Учора сілавікі затрымалі аднаго з самых уплывовых будаўнікоў Беларусі, дырэктара круглянскай ПМК № 266 Мікалая Патрончыка, паведамляе Tut.by са спасылкамі на некалькі не звязаных паміж сабой крыніц.
— Кажуць, учора Патрончыка — у кайданкі і павялі. У Круглым гэтая падзея магутнейшая за «Дажынкі», — кажа суразмоўца TUT.BY.
Другая крыніца распавядае, што ў дачыненні да Патрончыка ўзбуджаная крымінальная справа. Яго падазраюць у крадзяжы ў асабліва буйным памеры.
— Усё вырашалася на ўзроўні самага галоўнага чалавека ў краіне (Аляксандра Лукашэнкі. — Заўвага. TUT.BY), — дадае суразмоўца.
Заслужаны будаўнік Беларусі Мікалай Патрончык кіруе самым паспяховым прадпрыемствам у горадзе Круглае Магілёўскай вобласці. Гэта дзяржаўная арганізацыя «Круглянская перасоўная механізаваная калона № 266» (ПМК), дзе працуе больш за тысячу чалавек.
Па тэлефоне на прадпрыемстве расказалі, што Патрончыка «не будзе да Новага года». Прычыну адсутнасці не патлумачылі. Абавязкі кіраўніка цяпер выконвае Сяргей Куранкоў.
У Камітэце дзяржкантролю паведамілі, што ведамства не мае інфармацыі пра крымінальны пераслед у дачыненні да Патрончыка. У КДБ таксама няма звестак на гэты конт. У Следчым камітэце не абверглі і не пацвердзілі затрыманне Патрончыка і паабяцалі пракаментаваць гэтае пытанне пазней.
Каментары