Рыгор Астапеня: Чаму ў барацьбе з карупцыянерамі так мала сэнсу
Аляксандр Лукашэнка «ў 25-ы раз» прайшоўся па тэме карупцыі. Калі коратка, пакаранні стануць больш жорсткімі, а карупцыянераў больш не будуць рассылаць па калгасах. Гэта абсалютна правільна, але насамрэч не вырашае галоўную праблему беларускай карупцыі. Піша старшыня Цэнтра новых ідэй Рыгор Астапеня.
Беларуская ўлада настолькі доўга змагаецца з карупцыяй, што многія перасталі ўжо ў гэтую барацьбу верыць, хоць апошнія пару гадоў усё даволі сур'ёзна. Колькасць крымінальных спраў б'е рэкорды, а на змену эпічнай «справы мытнікаў» хутка выйдзе новы сезон пра «медыкаў».
Апытанні Даследчага цэнтра ІПМ паказваюць: беларускія бізнэсоўцы кажуць, што сітуацыя з карупцыяй становіцца крышачку, але ўсё ж лепш. Беларусь — адзіная краіна сярод суседзяў, якая выразна становіцца менш карупцыйнай, паводле Індэкса ўспрыняцця карупцыі Transparency International.
Без сумневаў, улада вартая ўхвалы за свой антыкарупцыйны запал. Але варта задаць пытанне: а ў чым прычына беларускай карупцыі — у тым, што ўлада раней не была жорсткай? Ці прычына ў тым, што ў Беларусі створана выдатная сістэма, каб чыноўнікі і дырэктары дзяржпрадпрыемстваў маглі займацца карупцыяй?
Хутчэй другое, чым першае. Ледзь не ўся беларуская сістэма пабудавана на непразрыстасці і непадсправаздачнасці — гэта балота, і дзівіцца, што ў ім завяліся несумленныя людзі, даволі наіўна.
Нядаўна Аляксандр Лукашэнка расказаў, што ў аднаго з яго памочнікаў у дэкларацыі знайшліся «пад дзясятак аўтамабіляў, пад дзясятак кватэраў» і таму ўзнікла пытанне, ці не карупцыянер ён. Насамрэч, калі б СМІ мелі доступ да дэкларацый чыноўнікаў (як у многіх цывілізаваных краінах), то факты карупцыі маглі б усплыць куды раней.
У Беларусі асноўнай працэдурай дзяржаўных закупак застаецца «закупка з адной крыніцы». Гэта значыць, што, па вялікім рахунку, сумы, якія плацяць дзяржаўныя прадпрыемствы або ўстановы, могуць брацца ледзь не з галавы. Іншыя працэдуры ж таксама лёгка ператварыць у фіктыўныя, падрыхтаваўшы апісанне закупкі такім чынам, каб перамог ужо загадзя вызначаны контрагент.
Дзякуючы гэтаму дырэктар ледзь жывога дзяржпрадпрыемства можа атрымліваць сотні тысяч еўра праз даволі банальныя схемы. Мала хто ў Беларусі здзівіцца, што ў прынцыпе, каб прыватніку дамовіцца пра штосьці з буйным дзяржпрадпрыемствам, то трэба гэтую дамову «падмазаць» (ці прапанаваць «супольна зарабіць») — і за гэта можна, вядома, «прысесці».
Наша нелюбоў да празрыстасці настолькі вялікая, што Беларусь — адзіная дзяржава з 49, якая ўваходзяць у антыкарупцыйную групу Рады Еўропы, але не публікуе ў адкрытым доступе сваю справаздачу па барацьбе з карупцыяй.
Прыкладаў, калі сама сістэма спрыяе карупцыі, можна прыводзіць яшчэ шмат: дадайце сюды рэгуляцыі, праверкі, незалежнасць судоў і гэтак далей. Таму нічога дзіўнага, што, паводле Глабальнага барометра карупцыі, толькі 10% беларусаў лічаць, што «звычайныя людзі могуць паўплываць на ўзровень карупцыі». Гэта самы нізкі паказчык у свеце.
Калі паглядзець на ўсе гэтыя праблемы яшчэ раз, то бачна, што яны да карупцыі маюць не такое і вялікае дачыненне. Насамрэч яны звязаныя з якасцю дзяржаўнага кіравання. Зірнуўшы на краіны, якія знаходзяцца ўверсе Індэкса ўспрыняцця карупцыі, можна ўбачыць, што ўсе яны ледзь з ідэальным дзяржкіраваннем. Там ёсць Сінгапур і Ганконг, да дэмакратычнасці якіх могуць узнікнуць пытанні, але да якасці бюракратыі там не падкапацца.
Улада можа яшчэ даволі доўга гуляцца ў жорсткую барацьбу з карупцыянерамі, але насамрэч у гэтым мала сэнсу. Куды больш важна чысціць балота дзяржаўнага кіравання, робячы яго празрыстым і падсправаздачным.
Каментары