«Чаму расcтрэлы ў Курапатах валяць на НКВД? Можа, гэта нацысты?» — Іван Ермакоў распавёў пра свае камуністычныя погляды і наезд на актывістаў
Іван Ермакоў, дырэктар па развіцці кампаніі «Вітсвітбуд» (яна займаецца мантажом ліфтаў) разам з жонкай Стэлай Чырковай 13 чэрвеня трапілі ў навіны. Іх «Мазда» зачапіла некалькіх актывістаў каля рэстарана «Паедзем, паядзім».
Чытайце: Скандал у Курапатах: колішняя тэлевядучая БТ і яе муж-бізнэсмен наехалі на аўто на двух пікетоўцаў
«Наша Ніва» звязалася з Іванам Ермаковым, каб ён растлумачыў свой пункт гледжання і на канфлікт вакол Курапатаў, і ўвогуле на жыццё.
Наша Ніва: Што здарылася каля рэстарана?
Іван Ермакоў: Вы ж бачылі відэа, на запісе ўсё ёсць.
— Але вы ж маглі нанесці пашкоджанні чалавеку.
— Там тыя актывісты здымалі ўсё на відэа. Каб мы нанеслі каму з іх шкоду, то яны б самі выклалі прыгожае відэа. А так машына спынілася, яны паспрабавалі біцца аб яе, кідацца на капот і крычаць, як пацярпелыя… Ну не атрымалася ў іх.
— Вы паскардзіліся на іх у міліцыю?
— Ну а які ў мяне выбар? Канечне. Там была машына ДАІ, мы апісалі ім сітуацыю.
— Актывісты пашкодзілі вам машыну?
— Не. Паабражалі мяне, пакрычалі — і ўсё.
— За абразы не пойдзеце пісаць заяву ў міліцыю?
— Пайду толькі ў выпадку, калі здарыцца напад і будзе патрэбная абарона. Бо зараз ідзе моцнае цкаванне, пагрозы. Пішуць у сацсетках: «Валіце ў Маскву», «Чамадан, вакзал, Расія!»
— Кажуць, вы не першы раз сутыкаецеся ля таго рэстарана з пратэстоўцамі.
— Так. Першы раз я проста заўважыў сцягі і пад’ехаў паглядзець, за што выступаюць. Раней я той рэстаран і не заўважаў.
Пад’ехаў, на мяне адразу пачалі нападаць, пасля брашурку нейкую далі.
У наступны раз я пад’ехаў, а яны ізноў нападаюць. Ну, слухайце, людзі, калі вы не ідзяце на дыялог — значыць, я буду хадзіць у гэты рэстаран.
— Прынцыпова будзеце хадзіць?
— Яны ж самі ўсё зрабілі наадварот, так. Перайшлі рысу.
— Але ж якое меркаванне вам бліжэйшае? Што прайшоў час і будаваць можна? Ці што такая ўстанова і такім спрэчным шляхам не мусіла з’явіцца?
— Калі ў Мінску адміністрацыя працуе і мае ўладу, то яна мусіць разбірацца з пытаннем. Мы тут прычым, як грамадзяне?
Калі адміністрацыя дазволіла на той тэрыторыі быць рэстарану — усё, значыць аб’ект існуе. Ён мусіць эканамічна быць апраўданым, працаваць, плаціць падаткі, у тым ліку каб з іх пабудаваць мемарыяльны комплекс.
Навошта аб’ект, у які ўклалі кучу грошай, знішчаць? Які ў тым сэнс?
— А вы самі як ставіцеся да Курапатаў? Можа, для вас гэта проста лясочак?
— Там былі нейкія забойствы, былі нейкія расстрэлы. Пытанне патрабуе разбіральніцтва: хто страляў, калі страляў? Чаму ўсё валяць на НКВД? А можа, гэта нацысты? Бо была ж вайна на гэтай тэрыторыі. Трэба разбірацца, хто там, што там.
Называюць лічбы ў 200—250 тысяч расстраляных. У Мінску агулам было столькі насельніцтва ў той час. Адкуль вы ўзялі 200 тысяч мужчын, якіх там паклалі?
— Пра вас кажуць, што вы вельмі сімпатызуеце камуністам. Вось і пра НКВД так выказваецеся…
— А чаму не?
— Кажуць проста, што гэта паўплывала на ваш пераезд у Мінск: маўляў, Беларусь найбольш падобная на СССР.
— Скажам так: Беларусь з савецкага мінулага ўзяла шмат добрага і тое захавала. Таму тут добра, камфортна, працуе сацыяльная абарона, сістэма адукацыі.
— А што вас натхняе ў камунізме? Бо такі пункт гледжання не вельмі папулярны сёння, дый працуеце вы фактычна на капіталістаў.
— Я інжынер. Арганізую складаную працу. Была б праца ў дзяржаўным сектары — я б пайшоў сюды. Я прафесіянал, не магу не працаваць.
І ў мяне добрая адукацыя. Я цікавіўся развіццём народнай гаспадаркі, рознымі мадэлямі эканомік. Глядзеў, вывучаў, параўноўваў — як працавала сістэма, колькі было заводаў. І чаму раней касмічныя караблі маглі лятаць, а сёння падаюць?
