Украінскага рэжысёра Алега Сянцова вывезлі з калоніі №8 у расійскім горадзе Лабытнанга. Як паведамляе Telegram-канал Baza са спасылкай на крыніцу ў спецаддзеле калоніі, дзе менавіта знаходзіцца цяпер Сянцоў — невядома.
Мяркуецца, што рэжысёра могуць абмяняць на расійскага журналіста Кірыла Вышынскага, вызваленага раней судом у Кіеве.
Адвакат Дзмітрый Дынзе пакуль не пацвярджае інфармацыю аб этапаванні Сянцова з Лабытнангі. Па словах праваабаронцаў, некалькі дзён таму ён быў там, атрымаў лісты. Пры гэтым дапускаецца, што Сянцова маглі перавезці авіяцыяй на працягу аднаго дня.
Кірыла Вышынскага 28 жніўня вызвалілі ў Кіеве з-пад варты пад асабістае паручальніцтва — журналіст будзе абавязаны з'яўляцца ў суд або да следчага па першым патрабаванні. Пад вартай ён знаходзіўся 400 дзён. Журналіст быў арыштаваны ў маі 2018 года па абвінавачванні ў дзяржздрадзе і падтрымцы «ДНР» і «ЛНР».
Каментары