ён паклаў руку на шыю ззаду і пачаў рабіць масаж.

Я сказаў, што не трэба масажу. «Не, давай, кладзіся, зраблю табе масаж». 

Я зноў адмовіўся, а пасля гэтага… Ён заламіў мне левую руку і наваліўся ззаду. Ён даволі здаровы мужчына, я ж тады добра калі важыў якіх 55 кілаграм. 

Адразу ж ён сцягнуў штаны ці шорты, не памятаю, што ў той дзень на мне было, і заціснуў маю галаву ў матрац. 

Ну і… карацей кажучы… ён… плюнуўшы на руку…

Цягнулася гэта хвілін 10. Спачатку я крычаў і адбіваўся. Зразумеў, што не вырвуся, рукамі неяк спрабаваў адбівацца, але чым мацней, тым мацней мне балела — ён скручваў руку, я ўжо крычаў ад болю, а таксама балюча было ад таго, што ён робіць. І так, я крычаў, дастаткова гучна… Не, я не дадумаўся крычаць «ратуйце», я крычаў «ад**біся», «сука», «сволач». 

Ці казаў ён нешта ў гэты час, я не памятаю. Пасля ён злез і пайшоў у ванны пакой ці куды там.

Я адразу не збег, падумаў, што гэта бессэнсоўна — дзверы замкнёныя, ён пачуе. Ён вярнуўся і сказаў: «Ідзі ў ванную».

Я ў шоку пайшоў у ванную, быў там хвілін 20. 

Ч. тады спытаў, што б я хацеў з прадуктаў. Я сказаў, што адзінае, чаго я хачу, — сысці.

«Я цябе правяду». — «Не трэба». — «Я тады буду ісці за табой, каб з табой нічога не здарылася».

Ён нешта апрануў, выйшаў, але я не азіраўся. Не ведаю, ці ішоў ён. На вакзале я яго не бачыў.

Разумееце, я верыў, што ён нармальны, я не разлічваў на такую развязку. Я тады нават не думаў, што гэта злачынства. Так, ён удакладняў у мяне, ці быў у мяне сэкс, а да таго ў мяне быў сэкс два разы прыкладна з маімі аднагодкамі.

Цяпер я не магу сказаць нават, колькі мне дакладна было — 15 ці 16. Чаму не магу? Бо дзень народзінаў у мяне летам, і паехаў я летам. Гэта значыць, або 15, або 16 [У гэтым ёсць прынцыповая розніца. У Беларусі ўзрост палавой згоды — 16 гадоў. Значыцца, калі 16-гадовы падлетак і 30-гадовы мужчына займаюцца сэксам па ўзаемнай згодзе, ніякага пакарання ім не будзе. Іншая справа — пры сітуацыі з імаверным гвалтам — HH].

Пра той выпадак я нікому не расказваў, тым больш бацькам — яны тады не ведалі нават, што я гей. Потым Ч. пісаў мне і некалькі разоў званіў, але я яму не адказваў.

Першы раз я расказаў пра гэты выпадак сябрам некалькі год таму, калі здарыўся нейкі скандал на Tut.by і Ч. звольнілі. Мне тады параілі ісці ў міліцыю, але я падумаў, што наўрад ці ў мяне прымуць такую заяву.

А цяпер мяне раз'юшыла кампанія падтрымкі Ч. Ёсць дыскусія — падтрымліваць вызваленне Ч. ці не? Я думаю, што трэба выказвацца супраць фіктыўных спраў, але і не разумею, чаму дагутэль не ўсплылі гісторыі, як ён круціўся вакол падлеткаў і разбэшчваў іх. Многія пра гэта ведаюць, я перакананы, што я быў не адзін такі», — сказаў «Нашай Ніве» 30-гадовы Максім. 

Каментары79

Міністрам культуры прызначаны артыст Руслан Чарнецкі

Грамадстваабноўлена

Міністрам культуры прызначаны артыст Руслан Чарнецкі

Усе навіны →
Усе навіны

Якім будзе надвор'е ў першы тыдзень снежня1

Бондарава абрынулася на музей Янкі Купалы і мастака Сушу50

«Дональд, як малады палітык, не разумее…» Што Лукашэнка раней казаў пра Трампа10

Жонка футбаліста зборнай параўнала цэны ў Zara ў Беларусі і Венгрыі16

Башар Асад вярнуўся ў Дамаск і рыхтуецца даць адпор паўстанцам16

Пратэсты ў Грузіі радыкалізуюцца: на вадамёты адказваюць феерверкамі і кактэйлямі Молатава23

Апошні рывок. Што будзе гэтай зімой на полі бою ва Украіне?2

Сяргей Бульба вінаваціць у арэндных праблемах сваёй арганізацыі мінулае кіраўніцтва. Тое ўсё адмаўляе19

У Лідскім раёне загарэўся цягнік2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Міністрам культуры прызначаны артыст Руслан Чарнецкі

Грамадстваабноўлена

Міністрам культуры прызначаны артыст Руслан Чарнецкі

Галоўнае
Усе навіны →