У сераду, 13 красавіка, у Мінску пасля цяжкай хваробы на 69-м годзе жыцця памёр вядомы беларускі журналіст і пісьменнік Міхаіл Кацюшэнка.
Міхаіл Кацюшэнка нарадзіўся 1 сакавіка 1947 года ў Мінску. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, Вышэйшую партыйную школу, а таксама аспірантуру Акадэміі грамадскіх навук пры ЦК КПСС.
Працаваў у газеце «Чырвоная змена», ЦК ЛКСМБ, намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Крыніца» («Роднік»), галоўным рэдактарам беларуска-нямецкага часопіса «Еўрастыль».
Але, сапраўды зорным часам Міхаіла Кацюшэнка сталі дзевяць гадоў, калі ён узначальваў моладзевую газету «Знамя юности», якая стала пры ім самым папулярным перыядычным выданнем Беларусі з рэкордным тыражом.
Пры ім і пры яго актыўным удзеле ў рэдакцыі вырасла цэлая плеяда таленавітых маладых журналістаў, што цяпер паспяхова працуюць у вядучых СМІ Беларусі.
Міхаіл Кацюшэнка быў членам Саюза пісьменнікаў Беларусі, членам Саюза журналістаў Беларусі, кандыдатам філалагічных навук. Яго раманы, аповесці, апавяданні выдаваліся ў Мінску, Маскве, Варшаве … Ён з'яўляецца аўтарам дзевяці кніг.
Каментары