Вядучы АНТ Дзмітрый Бачкоў расказаў, чаму ў эфіры яго ток-шоу сядзяць адныя і тыя ж людзі
На нядаўняй выставе «СМІ ў Беларусі 2018» журналісты «Нашай Нівы» пагаварылі з вядучым АНТ Дзмітрыем Бачковым, які вядзе праграму «Нашае жыццё» — гэта ток-шоу, якое прыйшло на змену «Справе прынцыпу» Вадзіма Гігіна.
Асобныя людзі раней абвінавачвалі Бачкова ў непрыхаванай цэнзуры — так, старшыня БНФ Рыгор Кастусёў наўпрост сведчыў, што дзве траціны яго словаў у адной у перадач выразалі.
«Вадзім Гігін ніколі не дазваляў сабе выразаць словы ці фразы», — казаў «Нашай Ніве» Кастусёў.
Таму мы і спыталіся ў Бачкова, што ён можа адказаць на такія папрокі.
«А вы спытайцеся ў Кастусёва, ці ён па-ранейшаму так лічыць? Я не цэнзурую праграму сыходзячы з таго, што адзін кепска гаворыць, а другі добра. У нас ёсць абмежаванне па часе, і першым пакутую я — выразаю свае падводкі, думкі. Потым выразаеш, скажам, паўторы думак удзельнікаў і гэтак далей. Гэта ў судзе кожнае слова мае значэнне, а тэлевізійны жанр трохі іншы», — сказаў тэлевядучы.
Таксама ён адказаў на пытанне, чаму ў студыі «эксперты» — гэта вечна адныя і тыя ж людзі, кшталту расійска-армянскага пісьменніка Уладзіміра Еранасяна.
«На жаль, у Беларусі такі сціплы выбар спікераў, якіх было б цікава глядзець… яскравых, якія ўмеюць цікава гаварыць, прыцягваць увагу, што мы самі шукаем такіх людзей, паверце. Для нас гэта большы галаўны боль, чым для гледача», — сказаў Бачкоў.
Мы яму не паверылі і ўказалі на відавочнае — чаму, скажам, не запрашаеце Алексіевіч?
«Не заўсёды прыходзяць, калі мы запрашаем. Мы раз-два запрасілі, калі людзі не прыйшлі, то мы разумеем, што гэта яны проста не хочуць. Сам па сабе фармат размовы адначасова цяжкі і не для ўсіх прымальны», — адказаў Бачкоў.
«Дык вы запрашалі і яна адмовілася?», — перапыталі мы.
«Я ўжо цяпер не магу сказаць. Была вялікая колькасць праграм, канечне, запрашалі, я ўпэўнены, гэта цікавы спікер, нобелеўскі лаўрэат», — сказаў Бачкоў.
Каментары