— То бок праз стан сённяшняй эканомікі вы прыйшлі да камунізму?
— Так, пачаў параўноўваць, зрабіў высновы.
— А як жа Сталін?
— У мяне ёсць досвед кіравання. І я ведаю, што такое нармальны, адукаваны, адэкватны кіраўнік, які сістэмна мысліць.
— Сталін — нармальны, адукаваны адэкватны кіраўнік з сістэмным мысленнем?
— Ну трэба ж пачытаць меркаванне ворагаў пра яго. Ён прыняў краіну з сахой, пакінуў з атамнай бомбай.
— Гэта распаўсюджаны пункт гледжання. Але ж рэпрэсіі. Мільёны забітых.
— Давайце палічым, колькі ахвяр было ў войнах. І паспрабуем запіхаць туды тыя мільёны. Дзе дэмаграфічныя ямы, калі расстрэльвалі мільёны, пакажыце мне? Дзе яны?
— Ёсць тэорыя, што лічбы рэпрэсаваных перабольшаныя. Вы ў яе верыце?
— Я не стаўлю пытанне веры. Ёсць статыстыка, дэмаграфія. Я бачу, што 27 мільёнаў загінула ў Вялікай Айчыннай, дадаць туды 60 мільёнаў рэпрэсаваных, пра якіх пісаў Салжаніцын, немагчыма.
Не было такіх маштабаў. Можна спаслацца на дадзеныя Хрушчова. Каля 3,8 мільёна зняволеных і каля 700 тысяч забітых.
— Гэта амаль мільён расстраляных і 4 мільёны людзей, чые жыцці зламалі лагерамі. Мала?
— Ну а давайце параўнаем, колькі зняволеных у ЗША у той жа час было. Колькі сёння ў зняволенні сядзіць па тэрыторыі былога СССР.
— Але ж сёння абсалютная большасць сядзіць па крымінальных справах, не па палітычных. Уявіце, што вас закрыюць на 15 гадоў проста таму, што вы не згодныя з лініяй партыі.
— Ну не так там было. Не было такога, што чалавек не згодны і яго адпраўляюць у лагер.
— А расстрэлы дзеячаў культуры? Колькі загінула па лагерах расійскіх пісьменнікаў і паэтаў? Колькі беларускіх лягло ў зямлю ў Курапатах?
— Я адмыслова ездзіў у Камбоджу, вывучаў перыяд, калі там быў генацыд і кіраваў Пол Пот, калі вынішчалі інтэлігенцыю. І вось там цэлае поле чарапоў могуць раскапаць. Там тое бачна. І краіна па сёння не аднавілася. Там відаць, што такое масавыя рэпрэсіі.
Ну не было такога ў СССР. Не відаць!
— Але ж у СССР забівалі інтэлігенцыю. Вы з Расіі — той жа Гумілёў загінуў, Мандэльштам.
— Так, гэта трагедыя вялікая. Але была ідэалагічная барацьба ў грамадстве. Кагосьці саджалі, кагосьці ставілі да сценкі. Але ж і сярод суддзяў, якія выносілі такія прысуды, і сярод НКВД маглі быць ворагі. Можа, яны свае вузкія задачы вырашалі праз жыцці людзей. Дзейнічалі як злачынцы, так, і нездарма пасля шэраг кіраўнікоў НКВД паставілі да сценкі. Ну такі быў час.
— А сёння з беларускіх ці расійскіх камуністаў вам хтосьці сімпатычны?
— Я не бачу такіх. Я падтрымаю тых, хто будзе адказваць за вынік сваёй працы. А палітыкі такога не могуць гарантаваць.
— Кажуць, вы мелі блізкія зносіны з нацболамі?
— Меў некаторых знаёмых, не больш за тое.
— Вам блізкія іх ідэі?
— Агучце канкрэтна?
— Нацыяналізм, еўразійства, «Расія для рускіх».
— Расія і вырасла таму, што была адкрытай для ўсіх краінай. Краіна вялікая, працы ўсім хопіць. «Расія для рускіх» — тое немагчыма. Колькі ж ў Расіі нацыянальнасцяў! І яны адзін аднаго узбагачаюць.
— А «Адзіная Расія»? Пуцін падабаецца?
— Таксама не выклікаюць сімпатый. Касмічныя караблі падаюць. Заводы не працуюць.
— Хто за ўсю гісторыю Расіі быў найлепшым кіраўніком?
— Аляксандр ІІІ — доўга падтрымліваў мір. І калі казаць пра цяжкасць таго, што давялося пераадолець, і якія вынікі засталіся — гэта Сталін, як ні круці. Бо гэта новыя заводы, новыя галіны эканомікі — тое, на чым сёння існуе краіна.
— Ясна. У будучыні ў «Паедзем, паядзім» яшчэ паедзеце?
— Паглядзім. Калі будзе бяспечна — значыць, паедзем. Калі вырашым, што існуе нейкая пагроза — нарывацца не будзем.
Каментары