Няшчасны выпадак адбыўся днём 14 сакавіка ў гаражным масіве ў Баранавічах.
У Баранавіцкі ГРАНС у 10.55 паведамілі, што пры правядзенні работ па гідраізаляцыі нулявога цыкла будаўніцтва гаража (глыбіня 2,5 метра) па галаву засыпала грунтам чалавека.
Ратавальнікі з дапамогай рыдлёвак і падручных сродкаў адкапалі 67-гадовага мужчыну. Пацярпелага з траўмамі адвезлі ў бальніцу.
Як распавёў Intex-press ўладальнік гаража, работы на месцы здарэння вяліся ўжо два тыдні.
— Сёння побач праехаў цягнік і з-за вібрацыі абсыпалася зямля. У гэты момант на будоўлі працавалі двое маіх знаёмых: адзін паспеў адскочыць, другога засыпала. Спярша той, які выратаваўся, спрабаваў сам адкапаць напарніка, але не змог і вырашыў выклікаць МНС, — паведаміў мужчына.
Паводле яго слоў, у пацярпелага мужчыны зламаная нага.
— Я вельмі ўдзячны выратавальнікам, што яны хутка адрэагавалі і ўсё абышлося без сур'ёзных наступстваў, — сказаў уладальнік гаража.
Каментары