Фота Яўгена Ерчака
Сёння раніцай і вечарам на будынку Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі з’явяцца спрадвечныя беларускія словы, аб’яднаныя дэвізам «Слоў не крышыць ні век, ні тапор» (Якуб Колас), піша Радыё Рацыя.
У Міжнародны дзень роднай мовы, які адзначаецца ў гэтым годзе ўжо 20 раз, на вонкавым электронным светлавым табло бібліятэкі можна будзе ўбачыць не толькі традыцыйныя цытаты класікаў нацыянальнай літаратуры пра беларускую мову, але і словы, якія адрозніваюць нас ад іншых народаў.
«Для папулярызацыі роднай мовы сярод беларусаў мы выбралі тую лексіку, якая паказвае спецыфіку характару і быту, адносінаў да жыцця і акаляючага асяроддзя нашых суайчыннікаў, асаблівасці гучання і напісання нашай мовы», — адзначае першы намеснік дырэктара Алена Далгаполава. Кожны жадаючы зможа паспрабаваць успомніць, што такое «багоўка», «усцяж» і «крынічыць».
Для тых жа, хто вырашыць праверыць свае здагадкі ці даведацца нешта новае, значэнні слоў будуць размешчаны у афіцыйных групах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ў сацыяльных сетках.
Каментары